«Калі задача пастаўлена — усё раблю для яе вырашэння»: пагаварылі з новым кіраўніком аддзела па адукацыі Пружанскага райвыканкама

- 12:07Планерка

У аддзеле па адукацыі Пружанскага райвыканкама гэты год сустрэлі з настроем на сур’ёзную работу. Пра надзённыя задачы карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з яго начальнікам Аляксандрам Момлікам.

Аддзел па адукацыі Аляксандр Канстанцінавіч узначаліў толькі напрыканцы мінулага года. Але свой родны Пружанскі раён, які, дарэчы, сёлета адзначае 85-годдзе ўтварэння, выдатна ведае. Раней Аляксандр Момлік быў дырэктарам гімназіі Пружан, а таксама ўзначальваў аддзел ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама. З рабочым і творчым натхненнем ён прыступіў да кіраўніцтва сістэмай адукацыі Пружаншчыны — галоўнай задачай адзначае паляпшэнне якасці работы і захаванне традыцый.

— Наш раён адзін з самых вялікіх у Брэсцкай вобласці. У нас 22 установы агульнай сярэдняй адукацыі — сярод іх адна гімназія, 19 дзіцячых садоў. Таксама 3 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, аздараўленчы лагер “Дубок”. Работы хапае! Як кажуць, у нас, педагогаў, два новыя гады — адзін у верасні, а другі — каляндарны. На іх пачатку мы праводзім выніковае пасяджэнне нашага аддзела ў пашыраным фармаце. Кіраўнікі ўсіх устаноў адукацыі дзеляцца новымі напрацоўкамі, ідэямі.

— Якое самае важнае дасягненне сістэмы адукацыі раёна ў мінулым годзе?

— Тое, што ўдалося захаваць усю сетку ўстаноў адукацыі. Дарэчы, гімназіі Пружан, дзе я працаваў, у гэтым годзе споўніцца 25 гадоў — ужо чвэрць стагоддзя яна трымае высокую планку: па выніках алімпіяд, у тым ліку рэс­публіканскіх, гімназія заўсёды ў лідарах у раёне. У дашкольных установах стараемся стварыць усё для гарманічнага развіцця дзяцей, вялікую увагу ўдзяляем стварэнню адпаведнай інфраструктуры. Ганарымся і наяўнасцю трох устаноў дадатковай адукацыі. Мы ­ра­зумеем, што ў вялікім па плошчы Пружанскім раёне дзецям будзе цяжка дабірацца на дадатковыя заняткі. Напрыклад, паміж Пружанамі і гарадскім пасёлкам Ружаны — 45 кіламетраў.

— У вашым кабінеце часта чуваць званок тэлефона — з якімі пытаннямі звяртаюцца жыхары Пружаншчыны?

З рознымі. Пытанні адукацыі для людзей сёння адны з самых надзённых. Я заўсёды на сувязі, ніколі не кажу, што заняты, прыйдзіце пазней. Стараюся знайсці хоць 5 мінут, каб дапамагчы чалавеку разабрацца ў праб­леме.

— Час бяжыць хутка, пад­рыхтоўка да летняга сезона ўжо пачалася?

— Так. Як кажуць, да лета рыхтуем­ся зімой. Наш стацыянарны аздараў­ленчы лагер “Дубок” карыстаецца папулярнасцю. Дарэчы, попыт на месца ў лагеры перавышае прапанаванне амаль у тры разы! Будзем разві­ваць, удасканальваць сістэму аздараўлення: у гэтым годзе, дзякуючы інвестыцыйнай праграме Брэсцкага аблвыканкама, пла­нуем абнавіць матэрыяльна-тэхнічную базу лагера. Ства­рыць дзецям умовы, не горшыя, чым дома, пасярод лесу — дарагога варта. Ужо будуецца новы санітарны блок: для лагера, дзе адначасова знахо­дзіцца больш за сто дзяцей, пытанні гігіены вельмі ак­туальныя.

Паляпшэнню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўдзя­ляем вялікую ўвагу. Так, у мінулым годзе набылі 2 камп’ютарныя класы ў сярэднюю школу № 5 Пружан і Шарашоўскую сярэднюю школу імя Героя Савецкага Саюза М.В.Хацімскага. Камп’ютарнае абсталяванне, тэлевізар, новую мэблю набылі для нашага
сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Два новыя школьныя аўтобусы ўжо эксплуатуюцца ў Мокраўскай і Хараўской сярэдніх школах. Завершаны капітальны рамонт будынка і тэрыторыі Ліноўскай сярэдняй школы.

— Як ідзе падрыхтоўка да цэнтралізаванага экзамену?

— Поўным ходам — зараз адказны перыяд для нашых выпускнікоў. Якраз у мінулую суботу на базе Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прайшла рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену. У ёй прынялі ўдзел 222 з 229 выпускнікоў раёна.

Ёсць у школах Пружаншчыны педагагічныя, аграрныя класы. У наступным годзе абавязкова працягнем работу двух інжынерных класаў — у раёне заключаны дагаворы паміж установамі адукацыі і прадпрыемствамі.

Напрыклад, Пружанскі завод радыёдэталей мае такія дагаворы з сярэднімі школамі № 5 і № 3 райцэнтра.

Нашы алімпіяднікі стабільна дэманструюць высокія вынікі — займа­юць прызавыя месцы на абласных, рэспубліканскіх алімпіядах. Акрамя таго, Станіслаў Брадніцкі, навучэнец сярэдняй школы № 5 Пружан, у 2024 го­дзе стаў прызёрам Еўрапейскай геаграфічнай алімпіяды ў Сербіі, атрымаўшы сярэбраны медаль. Таксама ён стаў бронзавым прызёрам XVII Міжнароднай алімпіяды па навуках аб Зямлі ў Кітаі ў індывідуальным заліку і залатым — у камандным. Усяго ў мінулым годзе пераможцамі і прызёрамі інтэлектуальных і творчых конкурсаў рознага ўзроўню, у тым ліку міжнароднага, сталі 185 пружанскіх навучэнцаў. Ганарымся імі!

— Які ваш працоўны дэвіз?

— Калі нешта ўносіцца ў план — яно абавязкова павінна быць выканана. Планаў проста дзеля планаў я не ствараю. А калі задача пастаўлена — усё раблю для яе вырашэння.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара