Каб не згас запал у вачах

Ужо 12 гадоў у аддзеле адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама працуе таленавіты калектыў метадыстаў раённага вучэбна-метадычнага кабінета, які быў створаны з мэтай вучэбна-метадычнага забеспячэння дзейнасці ўстаноў адукацыі і стварэння ўмоў для ўдасканалення прафесійнай кампетэнцыі кіраўнікоў і педагогаў, развіцця іх ініцыятывы і творчасці ў сістэме бесперапыннай адукацыі.

Адным з напрамкаў дзейнасці ВМК з’яўляецца арганізацыя мэтанакіраванай метадычнай дапамогі маладым педагогам у набыцці практычнага вопыту. Летась ва ўстановы адукацыі Камянеччыны прыйшлі 27 маладых спецыялістаў. Усе яны з’яўляюцца членамі раённай школы маладога настаўніка.

На чарговым пасяджэнні метадычнага фарміравання маладых спецыялістаў сустракалі вопытныя калегі з сярэдняй школы № 1 Камянца на чале з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Л.А.Ацяйчук. 15 маладых педагогаў былі запрошаны на адкрытыя вучэбныя заняткі па навучанні пісьму ў 1 класе (настаўніца І.С.Мялешка), урокі замежнай мовы (настаўнікі Т.П.Залеўская і Ю.В.Бацук), матэматыкі (настаўніца А.П.Пракаповіч), беларускай мовы (настаўніца І.В.Кажухоўская), геаграфіі (настаўніца С.М.Зіноўева), хіміі (настаўніца Л.А.Ацяйчук) і фізічнай культуры і здароўя (настаўнік А.А.Мушыц), а таксама на адкрытую інфармацыйную гадзіну, падрыхтаваную настаўніцай рускай мовы і літаратуры Л.М.Вінярскай. Маладыя педагогі задавалі розныя пытанні вопытным калегам, знаёміліся з іх метадычнымі знаходкамі.
Другая палова метадычнай сустрэчы была адведзена дзелавой гульні, якую правялі намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Камянца Н.У.Міхнюк і загадчыца раённага ВМК Н.У.Кірылюк. Маладыя настаўнікі, падзеленыя на тры групы, працавалі над вырашэннем пэўных задач. Так, падчас першага задання “Знаёмства” патрабавалася адказаць на шэраг пытанняў: “Якім вы ўяўляеце сучасны вобраз школы?”, “Які настаўнік патрэбны сёння школе?” і “Ці лёгка сёння быць вучнем?”.

Маладыя педагогі адзначылі, што ў сучаснай школе важна, каб яе дзейнасць ажыццяўлялася на аснове назапашаных дасягненняў і якаснай рэалізацыі перадавых інавацыйных працэсаў. Немалаважную ролю адыгрывае і знешні выгляд установы. Сённяшняй школе патрэбны крэатыўны, творчы і камунікабельны настаўнік, які не толькі выдатна ведае свой прадмет, але і здольны да пастаяннага развіцця і самаўдасканальвання. А яшчэ педагог павінен абавязкова быць і спеваком, і танцорам, і акцёрам. Што тычыцца вучняў, то быць ім сёння адначасова і лёгка, і складана. За апошнія гады істотна ўзраслі патрабаванні да іх, але для школьнікаў ствараюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця здольнасцей.

Другое заданне, “Алфавіт”, патрабавала запісу слоў-прыметнікаў на літары алфавіта, якія адказалі б на пытанне “Якімі якасцямі павінен валодаць настаўнік?”. Трэцяе заданне было індывідуальным для кожнай групы: “Мае запаветы” (скласці спіс асноўных прафесійных запаветаў і дзеянняў настаўніка, якія садзейнічалі б паспяховаму дасягненню адукацыйных мэт), “Партрэт сучаснага настаўніка” (характарыстыка настаўніка, якая раскрывае рысы характару, уласцівасці і якасці асобы), “10 “не!” (стварыць сістэму правіл, якія не будуць садзейнічаць дасягненню пастаўленых адукацыйных мэт).

Падчас выканання задання “Вырашэнне педагагічных сітуацый” маладыя настаўнікі згадалі цікавыя сітуацыі і расказалі, як з іх выходзілі. Апошняе заданне, “Вашы прапановы”, патрабавала ад педагогаў складання прапаноў адміністрацыі школы і вучэбна-метадычнаму кабінету, якія будуць садзейнічаць павышэнню статусу настаўніка і ўдасканаленню дзейнасці школы. Настаўнікі адзначылі, што неабходна пашырыць тэматыку праграм аб’яднанняў па інтарэсах для вучняў, арганізаваць цеснае супрацоўніцтва з носьбітамі замежнай мовы. Акрамя таго, была акцэнтавана ўвага на неабходнасці павышэння адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей.

Маладая педагагічная плынь — гэта наша надзея на будучыню сістэмы адукацыі Камянеччыны, таму раённы ВМК прыкладвае шмат намаганняў для таго, каб маладыя настаўнікі засталіся вернымі абранаму педагагічнаму шляху. Хочацца спадзявацца, што яшчэ доўга не згасне запал у вачах моладзі і што менавіта яна стане ініцыятарам новых ідэй па пытаннях удасканалення дзейнасці ўстаноў адукацыі.

Надзея КІРЫЛЮК,
загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета
аддзела адукацыі, спорту і турызму Камянецкага райвыканкама.