Каб адносіны былі талерантнымі

- 11:06Навіны рэгіёнаў

У Чарнэльскім дзіцячым садзе — базавай школе працуюць класы і дашкольныя групы інтэграванага навучання і выхавання. Для каардынацыі работы педагогаў дзейнічае метадычнае аб’яднанне настаўнікаў, выхавальнікаў інтэграванага навучання і выхавання. У склад метадычнага аб’яднання ўваходзяць 12 педагогаў, якія працуюць з дзецьмі з АПФР.

На пасяджэннях метадычнага аб’яднання разглядаюцца пытанні арганізацыі вучэбна-выхаваўчай работы ў групах і класах інтэграванага навучання і выхавання, супрацоўніцтва настаўніка-дэфектолага і настаўнікаў класаў інтэграванага навучання і выхавання. Асноўны акцэнт зроблены на фарміраванне талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, на работу з сям’ёй, на ўключэнне гэтай катэгорыі дзяцей у калектыў аднагодкаў.

На семінары-практыкуме “Магчымасці пазакласнай работы па вучэбных прадметах у фарміраванні калектыву інтэграванага класа” педагогі падзяліліся вопытам супрацоўніцтва ў сістэме “настаўнік — вучань — бацькі”, пазнаёміліся з вынікамі праведзенага анкетавання на тэму “Адносіны да інтэграцыі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу”.

Загадчык музейнага пакоя нашай установы адукацыі Г.П.Дуніч падрыхтавала выставу “Вобразы і сімвалы народнага ручніка”. Экскурсаводамі былі вучні 5 і 8 класаў інтэграванага навучання і выхавання. Трэба адзначыць, што з роляй экскурсаводаў яны справіліся вельмі добра. Экскурсія мела вялікае выхаваўчае значэнне, таму што спрыяла павышэнню ўзроўню самаацэнкі дзяцей, што вельмі важна для іх сацыялізацыі.

Педагогі нашай установы адукацыі валодаюць тэхналогіяй арганізацыі адукацыйнага працэсу ва ўмовах навучання па агульнаадукацыйных праграмах спецыяльнай адукацыі, прымяняюць сучасныя метады і прыёмы ўключэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў калектыў аднагодкаў, вырашаюць пытанні міжасобасных адносін на ўзроўні класа. Галоўнае ў рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — улік індывідуальных асаблівасцей кожнага дзіцяці. Як вынік — дыферэнцыяцыя адукацыйнага працэсу, павышэнне якасці аказання карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.

Алена ЮХНЕВІЧ,
настаўнік-дэфектолаг, кіраўнік МА настаўнікаў, выхавальнікаў інтэграванага навучання і выхавання Чарнэльскага дзіцячага сада — базавай школы Іўеўскага раёна.