Каманда з палітэха

- 9:10World Skills, Рознае

Шэсць навучэнцаў і чатыры выкладчыкі ў якасці экспертаў з Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа прынялі ўдзел у конкурсе WorldSkills Belarus — 2016. 

Навучальная ўстанова ў гэтым годзе адзначае 60-годдзе, і ўвесь гэты час высокая якасць прафесійнай адукацыі застаецца нязменнай, набываючы сучаснае напаўненне. І на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus навучэнцы політэхнічнага каледжа выступілі ў пяці намінацыях: ад класікі да сучаных напрамкаў, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Класіку прадстаўляў Артур Аксень. Ён удзельнічаў у кампептэнцыі “Каменныя работы”. І гэта для хлопца ўжо другі чэмпіянат. Свой першы вопыт удзелу ў такім высокім спаборніцтве Артур набыў будучы навучэнцам першага курса. У WorldSkills Belarus — 2014 хлопец паказаў вельмі высокі — чацвёрты — вынік.

— Мы стараемся, каб нашы навучэнцы ўдзельнічалі ва ўсіх конкурсах: і прафесійных, і творчых, і спартыўных, — гаворыць дырэктар каледжа Святлана Храпко. — Гэта падтрымлівае высокі ўзровень адукацыі і развівае асобу. А ўдзел у такім форуме, як WorldSkills Belarus, шасці нашых навучэнцаў — прэстыж навучальнай установы і жыццёвы поспех хлопцаў. Яшчэ вельмі важна ўбачыць, па якіх тэндэнцыях развіваецца сёння прафесійная адукацыя не толькі ў нашай краіне, але і ў свеце, узровень тэхнічнай абсталяванасці, таму я таксама прысутнічала на чэмпіянаце разам з нашай камандай.

— А чаго больш патрэбна для поспеху: таленту ці працавітасці? — спыталася я ў Святланы Віктараўны, якая ведае ўсе сакрэты прафесійнага станаўлення. Яна сама спачатку скончыла прафесійнае будаўнічае вучылішча, потым — політэхнічны інстытут і, як кажуць, ведае ўсё знутры.

— Талент плюс працавітасць, толькі праз плюс гэтыя паняцці могуць даць добры вынік, — адказала дырэктар.

Менавіта на гэты плюс і на высокі вынік працуе ўвесь калектыў каледжа, і ў першую чаргу тыя, хто непасрэдна рыхтаваў навучэнцаў да конкурсу. Так, з Артурам Аксенем працуе майстар вытворчага навучання А.М.Карповіч. Алена Міхайлаўна адзначае высокую працавітасць і зацікаўленасць свайго вучня ва ўсім новым. Да конкурсу рыхтаваліся штодзённа. Артур выконваў не толькі тэставыя заданні, але і спрабаваў новыя прыёмы работы.

Здавалася б, такая традыцыйная прафесія, але ў ёй пастаянна з’яўляецца штосьці новае. Так, у каледжы нядаўна набылі сучасны станок па рэзцы каменя і керамікі. Артур і яго асвойвае. Хлопец добра вучыцца і па агульнаадукацыйных прадметах, збіраецца паступаць на другую ступень у каледжы. Аб яго прафесіяналізме можа сведчыць і такі факт, што на апошняй вытворчай практыцы, якую праходзіў у будаўнічым упраўленні № 188 “Гроднапрамбуда”, за месяц атрымаў заробак у 6 млн рублёў.

У кампетэнцыі “Праграмнае забеспячэнне для бізнесу” выступіў Дзяніс Чэбарачка, у кампетэнцыі “Вэб-дызайн” — Уладзіслаў Васюк і Уладзімір Васількоў, “Інфармацыйныя кабельныя сеткі” — Дзмітрый Жук, у кампетэнцыі “Адміністраванне сеткавых і інфармацыйных сістэм” — Дзмітрый Барташ. Хлопцаў рыхтуюць выкладчыкі спецыяльных дысцыплін Вольга Вітальеўна Арэхва, Алена Уладзіміраўна Заяц, Віктар Даніілавіч Арэхва, загадчык вучэбна-вытворчых майстэрань Дзмітрый Віктаравіч Філіпеня. Дарэчы, у каледжы зараз рыхтуюць па сямі рабочых спецыяльнасцях першай ступені і па васьмі спецыяльнасцях другой ступені. А сярод выкладчыкаў — 1 кандыдат навук, 2 дацэнты, 41 мае вышэйшую катэгорыю.

Як адзначыла Вольга Вітальеўна, толькі пастаянная работа з новымі кірункамі і тэхналогіямі дазваляе выкладчыкам якасна рыхтаваць будучых спецыялістаў, а Алена Уладзіміраўна дадала, што пачуццё прыгажосці для вэб-дызайнера таксама неабходнае. У такім комплексе і працуюць яны са сваім вучнямі.

Настаўнікі не толькі справе вучылі сваіх выхаванцаў, але і дапамагалі спраўляцца з эмоцыямі, настройвацца на вынік. А выпрабаванне ім выпала не з лёгкіх. Аднак навучэнцы справіліся з заданнямі вельмі добра і не падвялі сваіх педагогаў, свой каледж і сваю вобласць.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.