Кадры для вытворчасці заўтрашняга дня

- 11:23Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка ў ходзе рабочай паездкі на Віцебшчыну 5 лістапада наведаў шэраг устаноў адукацыі, Аршанскі авіярамонтны завод і прыняў удзел у адкрыцці рэсурснага цэнтра машынабудаўнічага профілю на базе Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа.

Ганаровыя госці каледжа знаёмяцца з матэрыяльна-тэхнічнай базай рэсурснага цэнтра; навучэнцы Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа на занятках у лабараторыях рэсурснага цэнтра; адкрыццё дзіцячай ІТ-акадэміі “КомпАС”.

Ганаровымі гасцямі ўрачыстасці таксама сталі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Аршанскага райвыканкама Ігар Ісачанка, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, прадстаўнікі абласных і раённых органаў выканаўчай улады, кіраўнікі вядучых галіновых прадпрыемстваў рэгіёна.

— Напэўна, самае галоўнае сёння для сучаснага прадпрыем­ства — атрымаць высакакласнага спецыяліста, — адзначыў падчас цырымоніі адкрыцця Мікалай Шарснёў. — Наша задача — каб выпускнік каледжа, ліцэя, установы вышэйшай адукацыі прыхо­дзіў падрыхтаваным нават не ў роўнай ступені з тымі, хто працуе на вытворчасці, а на галаву вышэй. Для гэтага найперш патрабуецца адпаведная матэрыяльна-тэхнічная база, на якой высакакласныя педагогі могуць даць адукацыю, якая адпавядае патрабаванням прамысловай вытворчасці, сфарміраваць веды і прафесійныя навыкі будучых высакакласных спецыялістаў: такую базу мы бачым у рэсурсным цэнтры. Тут невыпадкова прысутнічаюць дырэктары нашых заводаў, бо адзіны шлях — працаваць у цеснай звязцы адукацыі і рэальнага сектара эканомікі, даючы навучэнцам дадатковую практыку, каб яны ведалі вытворчасць, а кіраўнікі прадпрыемстваў ведалі патрэбы і адчувалі ўзровень будучых рабочых і спецыялістаў. Мы імкнёмся, каб на Віцебшчыне гэты рух, паказчыкам якога з’яўляецца адкрыццё рэсурснага цэнтра, набываў усё больш маштабны характар. Мы спа­дзяёмся на нашу моладзь. Вы — будучыня краіны, вам яе ства­раць і станавіцца тымі, хто плёнам працы праславіць сваю малую радзіму, дзе вы нарадзіліся, выраслі і вучыліся. Хацелася б, каб з маладзёжнай каманды, якая тут прысутнічае, выйшла вялікая колькасць высакакласных спецыялістаў, паважаных і аўтарытэтных у грамадстве людзей.

Дырэктар Аршанскага дзяр­жаў­нага механіка-эканамічнага каледжа Наталля Дзерваед азнаёміла з агульнай сістэ­май падрыхтоўкі кадраў ва ўстанове адукацыі і структурай рэсурснага цэнтра, створанага ў адпаведнасці з даручэннем Саўміна і загадам міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь. У рэсурсным цэнтры ўстаноўлена і папаўняецца сучаснае абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе для правядзення лабараторна-практычных заняткаў, вучэбных і вытворчых практык з навучэнцамі дзённай і завочнай формы атрымання адукацыі. Тут будуць праходзіць навучанне навучэнцы і студэнты іншых устаноў прафесійнай адукацыі краіны, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку кадраў для машынабудавання. Для гасцей правялі экскурсію па новых лабараторыях электратэхнікі і асноў электронікі, гідрапрывода і гідрапнеўматыкі, тэхналогій машынабудавання, матэрыялазнаўства, тэхналогій і выпрабавання матэрыялаў, азнаёмілі з работай майстэрні фрэзернай і такарнай апрацоўкі матэрыялаў і віртуальнай механічнай майстэрні малагабарытных станкоў з праграмным кіраваннем.

