Каб дзеці бачылі свет

- 11:12Навіны рэгіёнаў

Хваробы органаў зроку ў апошні час займаюць другое месца ў спісе дзіцячых захворванняў. Аб гэтым паведаміла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай запуску ў Гомельскай вобласці сацыяльнага праекта “Я бачу!”, начальнік аддзела медыцынскай дапамогі дзецям і маці Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Людміла Лёгкая.

Пры гэтым, як адзначаюць спецыялісты, спадчыннасць адыходзіць на другі план, яе змяняе нагрузка на зрок, якая пастаянна павялічваецца. Не апошнюю ролю ў гэтым адыгрывае развіццё тэхналогій, захопленасць школьнікаў гаджэтамі, камп’ютарнымі і электроннымі гульнямі.

Якое ёсць выйсце? Прафілактыка і ранняя дыягностыка. Якраз на гэта і накіраваны праект “Я бачу!”, які рэалізоўваецца Беларускім дзіцячым фондам сумесна з кампаніяй мабільнага аператара Velcom пры падтрымцы мясцовых органаў улады.

Мэта праекта заключаецца ў тым, каб арганізаваць своечасовую дыягностыку і аказаць афтальмалагічную дапамогу дзецям, якія пражываюць у сельскай мясцовасці. Як правіла, для іх праблематычна з неабходнай перыядычнасцю наведваць спецыяліста, а ў некаторых рэгіёнах урач-афтальмолаг наогул адсутнічае. Цяпер жа выязныя брыгады афтальмолагаў, якія сфарміраваны ў Гомелі і Мазыры, самі прыедуць ва ўстановы адукацыі аддаленых раёнаў вобласці. Для іх работы падрыхтаваны спецыяльныя аўтамабілі, набыта афтальмалагічнае абсталяванне.

Апрабацыю дабрачынны пра ект прайшоў у мінулым годзе на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, а сёлета яго рэалізацыя распачата на Гомельшчыне. Школьнікаў аглядаюць на некалькіх апаратах, пасля чаго кожнаму дзіцяці даюць канкрэтныя рэкамендацыі, а пры неабходнасці выпісваюць рэцэпты на медыкаменты і акуляры. У складаных сітуацыях дзеці будуць накіроўвацца на кансультацыі і паглыбленую дыягностыку ў абласныя і рэспубліканскія цэнтры. Таксама ўся інфармацыя аб стане здароўя дзяцей перадаецца ў раённыя паліклінікі і класным кіраўнікам, якія пры неабходнасці праводзяць работу з бацькамі на месцах.

Да канца 2017 года мабільнымі брыгадамі ўрачоў-афтальмолагаў будзе абследавана больш як 14 тысяч дзяцей з 14 раёнаў. Зараз медыцынскія агляды ўжо праведзены ў Буда-Кашалёўскім і Жыткавіцкім раёнах. Так, па выніках аглядаў з 681 школьніка Буда-Кашалёўшчыны амаль у паловы (340 чалавек) выяўлены паталогіі.

— Пры гэтым у 73% ад колькасці дзяцей з паніжаным зрокам парушэнні зроку выяўлены ўпершыню, — расказала ўрач-афтальмолаг Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі ўдзельнік дабрачыннага праекта Лізавета Рыбакова. — Гэта значыць, ні самі дзеці, ні іх бацькі не ведалі аб праблеме, яна магла развівацца далей, перарастаючы ў больш сур’ёзныя захворванні вачэй.

У Жыткавіцкім раёне агледжаны 727 дзяцей, з якіх у 26% выяўлены паталогіі, што складае амаль 70% ад колькасці абследаваных дзяцей з паніжаным зрокам.

Найбольш часта, па словах спецыялістаў, сярод выяўленых паталогій сустракаюцца парушэнні рэфракцыі — міяпія, гіперметрапія, астыгматызм. Як паказала практыка мінулагодняй працы ў рамках праекта, сустракаюцца і сур’ёзныя выпадкі, калі дзяцей даводзіцца накіроўваць на аператыўнае ці кансерватыўнае лячэнне, а таксама на паглыбленае абследаванне.

Кіраўнікі і педагогі школ, а таксама бацькі актыўна ўключыліся ў праект. Акрамя таго, на ўзроўні ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама было вырашана пытанне падвозу дзяцей у пэўныя ўстановы адукацыі. Такая сістэма эканоміць час і дазваляе спецыялістам агледзець больш школьнікаў.

— Па статыстыцы, ад пачатку навучання дзіцяці і заканчваючы сярэдняй школай стан зроку ў школьнікаў, на жаль, значна змяняецца ў горшы бок, і гэта адна з прычын, чаму педагогі могуць быць зацікаўлены ў такой дабрачыннай акцыі, — заўважыў начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Сяргей Парошын. — Для нас гэты праект насамрэч важны. Па-першае, уключаючыся ў яго, настаўнікі нясуць інфармацыю бацькам аб неабходнасці прафілактыкі зроку. Па-другое, гэта ім самім нагадвае аб актуальнасці пытання: часта педагог першым можа заўважыць, што ў вучня ёсць праблемы са зрокам.

Праект “Я бачу!” унікальны для Беларусі. Да канца года ён ахопіць Веткаўскі, Добрушскі, Кармянскі, Лоеўскі, Чачэрскі, Брагінскі, Ельскі, Лельчыцкі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Акцябрскі, Хойніцкі раёны.

— Гэты праект — яркі прыклад прыватна-дзяржаўнага партнёрства, у якім грамадская арганізацыя, камерцыйнае прадпрыемства і дзяржава аб’ядналі свае намаганні для дасягнення пэўнага выніку ў справе дапамогі дзецям з парушэннямі зроку, — адзначыла намеснік дырэктара Беларускага дзіцячага фонду Ірына Чарнякова. — Эфект гэтай дапамогі, на наш погляд, велізарны. Мы таксама спадзяёмся, што праект яшчэ раз зверне ўвагу дарослых на клопат пра здароўе дзяцей у цэлым.

Наталля ЛУТЧАНКА.