Каб выбар быў усвядомленым

Ва ўстановах адукацыі Дрыбінскага раёна добра разумеюць важнасць і значнасць прафарыентацыйнай работы са школьнікамі. Паўсюдна ў навучальных установах дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, арганізоўваюцца тэматычныя ўрокі, трэнінгі. Прафесійнаму самавызначэнню школьнікаў шмат у чым спрыяе і рэгіянальная мадэль прафілізацыі, якая паспяхова рэалізоўваецца ў асобных школах.

Паводле слоў загадчыцы раённага вучэбна-метадычнага кабінета Любові Тарасенка, прафарыентацыйная работа пастаянна курыруецца. Акрамя таго, спецыялістамі РВМК распрацоўваюцца дадатковыя мерапрыемствы ў гэтым кірунку.

— Каб у максімальна раннім узросце выявіць прафесійныя намеры навучэнцаў, перыядычна праводзяцца адпаведныя конкурсы, фестывалі, спаборніцтвы. У першай чвэрці сёлетняга навучальнага года з гэтай мэтай былі арганізаваны конкурс фотакалажаў “Настаўнік, ты ў памяці нашай заўсёды”, конкурс чытальнікаў “Усе прафесіі важныя, усе прафесіі патрэбныя”, а таксама спаборніцтва ў выяўленчым мастацтве “Квартэт прафесій”, — расказала Любоў Васільеўна.

Конкурс малюнкаў аб’яднаў вучняў з 2 па 8 класы. Усяго на суд журы было прадстаўлена дваццаць чатыры работы. Дзеці малявалі прафесіі сваёй сям’і, прафесіі сённяшняга дня, рабочых і спецыялістаў.

— Усе малюнкі адрозніваліся дастаткова высокім узроўнем мастацкасці. Але для нас больш важнай была іх разнастайнасць, бо творчасць найлепшым чынам садзейнічае прапагандзе прафесій сярод дзяцей. Вядома, не забыліся мы і адзначыць лепшых юных мастакоў. Трынаццаць удзельнікаў атрымалі прызавыя дыпломы ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму, — падкрэсліла Любоў Тарасенка.

Актыўна адгукнуліся дрыбінскія школьнікі і на ўдзел у конкурсе чытальнікаў. Жаданне расказаць пра важнасць і неабходнасць усіх прафесій выказалі 30 вучняў з розных куткоў раёна. Яны чыталі вершы на рускай і беларускай мовах. Па выніках творчага спаборніцтва журы прызнала лепшымі Івана Шчарбакова з Цёмналескага ВПК, Таццяну Зубкову з Трылесінскай сярэдняй школы, навучэнцаў Раснянскай сярэдняй школы Сцяпана Саакяна, Уладзіславу Лудараву і Дзіяну Комар, вучаніцу Міхееўскай сярэдняй школы Ганну Бандарэнка. Таксама многія хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ганаровыя дыпломы ў разнастайных намінацыях конкурсу.

Мерапрыемствы прафарыентацыйнай накіраванасці ў раёне праводзяць для матывацыі навучэнцаў на свядомы выбар прафесіі, але асобныя з іх нацэлены на папулярызацыю менавіта настаўніцкай работы. Прыцягненне ўвагі школьнікаў да педагагічнай дзейнасці з’яўлялася галоўнай мэтай конкурсу фотакалажаў “Настаўнік, ты ў памяці нашай заўсёды”.

— На ўдзел у гэтым конкурсе было пададзена дванаццаць заявак. Прадстаўленыя творчыя работы прадэманстравалі, наколькі вучні ўдзячны сваім педагогам. Фотакалажы былі выкананы ў розных тэхніках, але аб’ядноўваў іх агульны лейтматыў. Праз кароткія цытаты, невялікія каментарыі навучэнцы выказвалі сваю павагу, удзячнасць любімым педагогам, — адзначыла Любоў Васільеўна.

Журы было няпроста выбіраць лепшых. Тым не менш заслужаныя пераможныя дыпломы атрымалі навучэнцы Пудаўнянскай сярэдняй школы Таццяна Кізеева і Ксенія Шавялькова, вучаніца гэтай жа ўстановы Паліна Кузняцова, навучэнка Цёмналескага ВПК Алена Маліноўская і вучаніца Чарнеўскага ВПК Таццяна Буранкова.

У раённым вучэбна-метадычным кабінеце ўпэўнены: меры, якія прымаюцца ў рамках прафарыентацыі ва ўстановах адукацыі, у сукупнасці з тэматычнымі мерапрыемствамі раённага ўзроўню дапамогуць кожнаму дрыбінскаму школьніку выбраць правільны прафесійны шлях.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Дрыбінскім раённым вучэбна-метадычным кабінетам.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *