“Калі чалавек кусае сабаку…”

- 12:32Сацыяльны ракурс

Мора інфармацыі, што абрынулася на людзей з газет, інтэрнэту і тэлебачання, істотна абясцэніла гэтую інфармацыю. Адбылася сапраўдная дэвальвацыя слова. Парадокс заключаецца ў тым, што мы, журналісты, як і нашы папярэднікі з даінтэрнэтаўскіх часоў, па-ранейшаму ўкладваем у пошук інфармацыі і падрыхтоўку артыкулаў шмат часу і намаганняў.

Выстава “СМІ ў Беларусі”, якая традыцыйна адбылася на пачатку мая, дазволіла не толькі азнаёміцца з інфармацыйнымі рэсурсамі нашай краіны на цяперашнім этапе, але і паразважаць аб ролі інфармацыі ў сучасным грамадстве. У рамках выставы наша газета правяла некалькі круглых сталоў і трэнінгаў, дзе журналісты разам са спецыялістамі сферы адукацыі абмеркавалі асаблівасці асвятлення адукацыйнай тэматыкі. У прыватнасці, гаварылі пра тыповыя памылкі і хібы, якія час ад часу прасочваюцца ў СМІ і бударажаць грамадства, і пра тое, як гэтага можна пазбегнуць. Акрамя таго, удзель­нікі адзначылі, што ў цэлым цікавасць да пазітыўнай інфармацыі зменшылася.

Некалі на журфаку нас вучылі: калі сабака ўкусіў чалавека — гэта не навіна, навіна — калі чалавек кусае сабаку. Праўда, раней гэта быў прынцып пераважна жоўтай прэсы, а сёння пошукам хоць маленькай, але сенсацыі займаюцца практычна ўсе выданні.

— З самага пачатку работы Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў мы давалі ў СМІ шмат разнастайнай інфармацыі, у тым ліку адносна парушэнняў, дапушчаных абітурыентамі на ЦТ, — расказвае дырэктар РІКВ Мікалай Фяськоў. — Такім чынам мы хацелі, каб усе абітурыенты зразумелі: нельга шляхам падману атрымаць незаслужана высокую адзнаку. Аднак пазней мы заўважылі, што журналісты пачалі канцэнтравацца менавіта на негатыве: колькі чалавек выгналі з ЦТ, дзе канкрэтна яны хаваюць забароненыя сродкі і г.д. У выніку галоўная мэта, дзеля якой праводзіцца цэнтралізаванае тэсціраванне, — аб’ектыўны адбор найбольш падрыхтаванай моладзі — адышла ў цень, а на першае месца выйшлі “гарачанькія” навіны.

Як кажуць у народзе, з вадой выплюхнулі дзіця. Цэнтралізаванае тэсціраванне — са­праўднае дасягненне айчыннай сістэмы адукацыі, ды і ўвогуле ўсёй нашай краіны. Бездакорна наладжаны, як швейцарскі гадзіннік, механізм ЦТ дзейнічае ўжо паўтара дзесяцігоддзя — і за гэты час ніводнай уцечкі інфармацыі, ніводнага збою на этапах рэгістрацыі, правядзення ЦТ, праверкі работ, выдачы сертыфікатаў. На жаль, СМІ пра гэта амаль не пішуць: нецікава! Адзін выгнаны за парушэнне абітурыент — цікава! Працэнт тых, хто не пераадолеў вызначанага парога, — цікава! А надзейнасць сістэмы не выклікае цікавасці (памятаеце прынцып “калі сабака кусае чалавека…”?).

Сяргей КАСПЯРОВІЧ, начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі:“Што да прыёмнай кампаніі, то ўпраўленне вышэйшай адукацыі гатова на ўсіх этапах дэталёва кансультаваць журналістаў. Прыём ва ўстановы адукацыі мае высокую сацыяльную значнасць, і тут вельмі важна не дапускаць памылак. Мы адкрыты для зносін і разглядаем узаемаадносіны з журналістамі як важны складнік нашай работы”.

І пытанні на прэс-канферэнцыях па выніках ЦТ, як правіла, гучаць адпаведныя. Чаму так мала стабальнікаў? Чаму так многа абітурыентаў не пераадолелі парог? Чаму? Чаму? Чаму…

А таму! І мы пішам пра гэта ўжо паўтара дзесяцігоддзя. Таму што ў аснове ЦТ ля­жыць іншы, не такі, як у школе, падыход. Тэарэтычна ў школе 100% выпускнікоў могуць атрымаць найвышэйшы бал. На ЦТ гэта немагчыма, бо тады на самыя прэстыжныя спецыяльнасці, дзе і зараз прахадныя балы блізкія да максімальных, універсітэты мусілі б праводзіць нейкі дадатковы адбор. Тое ж і з колькасцю нізкіх балаў. Маладыя людзі апынаюцца за парогам не таму, што яны ўвогуле нічога не ведаюць, а таму, што не вытрымліваюць канкурэнцыі з больш падрыхтаванымі абітурыентамі.

