Быць сапраўдным мужчынам, ведаць аб неабходнасці абараняць Радзіму — гэтаму неабходна вучыць з дзяцінства. Калі з ранняга ўзросту не закласці такія паняцці, як мужнасць, гераізм, любоў да сваёй малой радзімы, потым будзе позна. У нашай дашкольнай установе вядзецца вялікая работа па маральна-патрыятычным выхаванні. Выхаванцы многае могуць расказаць пра свой горад, рэгіён, краіну, гісторыю і сучаснасць, дзяржаўную сімволіку. Дзеці ўсведамляюць сябе — і гэта самае важнае — беларусамі. З ранніх гадоў у іх выхоўваецца гонар за сваю краіну. А патрыятызм у найвышэйшым праяўленні, любоў да Радзімы і ёсць гатоўнасць усімі сіламі яе абараняць.
Нядаўна выхаванцы старшых груп ясляў-сада № 24 Полацка прымалі ў сябе гасцей — навучэнцаў Полацкага кадэцкага вучылішча. Дзеці з нецярплівасцю рыхтаваліся да ўрачыстай сустрэчы. Чаканне свята — гэта ўжо свята. А калі да яго рыхтуюцца разам дзеці, педагогі і бацькі, гэта стварае хатнюю, утульную атмасферу, спрыяе эмацыянальнаму, маральнаму развіццю дзяцей. З якім захапленнем, павагай і зайздрасцю глядзелі дашкаляты на падцягнутых, разумных, спрытных і прыгожых кадэтаў і вельмі хацелі стаць падобнымі на іх. Гэтае знаёмства надоўга пакіне ў нашых выхаванцаў хвалюючыя ўспаміны пра тое, як яны з гонарам паказвалі будучым афіцэрам сваю ваенную падрыхтоўку: уменне хадзіць страявым крокам, умела рабіць перастраенне ў калонах, пераадольваць паласу перашкод. У вясёлай і сяброўскай атмасферы прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, у якіх дашкаляты і кадэты прадэманстравалі трывалыя веды і кемлівасць, сілу, спрыт і ўменне перамагаць. Лірычны і кранальны вальс у выкананні ўдзельнікаў танцавальнага гуртка, прысвечаны гасцям, стаў упрыгажэннем свята. Вынікам святочнага мерапрыемства, падрыхтаванага кіраўніком фізвыхавання А.В.Ястрабавай, выхавальнікамі І.А.Генеральчык, Ж.В.Балотнікавай і музычным кіраўніком М.Л.Белаус, стаў сумесны салодкі стол. Адным словам, свята атрымалася на славу! Мы вельмі спадзяёмся, што такія сустрэчы стануць для нашай дашкольнай установы традыцыяй.
Ірына ДЗЯНІКІНА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 24 Полацка.