Чэмпіянат свету па паралімпійскім дзюдо, які прайшоў у Каларада Спрынгс (ЗША), прынёс поспех студэнтцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Арыне Качан. Бронзавы медаль спартсменкі стаў значным унёскам і ў заваяванне ліцэнзіі на Паралімпійскія гульні ў Рыа-дэ-Жанэйра ў 2016 годзе.
Каманду Беларусі на чэмпіянаце прадстаўлялі тры студэнты, двое з якіх, Арына Качан і Уладзіслаў Равенка, вучацца на факультэце фізічнага выхавання БДПУ.
Старшы трэнер нацыянальнай паралімпійскай зборнай па дзюдо і адначасова намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта Аляксандр Катлоўскі адзначае, што гэтаму паралімпійскаму віду ў нашай краіне ўсяго толькі пяць гадоў.
“З Арынай мы пазнаёміліся невыпадкова, — успамінае намеснік дэкана. — Працавалі ў адной зале з яе трэнерам. Арына тады да паралімпійскага спорту не мела дачынення, але праблемы са зрокам далі нам падставу працаваць разам. Ужо на першым чэмпіянаце, у якім спартсменка прымала ўдзел, яна трапіла ў тройку лідараў”.
Далей усё складвалася як пазлы. Стаўшы прызёрам, Арына атрымала магчымасць паступіць ва ўніверсітэт без экзаменаў і ўпэўнена, што не памылілася: у БДПУ студэнтаў-спартсменаў падтрымліваюць. У прыватнасці Арына Качан мае індывідуальны графік заняткаў, што дазваляе ёй трэніравацца два разы на дзень. Зразумела, што больш гнуткі і графік здачы экзаменаў. Паколькі не заўсёды спартсмены знаходзяцца ў краіне падчас сесіі, перыяд здачы экзаменаў узгадняецца з выкладчыкамі.
“Мы крыху хваляваліся, калі даведаліся, што ў нас будзе новы рэктар, — усміхаецца спартсменка. — Не ведалі яго адносін да студэнцкага спорту. Цяпер бачым, што ён і сам чалавек спартыўны, чаму вельмі рады.
На чэмпіянаце ў ЗША мне прыйшлося няпроста: доўгі пералёт, іншы клімат. Канечне, вельмі было крыўдна, калі прайграла кітаянцы і стала трэцяй. Ёсць да чаго імкнуцца. І, думаю, многае наперадзе!”
Дарэчы, вагавая катэгорыя, у якой выступае Арына, +70 кг — самая прадстаўнічая ў жаночым паралімпійскім дзюдо. Напрыклад, на чэмпіянаце ў Каларада Спрынгс права першынства ў ёй адстойвалі 250 лепшых спартсменак з усяго свету. На такім фоне вынік беларускай паралімпійкі выглядае вельмі перспектыўным.
Стыпендыят Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і член нацыянальнай паралімпійскай зборнай Арына Качан ужо прымала ўдзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане, дзе была вельмі блізкай да медаля, але ў выніку стала толькі пятай. Сёння яна плануе прыкласці ўсе намаганні для заваявання ліцэнзіі і ўжо ў Бразіліі паказаць, чаго вартыя беларусы.
“Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры хацела б паспрабаваць сябе ў ролі трэнера, — адзначае дзюдаістка, — тым больш што буду мець менавіта педагагічную адукацыю. Я б не падзяляла здаровых дзетак і тых, якія могуць выступаць у паралімпійскім спорце. Аднак калі прыйдзецца выбіраць, то мая перавага на баку апошніх. Для іх гэта вельмі значная падтрымка ў жыцці. Хацелася б, каб людзі, якія сутыкаюцца з праблемамі зроку ў прыватнасці і якім медыкі забараняюць займацца спортам, ведалі, што дарога ў спорт для іх не зусім закрыта. Пры правільным падыходзе магчыма ўсё! І для мяне гэта асабліва важна!”
Наталля АЛЁХІНА.
Фота з архіва Аляксандра КАТЛОЎСКАГА.