На ўроках у настаўніцы хіміі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Алены Міхайлаўны Лось не ўбачыш абыякавых вачэй навучэнцаў. Яе заняткі — гэта заўсёды дыялогі, дыскусіі, неверагодныя адкрыцці. Сумаваць падчас такіх 45 мінут няма калі. Напэўна, таму ліцэісты лічаць хімію зусімне складанай, а цікавайі займальнай навукай.
З будучай прафесіяй Алена Міхайлаўна вызначылася яшчэ ў дзяцінстве. Прыйшла ў 1 клас і так натхнілася працай педагогаў, што адразу вырашыла: як падрасце, абавязкова сама будзе настаўнічаць.
— А вось з педагагічным профілем канчаткова вызначылася толькі тады, калі пачала вывучаць хімію. Гэтая навука з яе эксперыментамі, доследамі мяне літаральна зачаравала, — расказала Алена Лось.
Сваёй дзіцячай мары яна не здрадзіла і, скончыўшы школу, адправілася асвойваць настаўніцкую прафесію. Жыццёвы шлях прывёў Алену Міхайлаўну ў МДУ імя А.А.Куляшова. Вучылася яна старанна. А ўжо на выпускным курсе пачала выкладаць хімію ў абласным ліцэі № 1.
— Спачатку мне не заўсёды верылася, што я сапраўды здзейсніла сваю мару, што я настаўнік. Было вельмі многа радасці ад урокаў. Але пасля ўзніклі пытанні, сумненні. Для сябе я вырашыла так: раз ліцэй № 1, трэба і настаўнікам быць № 1. Да гэтага і імкнуся, — паведаміла Алена Міхайлаўна.
Зараз за яе плячыма амаль 20 гадоў педагагічнага стажу. Здавалася б, і вопыту ўжо дастаткова, і методыка выкладання выпрацавана, але нягледзячы на гэта Алена Міхайлаўна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, імкнецца да ўдасканальвання прафесійных навыкаў, бо жыццё не стаіць на месцы. Тыя методыкі, што былі актуальнымі раней, замяняюцца іншымі, больш эфектыўнымі. І задача настаўніка — перыядычна ўкараняць гэтыя інавацыі ў сваю сістэму выкладання.
— Аднастайнасць правядзення заняткаў стамляе. А калі падрыхтоўка ўрока становіцца нецікавай, звычайным абавязкам педагога, то ён, адпаведна, не можа зацікавіць вучняў, — адзначыла Алена Лось.
Настаўніца заўсёды старанна адбірае матэрыял да кожных заняткаў, насычае іх рознымі педагагічнымі тэхналогіямі: метадам праектаў, шматмернай дыдактычнай, інфармацыйна-камунікацыйнай тэхналогіямі, тэхналогіяй даследчай дзейнасці. У арсенале Алены Міхайлаўны як традыцыйныя камбінаваныя ўрокі, так і ўрокі-лекцыі, урокі-семінары, урокі-гульні, інтэлектуальныя спаборніцтвы. Акрамя гэтага, яна знаходзіць аптымальныя суадносіны паміж выбранымі кампанентамі заняткаў, каб, з аднаго боку, забяспечыць якаснае засваенне навучэнцамі ведаў і ўменняў, прадугледжаных школьнай праграмай, а з другога — найбольш зручны тэмп навучання.
— Вельмі эфектыўнай лічу работу ў групах. Такая форма работы дазваляе вучню вызначаць мэту сваіх дзеянняў, адчуваць свабоду выбару ведаў і практычных магчымасцей, праяўляць самастойнасць. Прыярытэт надаю таксама асобасна арыентаванаму і праблемнаму навучанню. Імкнуся данесці вучэбны матэрыял на даступнай для вучняў мове, хоць і прынцып навуковасці не адыходзіць на другі план. Упэўнена, што да любога складанага тэрміна або паняцця можна прывесці зразумелы прыклад ці прыдумаць асацыяцыю, якая надоўга застанецца ў памяці. А ўвогуле, вяду ўрок так, каб дзеці самастойна рабілі высновы і ўласныя адкрыцці, — падкрэсліла Алена Міхайлаўна.
З такім падыходам да выкладання нядзіўна, што на яе заняткі навучэнцы ліцэя заўсёды ідуць з задавальненнем. Дарэчы, з імі Алена Міхайлаўна імкнецца наладзіць індывідуальную сувязь. Яна лічыць, што ад камфортных умоў і станоўчага настрою дзяцей залежыць паспяховасць усяго навучання. Алена Лось прыкладае ўсе намаганні, каб на яе занятках кожны навучэнец адчуваў сябе паспяховай, інтэлектуальна самастойнай асобай — гэта робіць адукацыйны працэс эфектыўным. Для гэтага педагог будуе ўзаемаадносіны з ліцэістамі, разглядаючы іх як раўнапраўных партнёраў, у якіх проста пакуль менш ведаў і жыццёвага вопыту. Яе шчыра цікавяць іх праблемы і пытанні, яна слухае іх разважанні. Адчуваючы гэта, навучэнцы цягнуцца да Алены Міхайлаўны і ў той жа час пачынаюць ставіцца да сябе больш патрабавальна, у іх фарміруецца высокая матывацыя да атрымання новых ведаў.
На думку А.Лось, галоўнай умовай добрых адносін з навучэнцамі з’яўляецца шчырасць пачуццяў, усіх без выключэння. Калі радасць, то ад душы, да канца; калі праўда, то для абодвух бакоў; калі памыліўся — прызнай сваю памылку.
— Я не баюся казаць “не ведаю” або “прабач, я памылілася”. Гэта не знізіць мой аўтарытэт, бо гэта сумленна. Я лічу вялікім шчасцем, калі табе вераць і давяраюць дзеці, — падзялілася настаўніца.
Па меркаванні Алены Міхайлаўны, навучэнцам цяжка стаць паспяховымі без падтрымкі сям’і, таму, з’яўляючыся класным кіраўніком класа хіміка-біялагічнага профілю, яна цесна супрацоўнічае з бацькамі сваіх выхаванцаў. Інфармацыя, атрыманая ад бацькоў, дапамагае ёй лепш зразумець характары і псіхалагічныя асаблівасці дзяцей і такім чынам лепш раскрыць здольнасці кожнага.
— Асаблівае значэнне я надаю пазакласным мерапрыемствам. Разам з дзецьмі мы здзяйсняем прафарыентацыйныя экскурсіі па беларускіх універсітэтах, падарожжы ў іншыя краіны, гарады, проста вечарыны ў класе за чаем у нефармальнай абстаноўцы, з гульнямі, конкурсамі, узаемнымі віншаваннямі адно аднаго са святамі. У выніку клас становіцца згуртаваным калектывам, а аднакласнікі назаўсёды застаюцца сябрамі, якія з задавальненнем вяртаюцца ў сцены ліцэя, — расказала Алена Лось.
За сваю карпатлівую штодзённую працу Алена Міхайлаўна неаднаразова была адзначана ўзнагародамі мясцовых выканаўчых улад. Яе навучэнцы — пастаянныя пераможцы розных, у тым ліку заключнага, этапаў рэспубліканскай алімпіяды па хіміі. Выпускнікі педагога сталі добрымі ўрачамі, фармацэўтамі, хімікамі-тэхнолагамі, настаўнікамі. Алена Міхайлаўна заўсёды шчыра радуецца іх перамогам на нялёгкім шляху спасціжэння жыцця. Менавіта поспехі навучэнцаў дазваляюць ёй адчуваць сябе шчаслівым настаўнікам, бо ў іх дасягненнях ёсць і яе ўклад.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.