Выстава работ прызёраў раённага экалагічнага конкурсу “Зялёная планета” дзейнічае ў аддзеле галерэйна-выставачнай дзейнасці Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя І.Х.Каладзеева. Конкурс ярка дэманструе не толькі творчыя здольнасці вучняў і педагогаў Барысаўшчыны, але і іх неабыякавасць да экалагічных праблем, а таксама глыбокую зацікаўленасць у вывучэнні роднага краю.
“Зялёная планета” — традыцыйны экалагічны творчы конкурс, што праводзіцца ў раёне Барысаўскім цэнтрам экалогіі і турызму. Ён закліканы выхоўваць беражлівае стаўленне да навакольнага асяроддзя і прыцягнуць увагу да захавання гісторыка-культурнай спадчыны Барысаўскага раёна.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаліся навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, выхаванцы ўстаноў дадатковай адукацыі розных узроставых катэгорый, а таксама педагогі ўстаноў, зацікаўленыя ў развіцці экалагічнай адукацыі і асветы.
На конкурс было прадстаўлена 77 работ, якія выканалі прадстаўнікі 26 устаноў адукацыі раёна. Дзеці бралі ўдзел у дзвюх намінацыях конкурсу і спаборнічалі ў дзвюх узроставых групах — да 11 гадоў уключна і ад 12 гадоў і старэйшыя. Трэцяя конкурсная намінацыя была для педагогаў.
Для ўдзелу ў намінацыі “Мая Барысаўшчына” канкурсанты стваралі малюнкі, што адлюстроўваюць славутасці Барысава і раёна, знакавыя і гістарычныя мясціны. Перамогу ў малодшай узроставай катэгорыі падзялілі паміж сабой Ніка Бабровіч, навучэнка сярэдняй школы № 20, і Софія Шылава, прадстаўніца сярэдняй школы № 12 Барысава. У старэйшай узроставай катэгорыі лепшымі сталі Інга Жаваранак, якая вучыцца ў сярэдняй школе № 16 Барысава, і Дзіяна Беркіна, навучэнка Аздзяціцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы.
У намінацыі “Па сцежках і сцяжынках” спаборнічалі малюнкі, што адлюстроўваюць турыстычныя маршруты ці экалагічныя сцяжыны Барысаўскага раёна. Пераможцай у катэгорыі да 11 гадоў у намінацыі стала Марыя Жызнеўская, выхаванка Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму, у старэйшай узроставай катэгорыі — навучэнка сярэдняй школы № 3 Барысава Настасся Чарнуха.
Педагогам прапанавалі прадставіць на суд журы ў асобнай намінацыі метадычныя распрацоўкі эколага-краязнаўчага маршруту па Барысаўшчыне. Перамогу паміж сабой падзялілі прадстаўніцы Барысаўскага цэнтра экалогіі і турызму Т.У.Багушэвіч і А.А.Райнеш, а таксама настаўніца ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава Н.М.Касперская.
60 работ былі адзначаны ўзнагародамі рознай ступені — іх уручылі на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця выставы. Убачыць конкурсныя работы можна да канца месяца ў цэнтральнай раённай бібліятэцы.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Барысаўскім цэнтрам экалогіі і турызму.