— У нашай краіне ўжо стала добрай традыцыяй напярэдадні свята дарыць працоўныя падарункі, — акцэнтаваў увагу Ігар Карпенка. — Думаю, што адкрыццё на базе каледжа рэсурснага цэнтра — не толькі значная па­дзея для раёна і вобласці, але і ў цэлым рэалізацыя той маштабнай праграмы мадэрнізацыі сістэмы адукацыі, якая дазволіць зрабіць падрыхтоўку спецыялістаў яшчэ больш практыка-арыентаванай на сучасным абсталяванні і тэхніцы. Для Аршаншчыны гэта значна ў­двая, бо тут адбываецца маштабная мадэрнізацыя вытворчасцей і, канечне, прадпрыемствам патрэбны высокакваліфікаваныя кадры. Акрамя таго, база рэсурснага цэнтра можа выкарыстоўвацца для шырокай прафарыентацыйнай работы, дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Разам з тым сюды змогуць прыязджаць навучэнцы з каледжаў вобласці, каб адпрацаваць і на­быць на новым абсталяванні ўсе неабходныя ўменні і навыкі. Перакананы, што рэсурсны цэнтр будзе працаваць прадукцыйна, эфектыўна і стане вялікай пляцоўкай для падрыхтоўкі маладых прафесіяналаў і ўдзельнікаў міжнародных конкурсаў WorldSkills, дасць новы штуршок да развіцця эканамічнага патэнцыялу рэгіёна.

Міністр адукацыі расказаў, што на Віцебшчыне ўжо працуе пяць рэсурсных цэнтраў, гэты стаў шостым. Усяго ў Беларусі на цяперашні момант дзейнічае 48 рэсурсных цэнтраў, з іх 15 аснашчаны па апошнім слове тэхнікі. Сетка рэсурсных цэнтраў збалансавана і адпавядае сучасным і прагназаваным у будучыні патрэбам рэгіянальных вытворчасцей. У прыклад Ігар Карпенка прывёў рэсурсныя цэнтры ў Маладзечне з унікальным абсталяваннем для падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў харчовай вытворчасці, а таксама ў Мінску па напрамку аўтамабілебудавання, дзе нядаўна сумесна з кітайскай кампаніяй быў адкрыты кабінет па дызельных рухавіках стандарту Еўра-5 і Еўра-6. Вытворца яшчэ рыхтуецца вырабляць такія маторы, а навучэнцы ўжо працуюць на новым абсталяванні, і заўтра ў “Вялікі камень” прыйдуць дасведчаныя, падрыхтаваныя выпускнікі, якія змогуць эфектыўна выкарыстоўваць атрыманыя веды.

— Рэсурсныя цэнтры дазваляюць рацыянальна размяркоўваць фінансавыя рэсурсы і падтрымліваць узровень абсталявання ў актуальным стане, сеткавым спосабам накіроўваць на падрыхтоўку па сумежных спецыяльнасцях навучэнцаў і студэнтаў устаноў прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, што, у сваю чаргу, дапамагае пазбегнуць неапраўданых выдаткаў на набыццё абсталявання, якое ва ўстановах прафесійнай адукацыі выкарыстоўваецца ў пэўны невялікі прамежак часу: у гэтым выпадку яно загружана на працягу года, — расказаў Ігар Васільевіч. — Для гэтага мы заклалі пэўныя нормы ў заканадаўчую базу, далі ўстановам прафадукацыі магчымасць перайсці на прыкладны вучэбны план. Таксама сеткавае ўзаемадзеянне павінна вызначыць фармат руху навучэнцаў у рэсурсных цэнтрах — гаворка пра тое, на якіх умовах яны сюды прыйдуць, ад пражывання да харчавання. Акрамя таго, рэсурсныя цэнтры будуць выкарыстоўвацца для перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі дарослых і як базавыя пляцоўкі для падрыхтоўкі да рэспубліканскага і міжнародных конкурсаў WorldSkills. Важна, што на падобных пляцоўках бу­дзе адпрацоўвацца змест падрыхтоўкі кадраў па гэтым напрамку: такім чынам мы можам вывучаць найноўшыя матэрыялы, тэхналогіі, інструменты і абсталяванне, удасканальваць вучэбныя планы, праграмы і, адпаведна, разам з нашымі навучэнцамі не проста ісці ў нагу з часам, а апярэджваць яго ў вырашэнні задач прафесійнай адукацыі.

