Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж у вобласці (ды і за яе межамі) вельмі часта называюць менавіта так — каледж Бахановіча. Узначаліўшы ўстанову ў 1997 годзе, Алег Адамавіч ператварыў звычайнае на той час ПТВ у адну з самых паспяховых устаноў прафесійнай адукацыі краіны.
Каледж, сапраўды, уражвае размахам задум і падыходамі да іх рэалізацыі. Відавочна: тут не баяцца будаваць глабальныя планы, а самае галоўнае — ёсць творчыя, умелыя людзі, здольныя ператварыць іх у жыццё.
Пра многае, што мы бачылі ў каледжы, можна гаварыць са словам “самае” — самае першае, самае вялікае, самае сучаснае… Здаровыя амбіцыі, жаданне яшчэ больш умацаваць лідарскія пазіцыі і перфекцыянізм даюць Алегу Бахановічу і яго калектыву сілы дзейнічаць і развівацца.
Наша знаёмства з каледжам пачынаецца з тэрыторыі, якая ўжо на працягу многіх гадоў прызнаецца лепшай у абласным конкурсе сярод устаноў прафтэхадукацыі. Яшчэ не сезон, і фантаны “спяць” у чаканні цёплай вясны, але пройдзе крыху часу — і на 3,3 га зазелянее парк з паўсотняй кветкавых клумб, дэкаратыўнымі вадаёмамі і разьбянымі альтанкамі. Уся гэтая рукатворная прыгажосць створана намаганнямі навучэнцаў і работнікаў каледжа.
Сам каледж таксама нагадвае музей — разнастайныя экспазіцыі плошчай больш за 1200 м2 размешчаны ў рэкрэацыях, калідорах і асобных пакоях. У 11 залах выстаўлена больш за 10 тысяч экспанатаў, па якіх можна прасачыць асноўныя вехі і дасягненні ўстановы за 50 гадоў дзейнасці. А нядаўна ў паддашку каледжа з’явіўся яшчэ адзін — гісторыка-этнаграфічны — музей.
Увогуле, тут не пустуе ніводнае памяшканне: пад дахам — музей, у падвалах — зала ЛФК, трэнажорная, тэнісная залы. Каледж як вулей. З раніцы да вечара тут кіпіць жыццё: вучоба, праца, спорт, творчасць…
Пра якасную падрыхтоўку спецыялістаў сведчыць той факт, што выпускнікі паспяхова працаўладкоўваюцца па выбранай прафесіі. Многія працягваюць адукацыю ва ўніверсітэтах.
Тут падабраўся выдатны калектыў выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, педагогаў дадатковай адукацыі, выхавальнікаў. Сярод іх — 12 выдатнікаў адукацыі. Толькі за 2 апошнія гады ўзнагароды рознай вартасці, у тым ліку медалі, атрымалі 162 супрацоўнікі каледжа.
Адметны факт: ва ўстанове на розных пасадах працуюць 116 лепшых выпускнікоў розных гадоў, якія прымнажаюць традыцыі сваёй альма-матар.
У каледжы створана вельмі добрая матэрыяльная база. Тут абсталяваны 64 вучэбныя кабінеты, 28 вытворчых майстэрань, 14 лабараторый, 19 камп’ютарных класаў, 10 электронных трэнажораў і г.д. Ёсць усе ўмовы для таго, каб вучыцца і набываць прафесійныя навыкі.
Мы заходзім у розныя майстэрні і назіраем, як спорна ідзе праца, якія цудоўныя вырабы ствараюць навучэнцы пад апекай вопытных майстроў: з лазы, саломкі, дрэва. У сталярнай майстэрні прыемна пахне свежым пілавіннем. Хлопцы, якія атрымліваюць прафесію “Сталяр. Цясляр”, умеюць рабіць усё: лаўкі, зэдлікі, садовую мэблю, рамкі для карцін. Будучыя стваральнікі мастацкіх вырабаў з лазы плятуць вельмі акуратныя, прыгожыя кошыкі. У майстэрнях ручной і машыннай вышыўкі юныя чараўніцы ствараюць прыгожыя абрусы і ручнікі. Сапраўдныя мастацкія творы атрымліваюцца ва ўмеліц з залатой саломкі.
Нам расказалі, што на занятках вытворчага навучання і ў гуртках вырабляецца звыш 900 найменняў вырабаў з ільну, лазы, саломкі, разьбярных, сталярных, швейных вырабаў. Адраджаючы беларускія рамёствы, работнікі і навучэнцы каледжа стварылі эксклюзіўныя калекцыі гербаў і выявы гістарычных помнікаў Магілёўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь, дэкаратыўныя пейзажныя пано. Штогод на рэспубліканскіх выставах дэкаратыўна-прыкладной творчасці іх работы займаюць прызавыя месцы. Выстаўленыя на продаж, яны карыстаюцца высокім попытам не толькі ў гараджан, але і ў жыхароў усёй краіны.
На працягу 20 гадоў Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж з’яўляецца лідарам па выніках пазабюджэтнай дзейнасці. Акрамя продажу дэкаратыўна-прыкладных, швейных, сталярных вырабаў, каледж ажыццяўляе турыстычныя, аздараўленчыя, медыцынскія, друкарскія паслугі. Тут працуюць аўташкола, аўтамайстэрня, абутковая майстэрня, цырульня, пральня.
Дзякуючы пазабюджэтнай дзейнасці, у каледжы былі ўведзены ў эксплуатацыю звыш 4,5 тысячы вучэбных і вытворчых плошчаў (другі паверх майстэрань, лабараторна-гаражны корпус, трэнажорная і тэнісная залы, спартыўны і лячэбна-аздараўленчы комплексы, цір і многае іншае), набыта 7 аўтамабіляў і каля 300 адзінак тэхнікі, абсталявання і камп’ютараў, усё медыцынскае абсталяванне, абсталяванне для сталовай і майстэрань, значная частка абсталявання для рэсурснага цэнтра па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў”. Як паведаміў Алег Бахановіч, за апошнія 20 гадоў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы каледж накіраваў каля 3 млн долараў.
У 1997 годзе ў каледжы Бахановіча (тады яшчэ вучылішчы хімікаў) з’явіўся першы ў краіне Цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Алег Адамавіч са сваёй камандай зрабілі ўсё, каб такія дзеці атрымалі доступ да якаснай прафесійнай адукацыі.
За 20 гадоў дзейнасці згаданага цэнтра прафесію ў каледжы атрымалі звыш 2 тысяч дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Сёння напрацоўкі калектыву па навучанні дзяцей згаданай катэгорыі шырока выкарыстоўваюцца ў іншых установах адукацыі краіны.
У гэтым навучальным годзе ў цэнтры вучацца 124 чалавекі, якім даступны 19 прафесій на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай і 7 — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У каледжы створана безбар’ернае асяроддзе, нядаўна ў адным з карпусоў быў усталяваны ліфт. Ёсць аўтобус, прыстасаваны для інвалідаў на вазках, і, дзякуючы гэтаму, навучэнцы з асаблівымі патрэбамі могуць наведваць заняткі ў каледжы па індывідуальным графіку.
Адметна, што сёння 22 выпускнікі Цэнтра прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця працуюць на розных пасадах у каледжы. Некаторыя з іх ужо атрымалі вышэйшую адукацыю.
У каледжы дзейнічае аддзяленне медыцынскай рэабілітацыі, дзе дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця двойчы на год атрымліваюць падтрымліваючую тэрапію. Аддзяленне ўключае 2 масажныя кабінеты, 2 стаматалагічныя кабінеты, фізіятэрапеўтычны кабінет, аснашчаны самым сучасным медыцынскім абсталяваннем, пакой водных працэдур і інш. Падлячыцца і ўмацаваць здароўе тут могуць і іншыя дзеці, а таксама супрацоўнікі ўстановы.
У каледжы дзейнічае моцная сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная служба. Вопытныя спецыялісты дапамагаюць дзецям розных катэгорый у няпросты перыяд сталення і прафесійнага станаўлення. Больш як 1300 навучэнцаў дзённай формы навучання знаходзяцца пад апекай прафесіяналаў і ў каледжы падчас вучобы, і ў інтэрнатах.
Немагчыма пераацаніць тую работу, якую робіць Алег Адамавіч Бахановіч разам са сваёй камандай. У Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж прыходзяць самыя розныя дзеці, у тым ліку з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, з нядобранадзейных сем’яў, сіроты. І кожнаму патрэбны павышаная ўвага і клопат. Кожнаму неабходна даць тую аснову — прафесійную, сацыяльную, маральную, — якая дазволіць ім будаваць далейшае жыццё і развівацца.
“Мае дзеці”, — гаворыць пра навучэнцаў Алег Адамавіч, і гэта сапраўды так. Ён адчувае персанальную адказнасць за кожнага, хто пераступае парог яго каледжа, і робіць усё, каб кожнаму з гэтых дзяцей забяспечыць максімальна высокі старт. Акрамя асноўнай прафесіі (нават калі гэта офісныя прафесіі — тэхнік-праграміст ці эканаміст), усе яны ўмеюць працаваць рукамі, усе сацыялізаваныя, усе настроены на той высокі вынік, які на працягу вучобы пастаянна назіралі ў каледжы. Выпускнікі знойдуць сваё годнае месца ў жыцці — і гэта самае важнае.
У каледжы Бахановіча ёсць шмат гісторый поспеху. Тут пачыналі вядомыя артысты (у прыватнасці, Алёна Ланская і Іван Буслай), а сёння ўжо новыя будучыя зоркі шліфуюць майстэрства ў шматлікіх мастацкіх калектывах. Тут пачыналі сваю кар’еру многія майстры, прадпрымальнікі і проста цудоўныя людзі, чыёй працай зараз багацее Магілёўшчына.
За 20 апошніх гадоў у міжнародных, рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах навучэнцамі і работнікамі каледжа заваявана звыш 2 тысяч прызавых месцаў, летась — 140.
Плённая праца педагагічнага калектыву каледжа з 2006 года адзначаецца занясеннем на абласную Дошку гонару. Па выніках 2017 года Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж прызнаны лепшай прафесійна-тэхнічнай установай у краіне.
Можа, гэта гучыць крыху пафасна, але за кожным з 10 тысяч экспанатаў, што выстаўлены ў музеі гісторыі каледжа, стаіць велізарная праца. І тая прыгажосць, што пануе ў сценах установы і на прылеглай тэрыторыі, — таксама плён велізарных творчых намаганняў супрацоўнікаў каледжа.
Зрэшты, самае галоўнае, што ў Алега Адамавіча Бахановіча і яго каманды не згасаюць ідэі. І яны ведаюць, як на магілёўскай зямлі прымножыць талент, майстэрства і прыгажосць.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.