Георгій КОЗЕЛ, дырэктар Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі:“Сёлета выпускнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія паступаюць на адпаведныя спецыяльнасці на скарочаны тэрмін навучання ва ўніверсітэты, будуць здаваць не ЦТ, а профільныя экзамены. Мы вельмі доўга дабіваліся прыняцця такога рашэння, бо гэта дае магчымасць лепшым нашым выпуснікам працягваць навучанне і развівацца. Аднак мы чытаем у СМІ зусім іншую інтэрпрэтацыю: маўляў, адукацыю апускаюць ніжэй за плінтус. Але ж гэта не так! Я лічу, калі журналісты не будуць рабіць паспешлівых высноў, а возьмуць каментарыі ў спецыялістаў, то ад гэтага іх матэрыялы толькі выйграюць”.

Калі паўтара дзесяцігоддзя назад уво­дзілі цэнтралізаванае тэсціраванне, не ўсе рэктары адразу прынялі яго, але сёння відавочна: гэтая форма ўступных экзаменаў дала ім нават больш, чым чакалася. ЦТ дало неацэнную свабоду ўсім і адразу — сваякам, сябрам, суседзям, якія просяць за сваіх дзяцей, — сказаць “не”, спасылаючыся на незалежны інстытут — РІКВ. Дзякуючы прыёму па выніках ЦТ, умацаваўся давер у дачыненні да ўсіх без выключэння членаў прыёмных камісій, сумленнасць якіх цяпер не падлягае сумненню. ЦТ забяспечыла спакой абітурыентаў і іх бацькоў, якія ведаюць, што ўсе ў роўных умовах. А самае галоўнае, універсітэты, якія аналізуюць карэляцыю вынікаў ЦТ з вынікамі першай сесіі студэнтаў, адзначаюць вельмі высокі ўзровень супадзення.

Зразумела, калі будзе прынята рашэнне нароўні з цэнтралізаваным тэсціраваннем праводзіць традыцыйныя ўступныя экзамены, — гэта не абавязкова прывядзе да карупцыі. Аднак гэта непазбежна выкліча падазрэнні і недавер з боку ўдзельнікаў прыёмнай кампаніі. Магу прадбачыць, што, як толькі ў сістэме ацэньвання ведаў з’явіцца чалавечы фактар, усе, хто ў той ці іншай ступені крытыкаваў ЦТ, адшукваючы ў ім самыя дробныя хібы, адразу ж стануць на яго бок.

Сяргей ЯКАВЕНКА, адказны сакратар прыёмнай камісіі БДПУ імя Максіма Танка:“Вельмі шмат для папулярызацыі педагагічнай прафесіі робіць “Настаўніцкая газета”. І з іншымі сродкамі масавай інфармацыі ў нас таксама склаліся нармальныя дзелавыя адносіны. У большасці выпадкаў і пра ўніверсітэт, і пра педагагічную прафесію журналісты пішуць у станоўчым ключы, што вельмі радуе. Упэўнены, што СМІ — гэта нашы саюзнікі, якія дапамагаюць узнімаць прэстыж настаўніцкай працы”.

Падчас круглых сталоў і трэнінгаў нашы эксперты і журналісты адзначылі, што ў любой пазітыўнай інфармацыі заўсёды знойдуцца апаненты. Артыкулы, дзе выкла­дзены пазітыўныя факты і ёсць станоўчыя высновы, чытачы абавязкова дапоў­няць каментарыямі, “кам­пенсаваўшы” пазітыў негатывам. Карыстаючыся магчымасцю выказвацца ананімна, каментатары лёгка апускаюцца да непрыхаванага хамства і перабрэхвання. Многія інтэрнэт-СМІ, дарэчы, як і наша газета, практычна не даюць каментарыяў да сваіх артыкулаў. Няма ні рэсурсаў, ні, шчыра кажучы, жадання мадэраваць тое, што пішуць ананімныя “добразычліўцы”. Хаця канструктыўная крытыка і цікавыя прапановы заўсёды вітаюцца.

Адметна, што журналісты розных СМІ бываюць на адных і тых жа мерапрыемствах, прэс-канферэнцыях, брыфінгах, чуюць пераважна адну і тую ж інфармацыю, але яе інтэрпрэтацыя ў кожнага журналіста будзе свая. Вось тут, дарэчы, і тоіцца магчымасць для маніпуляцый, бо адны аспекты можна не заўважыць ці свядома прапусціць, іншыя — утрыраваць. Атрымліваецца, што адну і тую ж падзею можна падаць як у пазітыўным, так і ў негатыўным ключы. Гэта прыкладна так, калі лю­дзі выходзяць з пад’езда і, пакуль дой­дуць да метро, кожны ўбачыць тое, што хоча: адны — неба, другія — калюгі пад нагамі, трэція — машыны, чацвёр­тыя — птушак…