У канферэнц-зале кале­джа адбыўся круглы стол з удзелам міністра, кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання і прадстаўнікоў арганізацый — заказчыкаў кадраў, дзе разглядаліся перспектывы развіцця прадпрыемстваў машынабудаўнічай галіны і патрэба рэгіёна ў рабочых кадрах па спецыяльнасці “Механічная апрацоўка металу на станках і лініях”, каардынацыя дзейнасці кале­джа і прадпрыемстваў па арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі, стажыроўкі педагагічных работнікаў, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі рабочых і спецыялістаў арганізацый — заказчыкаў кадраў. У размове былі закрануты існуючыя праблемныя моманты, выказаны шэраг прапаноў па спосабах іх вырашэння. Так, генеральны дырэктар Аршанскага авіярамонтнага завода Павел Случак папрасіў арганіза­ваць у краіне падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў для авіярамонтнай вытворчасці (запыт на такія кадры вялікі, а іх дэфіцыт відавочны) і прапанаваў задзейнічаць пры гэтым рэсурсы прадпрыемства. Па запрашэнні Паўла Аляксандравіча міністр адукацыі наведаў авіярамонтны завод у Балбасаве і падчас візіту запэўніў, што ў найбліжэйшы час пытанне будзе знята. У ліку аптымальных варыянтаў было агучана стварэнне на базе прадпрыемства профільнага каледжа — філіяла ўстановы вышэйшай адукацыі.

У Аршанскім дзяржаўным механіка-эканамічным каледжы адбылася сустрэча Ігара Карпенкі з навучэнцамі ўстаноў адукацыі горада і ўдзельнікамі WorldSkills Kazan — 2019, у ходзе якой Ігар Васільевіч уручыў падзякі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь бронзавым і сярэбраным прызёрам спаборніцтва — членам каманды краіны па JuniorSkills Ільі Калько, Максіму Царову, Максіму Парфяновічу, Мікіту Штраусу, Ільі Мельнікаву.

Наступнымі пунктамі рабочай паездкі міністра сталі Аршанскі каледж — філіял ВДУ імя П.М.Машэрава і ІТ-акадэмія
“КомпАС”. У каледжы Ігар Карпенка азнаёміўся з вучэбна-метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу і матэрыяльна-тэхнічнай базай, якая сёння значна аднавілася дзякуючы фінансавым срод­кам, выдзеленым з рэспублікан­скага бюджэту на рамонт і мадэрнізацыю. У метадычным кабінеце кіраўніка ведамства азнаёмілі з дзеючай у каледжы мадэллю падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у сферы дашкольнай адукацыі да ўдзелу ў конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills, у лабараторыі ІТ-тэхналогій — з інавацыйнымі падыходамі ў адукацыі. Пасля яркага канцэрта-прэзентацыі каледжа з удзелам вядомых на ўсю краіну калектываў мастацкай самадзейнасці і паказальнымі выступленнямі маладых спартсменаў Ігар Васільевіч правёў сустрэчу з калектывам. У фармаце адкрытага дыялогу навучэнцы і педагогі абмеркавалі пытанні прафесійнай падрыхтоўкі (у тым ліку мэтазгоднасць уніфікацыі вучэбных планаў і праграм падрыхтоўкі выхавальнікаў дашкольных устаноў і настаўнікаў пачатковых класаў на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі), працаўладкавання і размеркавання выпускнікоў, падтрымкі маладых спецыялістаў і замацавання на першым рабочым месцы.
Таксама Ігар Карпенка прыняў у­дзел у адкрыцці дзіцячай  ІТ-акадэміі “КомпАС” на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі, адкрытай пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій. Першая лабараторыя з’явілася тут у 2016 годзе. Сёння ў новых лабараторыях і майстэрнях арганізаваны заняткі 37 гурткоў па праграмаванні (у асяроддзі Scratch, Python, Java, Minecraft), вэб-дызайне, робататэхніцы (LegoWedo, Lego EV3, Аrduino), сістэмным адміністраванні, 3D-мадэляванні і камп’ютарнай графіцы. Наведваюць іх больш за 500 навучэнцаў. Распрацаваная ўпраўленнем па адукацыі Аршанскага райвыканкама канцэпцыя развіцця дзіцячай IT-акадэміі прадугледжвае ў канчатковым выніку стварэнне структуры, што дазваляе сканцэнтраваць на адной тэрыторыі навучанне і выхаванне будучых спецыялістаў тэхнічных профіляў і інфармацыйных тэхналогій з магчымасцю арганізацыі розных відаў дзейнасці ў галіне даследаванняў, выпрабаванняў, вынаходства, рацыяналізацыі, садзейнічаць выбару будучай прафесіі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.