Пазнаюць азы ваеннай прафесіі навучэнцы Гродзенскага абласнога кадэцкага вучылішча ў ваенна-патрыятычным лагеры, які летам працуе на базе ваеннага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Ваенна-палявыя зборы праходзяць тут і навучэнцы гімназіі № 4 Гродна.
Праграма збораў вельмі насычаная: вывучэнне агульнавайсковага статута, тапаграфічная і тактычная падрыхтоўка, радыяцыйная і хімічная ахова, вымярэнні ў палявых умовах. Акрамя тэарэтычных заняткаў, ёсць і практычныя — стральба з малакалібернай вінтоўкі, дзейнасць у экстрэмальных умовах, адпрацоўка на трэнажорах навыкаў ваджэння танка. Вялікая ўвага ўдзяляецца спартыўнай падрыхтоўцы: акрамя штодзённай 30-хвіліннай ранішняй зарадкі і заняткаў на працягу дня, адбываецца марш-кідок з поўнай выкладкай.
— У гэтым годзе ў лагеры быў 51 кадэт, і сярод іх 13 дзяўчат, і 20 навучэнцаў гімназіі, — расказвае выконваючы абавязкі намесніка начальніка ваеннага факультэта па ідэалагічнай рабоце Яўген Скіба. — Заняткі з імі праводзілі выкладчыкі ваеннага факультэта. Ваенны факультэт і абласное кадэцкае вучылішча цесна супрацоўнічаюць, штогод яго выпускнікі становяцца курсантамі нашага факультэта. Арганізацыя ваенна-патрыятычнага лагера дазваляе кадэтам больш даведацца пра факультэт, убачыць умовы навучання. Супрацоўнічаем мы і з сярэдняй школай № 38 Гродна, гімназіяй № 4.
Настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі гімназіі Аляксандр Радзівонаў падкрэслівае, што матэрыяльная база ваеннага факультэта дазваляе правесці зборы ў рамках вучэбнага прадмета “Дапрызыўная падрыхтоўка” на высокім узроўні. І толькі пасля заканчэння збораў і атрымання адзнакі хлопцы пасля 10 класа пераводзяцца ў 11 клас.
Жывуць кадэты ў лагеры ў палатках па 20 чалавек, самі падтрымліваюць парадак і чысціню. У палатцы дзяўчат ёсць паслабленне — люстэрка. І побач — гітара. Ну як без рамантыкі, нават на ваенных зборах.
Кадэт Марыя Міхно гаворыць, што лагер — гэта вельмі добрая падрыхтоўка да будучай прафесіі. Тут яны напружана працуюць, а адпачываць будуць на канікулах, дадае кадэт Сяргей Сільвановіч.
Максім Піцко адвучыўся ў кадэцкім вучылішчы першы год. 1 верасня пойдзе ў 9 клас. А летам у ваенна-патрыятычным лагеры паспрабаваў сябе ўжо ў ролі вадзіцеля сапраўднай баявой тэхнікі. Праўда, на трэнажоры-стымулятары. Але ўражанні ад язды па бездарожжы надалі адрэналіну.
— Я хачу стаць ваенным, — гаворыць Максім, — дзевяць дзён у лагеры далі мне добрае ўяўленне аб будучай прафесіі.
Па выніках работы лагера і збораў лепшыя кадэты і навучэнцы гімназіі атрымалі граматы ваеннага факультэта ГрДУ за высокія дасягненні і актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.