Каб быць і з хлебам, і з кветкамі. Дзе працуюць гэтым летам навучэнцы Чыркавіцкай школы

- 10:19Лето-2023, Новости, Проекты

Як у Чыркавіцкай сярэдняй школе Светлагорскага раёна выхоўваюць дастойных прадаўжальнікаў працоўных традыцый, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказалі ва ўстанове адукацыі.

Кожны дзень падрастаючае пакаленне чыркаўчан ба­чыць пераканаўчыя доказы таго, што чалавек працы варты не толькі самых лепшых слоў, але і… пэндзля мастака. У прасторным холе школы размешчана ўнікальная карцінная галерэя: 17 палотнаў у свой час былі створаны на мясцовым матэрыяле членамі Саюза мастакоў БССР. І частка прадстаўленых тут карцін прысвечана менавіта рабоце на зямлі, ударнікам з ліку былых калгаснікаў. Прыемна адзначыць, што сёння ва ўстанове адукацыі выхоўва­юць дастойных прадаўжальнікаў працоўных традыцый.

З 2019 года ў школе функцыянуюць профільныя класы аграрнай накіраванасці. Іх навучэнцы спасцігаюць азы агранамічнай навукі, актыўна ўдзельнічаюць у інтэлектуальных конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях абласнога, рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўняў. Тут ёсць свой вучэбна-доследны ўчастак, на якім дзеці старанна працуюць і летам. Вырошчва­юць бульбу, моркву, буракі, капусту. Добры ўраджай дазваляе зрабіць харчаванне вучняў больш танным.

— Гэтым летам на базе школы функцыянуюць аздараўленчы лагер дзённага знаходжання “Агеньчык” для 55 навучэнцаў і лагер працы і адпачынку “МайстарОК” для 20 чалавек. Па лініі службы занятасці рэалізаваны 2 праекты: па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі школы і па вытворчасці стэндавага абсталявання. Такім чынам нашы вучні змаглі не толькі адпачыць, але і падзарабіць. За 5 дзён, падчас якіх яны працавалі па 2 гадзіны ў дзень, атрымалі нядрэнны заробак — каля 85 руб­лёў, — расказала дырэктар школы Людміла Маісеева.

Па яе словах, з падлеткамі таксама праводзілася праф­арыентацыйная работа, былі арганізаваны экскурсіі на сельскагаспадарчае прадпрыемства “Дубрава-агра”, у пажарную ­часць № 2 Светлагорскага РАНС. Хлопцы і дзяўчаты азнаёміліся з іх дзейнасцю, пачулі ад спецыялістаў карысныя парады, як знайсці сваё прызванне і рэалізавацца ў выбранай прафесіі. 

У ліку юных удзельнікаў лагера працы і адпачынку — дзевяцікласніцы Ганна Мазур і Надзея Чарнецкая.

— Мы палолі градкі, саджалі кветкі, вырывалі пустазелле, падмяталі. Усе атрымалі працоўныя кніжкі. Не кожны можа такім пахваліцца ў 14 гадоў, — адзначыла Ганна.

— Калі мінулым летам я адпачывала ў школьным аздараўленчым летніку, назірала за працоўным лагерам і думала: у наступным годзе таксама запішуся. Так і зрабіла. На атрыманыя грошы хачу дапамагчы баць­кам сабраць мяне ў школу. Я ў сям’і самая старэйшая з дзяцей, малодшыя брат і сястра таксама школьнікі, — падзялілася Надзея.

Акрамя таго, з 24 ліпеня 15 навучэнцаў працуюць у складзе студ­атрада ў мясцовай гаспадарцы. Яны выконваюць абавязкі рабочых на збожжатаку. Гэта добрая магчымасць падзарабіць, а таксама ўнесці свой пасільны ўклад у забеспячэнне краіны хлебам.

Не спыняюць актыўнасць падчас летніх канікул і юныя валанцёры. Удзельнікі валанцёрскага атрада імя П.М.Стэфаноўскага падтрымліваюць парадак на брацкай магіле савецкіх воінаў і каля абеліска загінуўшым аднавяскоўцам аграгарадка Чыркавічы. Добраахвотнікі атрадаў “Зялёны патруль” і “Школьнае лясніцтва” дапамагаюць Чыркавіцкаму доследнаму лясніцтву, патрулю­юць разам з настаўнікамі і бацькамі мясцовы вадаём, прымаюць ­удзел у такіх акцыях, як “Дзень азелянення”, “Чысты бераг”. Атрад “Голас сэрца” аказвае адрасную дапамогу адзінокім пажылым аднавяскоўцам па гаспадарцы.

А яшчэ вучні дапамаглі пад­рыхтаваць родную школу да новага навучальнага года: рамантавалі мэблю, прыводзілі ў парадак кнігі і г.д. Увогуле кожны падлетак гэтым летам змог і адпачыць, і знайсці прымяненне сваёй маладой энергіі ў карысных справах, адзначаюць ва ўстанове адукацыі.

Аксана МЫЦЬКО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА