Калі настаўнік шануе кожную хвіліну зносін з дзецьмі

Пакуль ты малады спецыяліст і ў цябе яшчэ ўсё наперадзе, табе неабходны дзве рэчы: любіць сваю работу і пастаянна спрабаваць сябе ў нечым новым, набіраючыся вопыту.

Свой першы год работы ў школе як малады спецыяліст Яна Юр’еўна Місюн характарызуе так: нягледзячы на практыку, якой было даволі шмат падчас навучання ў Мазырскім педагагічным універсітэце імя І.П.Шамякіна, усё роўна неабходна было ўсвядоміць, што ты ўжо сапраўдны настаўнік. “Я ўсё спрабавала зразумець, якое месца займаю ў жыцці сваіх вучняў і школы, шмат думала пра тое, чаго ад мяне чакаюць дзеці і што неабходна рабіць, каб іх чаканні апраўдаліся”, — прызнаецца настаўніца.

Першым месцам работы для Яны Місюн стала невялічкая сельская школа ў Гомельскім раёне, куды яна была размеркавана пасля ўніверсітэта. Тут, у Лапацінскай сярэдняй школе, і пачалося станаўленне маладой настаўніцы. Школа маленькая, усяго крыху больш за 140 вучняў з усёй акругі і 20 настаўнікаў. Але маладую настаўніцу гэта не пужала. Атрымаўшы пасля заканчэння ўніверсітэта дыплом з адзнакай, яна была гатова да размеркавання ў любы рэгіён. Потым, гутарыўшы з Янай Юр’еўнай, я зразумела, чаму яна так спакойна ставіцца да гэтага. Быць настаўніцай — мара з самага дзяцінства. І настаўніца па-сапраўднаму любіць сваю прафесію і дзяцей.

— Калі пайшоў другі год работы ў Лапацінскай школе, я ўжо з упэўненасцю магла сказаць, што вельмі люблю сваю справу і ганаруся ёй, люблю школу, у якой працую, бо менавіта тут я адчула ўсю важнасць, адказнасць і прызванне педагога, — дзеліцца Яна Місюн. — Я люблю сваіх вучняў і кожнае дзіця паасобку. Аднойчы на вочы мне трапілі словы Л.Талстога: “Калі настаўнік спалучае ў сабе любоў да справы і да вучняў, ён — дасканалы настаўнік”. І гэта стала маім дэвізам, маёй пуцяводнай зоркай у прафесіі.

Напрыканцы мінулага навучальнага года Яна Юр’еўна была назначана намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. “Як? Зусім маладая і нявопытная! І ўжо на такую пасаду?!” — скажа які-небудзь песіміст. А чаму б не? Магчыма, для натхнення і жадання працаваць маладым часта не хапае менавіта даверу. Ніхто не кажа, што без вопыту будзе лёгка. Але ж гэта добрая магчымасць праявіць сваю настойлівасць і стараннасць. Ёсць і яшчэ адзін важкі аргумент: Яна Юр’еўна мае вялікі аўтарытэт як сярод калег, так і сярод вучняў і іх бацькоў. Апошнія прызнаюцца, што яна заўсёды адкрытая і даступная, з ёй лёгка вырашаюцца пытанні. На бацькоўскі сход яны ішлі з задавальненнем, бо ведалі, што знойдуць паразуменне і падтрымку.

Што да дзяцей, то сама ўпэўнілася, як яны любяць і паважаюць сваю настаўніцу. Просты прыклад. Калі я наведвала школу, каб сустрэцца з адным таленавітым хлопчыкам, які марыць стаць журналістам, дзятва, убачыўшы ў маіх руках фотаапарат, тут жа выстраілася каля класнай дошкі: як жа без фотаздымка на памяць! Некаторыя гарэзлівыя хлопцы — якраз тыя, што марылі пра фотаздымак, — пачалі сваволіць. І тады Яна Юр’еўна папрасіла непаслухмяных выйсці. Усмешкі з іх твараў хутка прапалі, але яны без пярэчання паслухаліся. Вось такі аўтарытэт.

За некалькі гадзін, праведзеных у школе, я адчула, што палюбіла гэтых дзяцей, іх настаўнікаў і саму школу, маленькую, са старымі вокнамі і дзвярыма, але такую ўтульную. Большая частка настаўнікаў — маладыя спецыялісты. Сёлета яны ўсе дружна дапамагалі дырэктару і будаўнікам, якія выконвалі больш складаныя работы, падрыхтаваць установу да новага навучальнага года: фарбавалі, чысцілі, прыдумлялі, як упрыгожыць класы і калідоры. А настаўніца матэматыкі Марына Сюськіна размалявала сцены прыгожымі малюнкамі. Яшчэ моладзь вырашыла, што ў школе абавязкова павінен быць музей. І пакуль ідзе падрыхтоўка невялічкага памяшкання, настаўнік фізікі Аляксандр Барабанаў і настаўнік гісторыі Аляксандр Раманюк збіраюць экспанаты: ручнікі, кадушкі і іншыя прылады, якімі карысталіся продкі.

Яна Юр’еўна расказвае пра жыццё школы, і я бачу, як гараць яе вочы, адчуваю, як многа яшчэ хочацца ёй зрабіць для той установы, якая стала яе першым працоўным месцам.

У мінулым годзе сельская школа зрабіла значны рывок наперад. У прыярэтыт паставілі паляпшэнне якасці адукацыі і прафесійны рост педагогаў і пачалі мэтанакіравана працаваць над гэтым. Зараз у школе рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі арганізацыйна-кіраўнічых ўмоў для прафесійнага развіцця педагогаў ва ўстанове адукацыi”. “Паколькі большасць педагогаў нашай школы — маладыя настаўнікі, то гэтая тэма для нас аказалася вельмі актуальнай”, — каменціруе намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. У рамках праекта яна і трое яе калег прайшлі на базе Акадэміі паслядыпломнай адукацыі дыстанцыйныя курсы.

На павышэнне якасці адукацыі і пашырэнне магчымасцей для навучэнцаў накіраваны яшчэ два праекты. Адміністрацыя школы заключыла дамову з Інстытутам лесу НАН Беларусі аб стварэнні ва ўстанове дэндрарыя. Сёння прышкольную тэрыторыю ўжо ўпрыгожваюць цудоўныя дрэўцы. Другая дамова — аб супрацоўніцтве з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны, і заключаецца яна ў дыстанцыйным узаемадзеянні ўніверсітэцкіх выкладчыкаў з педагогамі і навучэнцамі па асобных прадметах. Мэтай сумеснай работы ставіцца ўключэнне лапацінскіх школьнікаў у алімпіядны рух, падрыхтоўка іх да цэнтралізаванага тэсціравання. На мой погляд, вельмі вялікая справа, якая дае дзецям з маленькіх вёсачак добры шанс. Зразумела, нельга чакаць, што вынікі будуць ужо заўтра, але праз год-два яны будуць абавязкова.

— Дзякуючы гэтым праектам і ідэям супрацоўніцтва і сутворчасці, з’яўляецца жаданне працаваць далей у сферы адукацыі, выходзіць на новыя ўзроўні навучання і выхавання, — гаворыць Яна Юр’еўна Місюн. — Упэўнена, што будучыня школы — у педагогах, якія развіваюць асобасны і творчы патэнцыял, духоўна-маральныя якасці навучэнца. Творчы настаўнік, прафесіянал сваёй справы адыгрывае вельмі важную ролю ў выхаванні асобы — сацыяльна-актыўнай, творчай, здольнай да развіцця і самаразвіцця, накіраванай на засваенне ведаў.

Вельмі хочацца, каб школа не страціла гэты кірунак, каб яе вучні паверылі ў свае магчымасці і сілы. Веру ў гэта, бо ёсць будучыня ў школы, калі ў ёй працуюць настаўнікі, якія разумеюць важнасць сваёй няпростай справы і шануюць кожную хвіліну зносін з дзецьмі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *