“Калядная зорка” не перастае здзіўляць

- 12:10Культура

4 студзеня ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў ХХ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей і моладзі “Калядная зорка”.

Маленькіх і юных пераможцаў і прызёраў вітала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі На­дзея Васільеўна Васільчанка, якая ад імя цэнтра і Міністэрства адукацыі павіншавала іх з Новым годам, а таксама пажадала здзяйснення ў 2017 годзе ўсіх задумак і мар. “Усе работы на гэтай выставе цікавыя і крэатыўныя. Вам усім трэба займацца і далей развіваць сваю творчасць. І, безумоўна, калі вы будзеце працаваць, вас чакае цудоўная будучыня. А мы будзем заўсёды побач з вамі і будзем дапамагаць вашым марам збывацца”, — адзначыла дырэктар.

Цырымонія ўзнагароджання праходзіла не ў выставачнай зале, дзе разгарнулася экспазіцыя, а ў актавай. Першая проста не змясціла б столькі прысутных — дзяцей, іх педагогаў і бацькоў. Журы вызначыла 75 прызёраў і пераможцаў у такіх намінацыях, як “Тэкстыль”, “Мастацкі роспіс”, “Мастацкая саломка”, “Выцінанка”, “Кераміка”, “Інтэр’ерная лялька”, “Ёлачная лялька”, “Сюжэтная кампазіцыя”, “Паштоўка-віншаванне”, “Сувенір-падарунак”, “Арт-аб’ект” і “Навагодні касцюм”. А ўсяго ў выставе-конкурсе прыняло ўдзел звыш 10 тысяч дзяцей і падлеткаў з усіх куткоў краіны. У самых розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладной творчасці яны фантазіравалі на тэмы зімы, Каляд, Новага года, навагодніх казак.

 У самой жа экспазіцыі прадстаўлена каля 500 індывідуальных і калектыўных работ навучэнцаў, і, натуральна, сярод усіх Дзядоў Марозаў, Снягурак ды коз рэй сёлета вядзе Певень. Певень папяровы, певень керамічны, певень драўляны, певень з пап’е-машэ, певень, намаляваны на шкле, певень на тканіне, саламяны певень… Певень на стылізаваным плоце, певень у валёнках, нават певень… на лыжах!

“Калядная зорка” сапраўды кожны год здзіўляе. Штогод, пераходзячы са старога ў новы год, гэтая выстава праходзіць і праз сэр­ца кожнага, хто далучаецца да яе стварэння. І кожны ведае, што чарговая “Калядная зорка” не будзе апошняй.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.