Вопытныя кіраўнікі, настаўнікі-падзвіжнікі і цікаўныя дзеці — насычаная камандзіроўка ва ўстановы адукацыі Оршы і раёна чарговы раз пераканала, што кадры вырашаюць усё.
Орша з насельніцтвам больш за 100 000 чалавек стала трэцім горадам-лідарам па падпісцы на выданні Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” ў першым паўгоддзі гэтага года і атрымала прыз за 3-е месца. Прымаючы ўзнагароду, намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Аксана Булаўка адзначыла, што супрацоўніцтва з Выдавецкім домам выйдзе на якасна новы ўзровень. Тым больш што рэгіёну ёсць чым дзяліцца.
У сярэдняй школе № 12 Оршы назапашаны багаты вопыт па выкарыстанні новых інфармацыйных тэхналогій, а настаўніца інфарматыкі і матэматыкі Наталля Снытко праграмаваць навучыць любога. Для развіцця алгарытмічнага мыслення навучэнцаў выкарыстоўвае практыка-арыентаваныя задачы. Актыўна развівае Scratch-праграмаванне: была ўдзельніцай інавацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій і Міністэрства адукацыі па вывучэнні асноў праграмавання з 2 класа на базе мовы візуальнага праграмавання Scratch. Удзельнічае
ў рэалізацыі эксперыментальнага адукацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій Scratch + micro: bit.
— Практыка паказала, што дзеці, якія атрымалі веды на факультатыўных занятках па Scratch-праграмаванні, адчуваюць менш цяжкасцей пры вывучэнні алгарытмізацыі і праграмавання на ўроках інфарматыкі, — заўважыла Наталля Рыгораўна.
Цяпер педагог далучылася да рэалізацыі пілотнага адукацыйнага праекта Парка высокіх тэхналогій “Лабараторыя адкрыццяў”, які накіраваны на развіццё ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту цікавасці да пазнавальна-даследчай дзейнасці. Падабаецца ўсім: і настаўніцы, і вучням.
У 12-й школе дзейнічае першы ў краіне прафсаюзны прафарыентацыйны клас “Прафклас. Профіклас”. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Вольга Салтановіч, спецыялізаваны кабінет створаны для асветніцкай і прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі па асвятленні дзейнасці прадпрыемстваў, прафсаюзных арганізацый па галінах эканомікі і сацыяльнай сферы Аршанскага раёна, а таксама для патрыятычнага выхавання моладзі.
— Праект рэалізаваны Аршанскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў сумесна з Аршанскім райвыканкамам у межах мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года міру і стварэння. Мы сабралі агітацыйныя ролікі прадпрыемстваў, сістэматызавалі матэрыял аб навучальных установах Віцебскай вобласці для прафарыентацыйнай работы вучняў 8—11 класаў. На сёння 930 навучэнцаў Аршанскага раёна наведалі прафарыентацыйныя мерапрыемствы прафкласа, — паведаміла Вольга Аляксандраўна.
***
У сярэдняй школе № 21 Оршы таксама вядзецца актыўная работа па прафарыентацыі школьнікаў. Тут запусцілі работу прафарыентацыйнага клуба медыцынскай накіраванасці “Унукі Гіпакрата”. Па меркаванні дырэктара Таццяны Аланцьевай, такая форма работы дазваляе развіваць у вучняў навыкі даследчай дзейнасці і прафесійнага самавызначэння, а таксама фарміруе ў іх культуру здаровага ладу жыцця. У навучальнай установе з 2017 года навучэнцы 10 і 11 класаў на павышаным узроўні вывучаюць біялогію і хімію. Як вынік — многія з выпускнікоў сваю прафесійную дзейнасць звязваюць з медыцынай.
Заняткі ў клубе праводзіць педагог школы Алена Шаршнёва і інструктар па першай дапамозе Беларускага Чырвонага Крыжа Маргарыта Румо. Як адзначыла Алена Уладзіміраўна, праграма клуба пабудавана на чаргаванні заняткаў з экскурсіямі ў медыцынскія ўстановы.
— За пяць месяцаў дзейнасці клуба навучэнцы азнаёміліся з гісторыяй развіцця медыцыны, даведаліся, якімі асабістымі і прафесійнымі якасцямі павінен валодаць будучы медработнік. Але ж большая частка заняткаў была прысвечана набыццю практычных навыкаў. Школьнікі адпрацоўвалі прыёмы сардэчна-лёгачнай рэанімацыі на манекенах-сімулятарах, вучыліся аказваць першую дапамогу пры непраходнасці дыхальных шляхоў, рабілі перавязкі, вымяралі ціск, навучыліся карыстацца пульсаксіметрам і турнікетам. Заняткі ў клубе дазваляюць авалодаць асновамі аказання першай медыцынскай дапамогі, адпрацаваць асноўныя ўменні медыцынскага работніка, а таксама вызначыцца з выбарам будучай спецыялізацыі, — адзначыла Алена Шаршнёва.
***
У Бабініцкай сярэдняй школе Аршанскага раёна працуе высокапрафесійны педкалектыў. Тут створана максімальна камфортнае і сучаснае адукацыйнае асяроддзе. Абсталяваны класы, спартыўныя пляцоўкі, сталовая, доследны ўчастак — усё для гарманічнага развіцця асобы навучэнца. Прагрэсіўны педагагічны калектыў на чале з маладым і амбіцыйным дырэктарам Леанідам Фаміным разбураюць шаблон пра сельскую школу.
— Пасля капітальнага рамонту з мадэрнізацыяй з 2021 года школа выкарыстоўваецца як цэнтр па аказанні сацыяльна-культурных паслуг насельніцтву. Уведзены ў эксплуатацыю канферэнц-зала, баскетбольна-валейбольная пляцоўка, міні-футбольнае поле са штучным пакрыццём і агароджай, бегавая дарожка, пляцоўка вулічнага варкаўта, прышкольны доследны ўчастак, арганізаваная інклюзіўная прастора. Ва ўстанове адукацыі функцыянуюць два камп’ютарныя класы, сучасныя кабінеты біялогіі, хіміі, фізікі. У 2024 годзе адкрыты кабінет прававой накіраванасці, на пачатак 2024/2025 навучальнага года плануем адкрыць кабінет аграрнай накіраванасці. Дзейнічае гурток па вывучэнні кітайскай мовы, — расказаў дырэктар.
У школе вучыцца крыху больш за 500 дзяцей, працуе 50 педагагічных работнікаў. Ёсць тры настаўнікі-метадысты. Па выніках ЦЭ ў мінулым навучальным годзе 63% выпускнікоў пацвердзілі высокі ўзровень. Па выніках ЦТ адзін навучэнец набраў 100 балаў — па хіміі.
— Вынікі паступлення нашых выпускнікоў парадавалі: 89% навучэнцаў залічаны ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. З іх 32% — у педагагічныя УВА, у тым ліку з заключэннем дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы. Таму ў гэтым навучальным годзе плануем адкрыць групы педагагічнай накіраванасці, — дадаў Леанід Мікалаевіч.
Ён, дарэчы, з’яўляецца самым маладым дырэктарам агульнаадукацыйных устаноў Аршанскага раёна. Але за непрацяглы час кіраўніцкай дзейнасці (1 год) праявіў добрыя арганізатарскія здольнасці і стратэгічны падыход у сваёй прафесійнай дзейнасці. Напэўна, самымі каштоўнымі якасцямі маладога дырэктара з’яўляюцца паважлівае і беражлівае стаўленне да калег, уважлівасць да патрэб вучняў і бацькоў. Ён перакананы, што высокіх вынікаў можна дасягнуць толькі ў сумеснай дзейнасці.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА