Калі планы мяняюцца. Сацыяльныя гісторыі для дзяцей з РАС

- 14:42Образование, Портфолио, Приложение

У сваёй дзейнасці мы сутыкнуліся з праблемамі ўключэння дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў працэс навучання і выхавання, разумення бацькамі іх праблем, павагі і прызнання грамадствам іх правоў на дашкольную адукацыю.

Больш як 30 гадоў назад у дзіцячым садзе № 19 Слуцка з’явіліся першыя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У 2011 годзе былі адкрыты групы інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з расстройствамі аўтыстычнага спектра. У дзяцей з РАС адзначаюцца адсутнасць імкнення да кантактаў з навакольнымі, сыход ад рэальнасці ў свет уласных перажыванняў, слабасць эмацыянальных рэакцый, недастатковая здоль­насць дыферэнцыраваць людзей, жывёл, неадушаўлёныя прадметы, а таксама праяўляюцца пабочныя рэакцыі на зрокавыя і слыхавыя раздражняльнікі. У такіх дзяцей назіраюцца фобіі (у прыватнасці, неафобія — боязь усяго новага).

Такім чынам, мэтай карэкцыйнай работы настаўніка-дэфектолага з’яўляецца ўстараненне прычын, з-за якіх дзеці адчува­юць цяжкасці, што заключаецца ў развіцці агульных здольнасцей у рамках асобаснай, эмацыянальна-валявой і інтэлектуальнай сфер.

Ва ўмовах рэалізацыі карэкцыйных праграм мне як настаўніку-дэфектолагу неабходна было шукаць новыя формы работы з дзецьмі з РАС, якія адпавядаюць патрабаванням і мэтам установы дашкольнай адукацыі. Намаганні былі накіраваны на падбор новых педагагічных сродкаў, якія будуць падахвочваць дзяцей праяўляць ініцыятыву і самастойнасць у розных відах дзейнасці.

Адным з такіх педагагічных сродкаў стала методыка сацыяльных гісторый, найбольш эфектыўная для фарміравання навыкаў сацыяльных паводзін, камунікацыі і ўзаемадзеяння ў дзяцей дашкольнага ўзросту з РАС.

Сацыяльная гісторыя — гэта кароткае ілюстраванае апавяданне, якое дапамагае чалавеку з ментальнымі асаблівасцямі сарыентавацца ў свеце, адчуць сябе ўпэўнена, уключыцца ва ўзаема­дзеянне з іншымі людзьмі. З дапамогай сацыяльных гісторый мы можам азнаё­міць дзіця са што­дзённымі жыццёвымі сітуацыямі, з якімі яно пастаянна сутыкаецца, і варыянтамі паводзін у іх. Як вынік — памяншэнне страху і трывожнасці. Разгледзім некаторыя з такіх гісторый.

Разглядаючы альбом з сацыяльнай гісторыяй у малюнках “Хлопчык Пеця з бацькамі адпраўляецца ў магазін”, акцэнтуем увагу дзіцяці на наступных момантах: на чым яны едуць у магазін; што бяруць, зайшоўшы ў супермаркет; што кладуць у цялежку; калі Пеця хоча штосьці іншае, што ён павінен зрабіць; калі ўзялі ўсё неабходнае, куды яны ідуць; хто плаціць?

Далей для актуалізацыі ведаў выкарыстоўваем ролевую гульню “У магазіне”, якая папярэднічае прапрацоўцы навыку ў натуральных умовах. У ролевую гульню могуць уваходзіць гульні “Спіс пакупак” і “Лішні прадукт”, для старэйшага ўзросту можна даба­віць гульню “Сартаванне”.

Гульня “Спіс пакупак”. Педагог называе дзіцяці 3—4 прадукты, якія неабходна купіць у магазіне. Просіць запомніць іх назвы і выбраць прадукты па спісе. Для гульні можна выкарыстоў­ваць дадатковыя карткі са спісамі пакупак.

Гульня “Лішні прадукт”. На паліцы расстаўлены наступныя вырабы: цукеркі, пончыкі, марожанае, ледзянец і фрукт ананас. Педагог пытаецца ў дзіцяці, што лішняе на гэтай паліцы.

Педагог прапаноўвае навесці парадак у іншых аддзелах магазіна — праводзім гульню “Сартаванне” (дапамагае запом­ніць, якая ежа да якога віду належыць і як выглядае).

Для замацавання атрыманых ведаў неабходны ўзгодненыя дзеянні педагагічных работнікаў і баць­коў. Для таго каб супрацоўніцтва было плённым і дапамагала ў рабоце з дзецьмі з РАС, мы рэкамендуем бацькам наведванне магазіна, для дзіцяці бацькі складаюць спіс пакупак. Гэта можа быць і чэк-ліст.

Асаблівая значнасць методыкі сацыяльных гісторый заключаецца ў тым, што яны не даюць ацэнку сітуацыі — ні станоўчую, ні адмоў­ную, гэта значыць, у ёй не гаворыцца: “вось, гэтае дзіця здзейсніла дрэннае дзеянне, і зараз яно павінна рабіць добра”. Мэта кожнай сацыяльнай гісторыі — даць дакладную інфармацыю, выкарыстоўваючы змест, фармат і інтанацыю апавядання такім чынам, каб апісанне сітуацыі было пазнавальным і зразумелым.

Напярэдадні правядзення музычнага свята “Новы год” узнікла праблемная сітуацыя: дзіця баялася зайсці ў музычную залу, бо гэта новае памяшканне, мала яму знаё­мае. На свяце павінны былі прысутнічаць бацькі, і каб усё прайшло спакойна для дзіцяці з РАС, мы распрацавалі сацыяльную гісторыю менавіта для яго. Падабралі візуальныя малюнкі, набліжаныя і прыдатныя для гэтага выхаванца, для таго каб паведаміць інфармацыю дзіцяці, якому цяжка разумець і выкарыстоўваць маўленне.

Сацыяльныя гісторыі мо­гуць быць выкарыстаны не толькі для навучання таму, як паво­дзіць сябе ў пэўных сітуацыях. Іх можна выкарыстоўваць для засваення новага распарадку дня, новых заняткаў і таго, як рэагаваць на розныя пачуцці, такія як злосць і фрустрацыя. Сацыяльная гісторыя больш эфектыўная, калі яе чытанне суправа­джаецца іншымі карэкцыйнымі метадамі: мадэляваннем, гутаркай і адказамі на пытанні пра гісторыю, адпрацоўкай навыку, апісанага ў сацыяльнай гісторыі.

Самастойнае складанне сацыяльнай гісторыі “Дзе я?”

  1. Я з мамай іду ў магазін. Спіс прадуктаў. Купілі прадукты па спісе. Праверылі. Мама мяне пахваліла. Ідзём дадому.
  2. Я прыйду на дзень нараджэння. Дам падарунак. Там дзеці. Гу­ляць разам. Атрымаць торт.

Сацыяльныя гісторыі выкарыстоўваюцца, калі мяняюцца прывычныя планы і замест прагулкі трэба ісці ў паліклініку; калі сям’я вырашыла адправіцца ў падарожжа ў іншы горад; калі трэба навучыць дзіця пераходзіць ва ўстанове адукацыі з аднаго кабінета (групы) у іншы; калі паход у магазін выклікае ў дзіцяці страх і прыво­дзіць да стрэсу.

Сацыяльныя гісторыі распрацоўваюцца індывідуальна для канкрэтнага дзіцяці і могуць уклю­чаць рэчы, якія дзіця цэніць ці якімі яно цікавіцца. Дзеці дашкольнага ўзросту з РАС лепш успрымаюць візуальную інфармацыю, так што пажадана, каб гісторыя ўключала малюнкі, фатаграфіі ці нават рэальныя прадметы.

 Святлана РАГАЧ,
настаўнік-дэфектолаг

дзіцячага сада № 19 Слуцка
Мінскай вобласці