Вадзім КНЫШАЎ, галоўны рэдактар “Настаўніцкай газеты”:“У нашым грамадстве склаўся стэрэатып аб неабходнасці вышэйшай адукацыі, і ў СМІ акцэнт зрушаны на вышэйшую школу. Такія важныя ступені, як сярэдняя спецыяльная і прафесійна-тэхнічная адукацыя, не асвятляюцца належным чынам. Але ж там даюць прафесіі, вельмі важныя для эканомікі і краіны ў цэлым. У нашай газеце мы пастараліся выправіць гэты крэн, але ў цэлым СМІ ў даўгу перад прафесійнай адукацыяй. Вельмі мала матэрыялаў, якія папулярызуюць рабочыя прафесіі, і тут для журналістаў цэлы пласт работы. Без падняцця прэстыжу рабочага чалавека мы не зможам пераадолець негатыўныя тэндэнцыі”.

Ад таго, якія факты мы адбіраем і як іх інтэрпрэтуем, каго прыцягваем у эксперты і якія каментарыі запытваем, у многім залежаць высновы, якія зробіць журналіст і чытач. І тут ужо трэба выбіраць, якім крыніцам можна давяраць (і пры гэтым усё роўна крытычна асэнсоўваць прачытанае), а якім — не варта. Не ведаю, хто гэта сказаў, але думка слушная: “У сучасным свеце адказнасць за інфармацыю нясе не той, хто яе пастаўляе, а той, хто яе спажывае”. Ва ўсякім разе, гэтую адказнасць смела можна дзяліць напалам.

Начальнік упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі  Сяргей Каспяровіч заўважыў, што часта ў пагоні за аператыўнасцю, за тым, каб быць першымі, журналісты не ўдзяля­юць належнай увагі праверцы фактаў і праўдзівасці інфармацыі. Сяргей Антонавіч папрасіў журналістаў больш ашчадна ставіцца да слова і ўсведамляць сваю адказнасць перад чытачамі.

Хачу сказаць за газетчыкаў, што мы пры падрыхтоўцы матэрыялаў стараемся вывяраць усе факты. Напэўна, гэта генетычная памяць: калісьці за лішняе слова можна было страціць не толькі работу, але і свабоду. Сёння адказнасць журналіста за напісанае рэдка выходзіць за межы рэдакцыі. Як і многае ў сучасным свеце, інфармацыя жыве нядоўга і ўжо праз некалькі дзён знікае амаль бясследна.

Між тым мы, журналісты, кожны дзень знаходзімся паміж молатам і кавадлам. З аднаго боку — складаныя тэмы, дакументы, у якіх трэба разбірацца, эксперты, да якіх трэба дазваніцца; з другога боку — тэрміны здачы матэрыялу ў нумар. І, безумоўна, мы як аўтары менш за ўсё зацікаўлены ў тым, каб у нашы тэксты закрадваліся памылкі.

Мікалай ФЯСЬКОЎ, дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў:“15 гадоў мы на інфармацыйным полі. Ёсць мноства публікацый, дзе тэхналогія цэнтралізаванага тэсціравання раскрыта да дробязяў. Але дагэтуль мы сутыкаемся з выпадкамі поўнага неразумення таго, што адбываецца”.

Дарэчы, аналізуючы чытацкі інтарэс, нельга не заўважыць спажывецкае стаўленне да інфармацыі. Людзі хочуць атрым­ліваць тое, што патрэбна ім тут і зараз (прагноз надвор’я) або казыча нервы (крымінальныя навіны). Інфармацыя на запас запатрабавана значна менш. Магчыма, гэта выпрацавана гадамі: навошта чытаць тое, што спатрэбіцца мне праз пэўны час, калі ўмовы могуць змяніцца. Вось і атрымліваецца, што кожнаму новаму пакаленню трэба расказваць усё спачатку: чаму пажадана і як прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне, як зарэгістравацца на ЦТ, правілы праходжання іспытаў і г.д. Мы з году ў год асвятляем прыёмную кампанію “ад званка да званка”, разжоўваем правілы прыёму, але людзі ўнікаюць толькі тады, калі ўжо да зарэзу трэба. Напрыклад, сённяшнія дзесяцікласнікі і іх бацькі пачнуць разбірацца ў правілах паступлення роўна праз год.

А таму мы і сёння, і праз год, і далей бу­дзем пісаць аб самым важным у сістэме адукацыі. Будзем знаходзіць новыя цікавыя тэмы, разбірацца ў дакументах, прыцяг­ваць дасведчаных экспертаў, бо давер чытача вельмі дарагога варты. І няважна, што ў інфармацыі сёння такі кароткі век. Калі яна ў патрэбны час трапіць у тыя рукі, якім патрэбна, — наша праца мае вынік.

 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.