Маладыя спецыялісты ўстаноў адукацыі Жодзіна на працягу тыдня стваралі незвычайны план-канспект урока. У ім былі і ўводзіны ў тэму, і праверка дамашняга задання, і паўтарэнне пройдзенага матэрыялу, і рэфлексія. А незвычайнасць яго ў тым, што кожны пункт гэтага плана быў адным з мерапрыемстваў тыдня маладога педагога.
Упершыню мерапрыемствы для маладых педагогаў у Жодзіне прайшлі ў такім фармаце — творчым і маштабным. Тыдзень маладога педагога пад назвай “План-канспект урока “Запалі сваю зорку” прадугледжваў спаборніцтва каманд устаноў адукацыі. У склад каманд уваходзілі педагогі, чый стаж работы меншы за 5 гадоў. Удзел у мерапрыемствах бралі ўсе ўстановы дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі горада — 22 каманды.
Першым пунктам у плане-канспекце былі “Уводзіны ў тэму” — менавіта так называўся конкурс, які прайшоў у першы дзень тэматычнага тыдня. На сцэне педагогі творча прадстаўлялі сваю каманду і ўстанову адукацыі. Выступленні былі розныя — гумарыстычныя і кранальныя, маштабныя і лаканічныя, але ўсе былі яркія і запамінальныя. Ні для каго не сакрэт, што настаўнікі — людзі надзвычай таленавітыя. Усе свае здольнасці і крэатыў яны праявілі ў гэты дзень на сцэне.
У другі дзень маладых педагогаў чакала “Праверка дамашняга задання” — яны наведалі заняткі і майстар-класы вопытных настаўнікаў і выхавальнікаў. У кожнай установе адукацыі горада былі арганізаваны такія заняткі, удзельнікі тыдня маглі выбраць, куды пайсці.
Трэці дзень прапанаваў удзельнікам мерапрыемстваў тыдня “паўтарыць вывучаны матэрыял” — рабілі яны гэта разам з ветэранамі педагагічнай працы. Маладыя педагогі разам са старэйшымі калегамі прадэманстравалі свае захапленні на выставе вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, а потым удзельнічалі ў адкрытым дыялогу. Да маладых спецыялістаў і ветэранаў у дыялогу далучыліся прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама і гарадской арганізацыі галіновага прафсаюзнага камітэта. Тэма гутаркі — “Настаўнік учора, сёння, заўтра”, і паразмаўляць было аб чым: якой бачаць педагогі школу сучасную і школу будучыні, ці мяняецца роля педагога ў грамадстве і прынцыпы яго работы. Адказы на гэтыя пытанні давалі прадстаўнікі розных пакаленняў. Сустрэча атрымалася надзвычай душэўнай і цёплай.
Гэты дзень запрасіў маладых спецыялістаў таксама размяцца на “фізкультхвілінцы” — спартландыю для педагогаў правёў Ігар Аляксеевіч Лазараў, кіраўнік цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі “Вектар”.
“Партрэт маладога педагога” ўдзельнікі мерапрыемстваў тыдня “малявалі” ў чацвёрты дзень. Стваралі выяву з дапамогай слоў, песень, відэаролікаў, тэатралізаваных пастановак. Падчас абароны творчых праектаў кожная каманда прэзентавала свой погляд на тое, якім павінен быць малады педагог, да чаго варта імкнуцца. Не раз гучалі са сцэны думкі, што час прад’яўляе да педагога асаблівыя патрабаванні: прафесійная кампетэнтнасць, высокі ўзровень культуры, вялікая працаздольнасць, эрудзіраванасць, творчая актыўнасць. Гэтую ж тэму крыху ў іншым ракурсе закранулі і ў пяты, апошні, дзень падчас “рэфлексіі”. Мерапрыемства пад назвай “Модны прысуд” патрабавала ад удзельнікаў адказу на пытанне “Як павінен выглядаць малады педагог?”. Кожная каманда прадставіла свой адказ у выглядзе пэўнага дзелавога касцюма для работы і яго абароны. У гэты ж дзень былі падведзены вынікі тыдня.
— Тыдзень маладога педагога дазволіў знайсці і ўбачыць творчых і крэатыўных настаўнікаў, падтрымаць іх, а таксама прыцягнуць увагу да настаўніцкай прафесіі, — адзначыла загадчык ВМК аддзела адукацыі, спорту і турызму Жодзінскага гарвыканкама Таццяна Вячаславаўна Выгоўская.
Усе каманды — удзельніцы конкурсу атрымалі прызы і сувеніры. За гэты тыдзень маладыя спецыялісты, аб’яднаныя змястоўнымі і эмацыянальна насычанымі мерапрыемствамі, пасябравалі і ўжо забыліся пра спаборніцтва. І ўсё ж былі вызначаны і пераможцы. Імі сталі каманды гімназіі № 1 і ясляў-сада № 2 “Зярнятка” Жодзіна. Акрамя таго, на працягу тыдня на старонцы аддзела адукацыі ў сацыяльнай сетцы праходзіла анлайн-галасаванне конкурсу глядацкіх сімпатый “Бітва талентаў”. Пераможцай стала сям’я маладых педагогаў сярэдняй школы № 6 Жодзіна Яўгена і Таццяны Юрыц.
Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам адукацыі, спорту і турызму.