Дзеці ў інтэрнэце як мараплаўцы-падарожнікі, што адкрылі новы экзатычны востраў. На гэтым востраве чыстае паветра, добрае надвор’е, дзівосныя расліны, цудоўныя жывёлы і, наогул, рай на першы погляд. Але з часам высвятляецца, што сустракаюцца на востраве страшэнныя цмокі, крыважэрныя пачвары і ваяўнічыя плямёны. Гэтак жа і інтэрнэт — ён дорыць новыя бязмежныя магчымасці і ў той жа час хавае небяспеку. Менавіта гэтая праблема абмяркоўвалася на Абласным бацькоўскім сходзе, які прайшоў на Міншчыне.
“Нашы дзеці трапілі ў сетку” — пад такім слоганам адбыўся Абласны бацькоўскі сход. Сёлета ён прайшоў дзясяты раз. З цягам часу змянялася форма правядзення мерапрыемства і яго ўдзельнікі, але, як і 10 гадоў назад, мерапрыемства праводзіцца з разуменнем таго, што знайсці вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць у выхаванні і навучанні дзяцей, можна толькі агульнымі намаганнямі дарослых. Сёлета тэмай сходу была выбрана “Бяспека дзяцей у інфармацыйнай прасторы”. Тэма гэтая настолькі хвалюючая, што прысвечаны ёй быў шэраг мерапрыемстваў. Спачатку ў МАІРА адбыўся круглы стол “Бяспечнае знаходжанне дзяцей у сетцы — адказнасць дарослых” з удзелам спецыялістаў упраўлення і ўстаноў адукацыі, упраўлення ўнутраных спраў і камісіі па справах непаўналетніх Мінаблвыканкама і інш. Абласны бацькоўскі сход стаў стартавым мерапрыемствам абласной тэматычнай дэкады “Бяспека дзяцей у інфармацыйнай прасторы”, якая прайшла ва ўсіх установах адукацыі вобласці. Карысныя матэрыялы па тэме, а таксама відэазапіс бацькоўскага сходу размешчаны на сайце МАІРА.
Фармат правядзення 10-га Абласнога бацькоўскага сходу адрозніваўся ад сустрэч, што праводзіліся раней. Адкрыты рэгіянальны дыялог быў арганізаваны ў рэжыме відэасувязі. У Мінскім абласным ІРА была арганізавана работа студыі, дзе сустрэліся спецыялісты розных арганізацый і ведамстваў. З МАІ РА вялася прамая трансляцыя, да якой падключаліся ўсе зацікаўленыя ў раёнах. Атрымалася, што размова аб небяспеках інтэрнэту вялася менавіта з дапамогай інтэрнэту. Гэта быццам увасобіла думку, якая не раз гучала падчас бацькоўскага сходу: мы не можам і не павінны забараняць інтэрнэт, гэта неразумна і неэфектыўна, але неабходна падпарадкаваць яго сваім правілам, правілам бяспекі.
У ролі мадэратара сустрэчы выступіла Таццяна Валянцінаўна Апраніч, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама. Разам з запрошанымі спецыялістамі былі абмеркаваны патэнцыяльныя пагрозы, якія хаваюцца ў інтэрнэце, і спосабы іх выяўлення і прафілактыкі. Таццяна Валянцінаўна адразу ж падкрэсліла, што гэтыя пагрозы існуюць і іх нельга недаацэньваць:
— Мы, бацькі, часам з замілаваннем адзначаем, што нашы дзеці з неверагоднай хуткасцю асвойваюць гаджэты і валодаюць глыбокімі ведамі аб сучасных інфармацыйных тэхналогіях. Але ці сапраўды веды глыбокія? Наколькі паводзіны дзяцей бяспечныя? — заклікала задумацца мадэратар размовы. — Статыстыка сведчыць, што больш за чвэрць дзяцей сёння гатовы пры зносінах у інтэрнэце прадаставіць інфармацыю пра сябе і сваю сям’ю. Яны з лёгкасцю паведамляюць адрасы, тэлефоны, графік работы бацькоў, інфармацыю аб каштоўных рэчах, якія ёсць дома. Могуць без сумненняў адправіць свой фотаздымак незнаёмаму чалавеку ці смс для атрымання бонусаў у гульні.
Аб асаблівасцях лічбавага пакалення дзяцей і ўплыве гаджэтаў на іх развіццё расказаў псіхолаг Віталь Анатольевіч Бацяноўскі. Так, у дашкольнікаў сяброўства з гаджэтамі можа выклікаць замаруджанне фізічнага развіцця. У гэтым узросце дапускаюцца толькі развіццёвыя гульні і строгае абмежаванне часу, што дзіця праводзіць за камп’ютарам ці з планшэтам. У школьнікаў пагружэнне ў віртуальны свет можа пашкодзіць эмацыянальнаму развіццю, якое вельмі важна на гэтым этапе і ўплывае на ўменне ў далейшым узаемадзейнічаць з людзьмі, будаваць зносіны. Віталь Анатольевіч нагадаў бацькам аб неабходнасці жывых зносін з дзецьмі. Важна дапамагчы дзіцяці знайсці справу для душы, якая б прыносіла шчырае задавальненне і магчымасць праявіць эмоцыі. Таксама важна ўмець слухаць дзіця — не ацэньваючы, не крытыкуючы, не параўноўваючы, а са шчырай зацікаўленасцю яго жыццём і захапленнямі.
Наступным госцем студыі стаў Дзмітрый Мікалаевіч Дудко, часова выконваючы абавязкі начальніка аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Мінаблвыканкама. Эксперт звярнуў увагу на тое, што інтэрнэт прапаноўвае і навязвае дзецям шкодную інфармацыю. Пераходзячы па розных спасылках, клікаючы на яркія банеры, яны могуць ненаўмысна трапіць на сайты, якія змяшчаюць сцэны жорсткасці і насілля, кантэнт экстрэмісцкага, парнаграфічнага характару. Таксама існуе пагроза кібергрумінгу і кібербулінгу. Кібергрумінг — гэта дзеянні злачынцаў па спакушэнні дзяцей у сексуальных мэтах. Кібербулінг — гэта траўля, праследаванне чалавека ў кіберпрасторы. І гэтымі страшнымі з’явамі пагрозы не абмяжоўваюцца. Няўмелыя карыстальнікі могуць скачаць шкодныя праграмы, якія, напрыклад, прадастаўляюць аддалены доступ і магчымасці кіравання камп’ютарам злачынцам. Каб пазбегнуць гэтых пагроз, Д.М.Дудко раіць не пакідаць дзіця адзін на адзін з інтэрнэтам, а таксама карыстацца паслугай “бацькоўскі кантроль”, якую прапануюць правайдары — у гэтым выпадку доступ дзяцей да патэнцыяльна небяспечных сайтаў абмяжоўваецца.
Размову працягнуў Аляксандр Міхайлавіч Чарны, начальнік ІСН Мінаблвыканкама, і звярнуў увагу ўдзельнікаў бацькоўскага сходу на яшчэ адну пагрозу — гульні і групы суіцыдальнай накіраванасці. Што рабіць бацькам, калі яны заўважылі, што дзіця ўцягнута ў такую дэструктыўную дзейнасць? Першае — шчыра паразмаўляць з сынам ці дачкой, растлумачыць небяспечнасць і наступствы ўдзелу ў такіх групах і гульнях. Калі гэта не дапамагае — звярнуцца да псіхолага. І абавязкова звярнуцца ў органы ўнутраных спраў, пры гэтым не выдаляючы групы, старонкі, паведамленні, перапіску. Усё гэта можа дапамагчы знайсці злачынца і прыцягнуць да адказнасці.
Наступны суразмоўца, Аляксей Аляксеевіч Аляксандраў, урач-псіхіятр-нарколаг Мінскага абласнога клінічнага цэнтра “Псіхіятрыя — наркалогія”, псіхатэрапеўт, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, лічыць што рызыкі ў інтэрнэце можа быць значна больш, чым мы можам сабе ўявіць. Нярэдка бацькі не гатовы ўспрымаць інфармацыю аб небяспецы і думаюць, маўляў, гэта можа здарыцца з любым, толькі не з маім дзіцем. Апошнім часам усё часцей падтрымку і адабрэнне падлеткі шукаюць не ў бацькоў, а ў віртуальных сяброў. На што яны гатовы, каб атрымаць гэтае адабрэнне, што ўвасабляецца ў “лайках” і каментарыях? Нярэдка — на рызыкоўныя, бяздумныя і эпатажныя ўчынкі. Бацькі павінны быць уважлівымі да змен у настроі, прывычак сваіх сыноў і дачок, размаўляць, пытацца, слухаць і чуць дзіця.
Падчас размовы спецыялісты абмеркавалі розныя аспекты тэмы і далі шмат парад. Абагульніў і сістэматызаваў гэтую інфармацыю Аляксандр Іванавіч Семяняка, інжынер-сістэматэхнік, адзін з распрацоўшчыкаў дапаможніка па бяспечным інтэрнэце. Ён даў канкрэтныя карысныя рэкамендацыі бацькам:
– разам з дзецьмі асвойваць і павышаць інтэрнэт-дасведчанасць;
– абмежаваць доступ дзяцей да інтэрнэту, выбіраць лімітны тарыфны план мабільнага інтэрнэту;
– усталёўваць у доме кропку доступу Wi-Fi ў падкантрольным бацькам месцы, паролем павінен загадваць дарослы і перыядычна яго мяняць;
– старацца, каб дзіця выходзіла ў інтэрнэт пад наглядам дарослых;
– наладжваць фільтр браўзера ад забароненага кантэнту;
– ведаць і кантраляваць акаўнты дзіцяці ў сацыяльных сетках, улічваючы, што іх можа быць некалькі. Вучыць дзяцей, як правільна ствараць сваю старонку, якія фота і звесткі выкладваць можна, а якія — нельга. Бацькі павінны падаваць станоўчы прыклад вядзення старонак у сацсетках сваім дзецям;
– растлумачыць дзіцяці важнасць стварэння годнага іміджу ў сетцы і расказаць аб уплыве, які гэты імідж можа аказаць на будучыню чалавека;
– праглядаць настройкі тэлефона дзіцяці, адключыць геалакацыю;
– рэгулярна праглядаць гісторыю браўзера;
– расказваць, як у сетцы маніпулююць і нажываюцца на дзіцячай даверлівасці, прыводзіць канкрэтныя прыклады з жыцця.
А завяршыў сваё выступленне Аляксандр Іванавіч самай галоўнай парадай: “Паважаныя бацькі, праводзьце больш часу са сваімі дзецьмі ў рэальным жыцці!”.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.