На чэмпіянаце у Абу-Дабі наша каманда выступала ў 27 прафесійных кампетэнцыях. Некаторыя з іх упершыню былі прадстаўлены на міжнародным узроўні. Адна з іх — “Кузаўны рамонт аўтамабіля”, у якой выступаў Дзмітрый Зубкоў, навучэнец філіяла РІПА Мінскага аўтамеханічнага каледжа. Экспертам у гэтай кампетэнцыі быў Канстанцін Раманавіч Шайтар, загадчык лабараторыі гэтай жа ўстановы.
К.Р.Шайтар і яго выхаванец Дзмітрый Зубкоў многа разоў прадстаўлялі нашу краіну за мяжой. Толькі за гэты год яны пабывалі на многіх міжнародных спаборніцтвах. Гэта загартавала іх псіхалагічна, прыўнесла новы вопыт, пашырыла кругагляд. Таму да складаных заданняў, якія прапаноўваліся ў Абу-Дабі, беларускія ўдзельнікі былі гатовы і цяжкасці вытрымалі дастойна. Заданне складалася з 4 модуляў, якія тычыліся выпраўлення знешніх і ўнутраных пашкоджанняў кузава аўтамабіля. Трэба было выправіць паверхню кузава, замяніць асобныя дэталі аўтамабіля. На работу адводзілася 14 гадзін. Заданне ўскладнялася яшчэ і тым, што працаваць трэба было згодна з патрабаваннямі завода-вытворцы “Мерседэс”, строга выконваючы яго тэхналогіі і выкарыстоўваючы спецыфічны інструмент.
Д.Зубкоў заканчвае апошні курс каледжа і мяркуе стаць сапраўдным прафесіяналам у аўтасправе.
Эксперт у кампетэнцыі “Электроніка” Леанід Казіміравіч Цераховіч працуе начальнікам упраўлення на вядучым прадпрыемстве “Інтэграл”, але апошнія гады цесна звязаны з сістэмай прафесійнай адукацыі і непасрэдна з падрыхтоўкай нашых канкурсантаў да міжнародных спаборніцтваў WorldSkills. Л.К.Цераховіч — сапраўдны прафесіянал, практык, усё яго жыццё звязана з электронікай, і шмат гадоў ён займаецца вытворчасцю дэталей для электроннай прадукацыі. Усе набытыя веды, багаты прафесійны вопыт ён імкнецца перадаць сваім выхаванцам. Адзін з іх — Уладзіслаў Сёмік — дастойны пераемнік Леаніда Казіміравіча. Цяпер Уладзіслаў працуе наладчыкам на “Інтэграле” і з кожным годам імкнецца ўдасканальваць свае ўменні і навыкі, у тым ліку дзякуючы руху WorldSkills.
Павел Сініца з’яўляецца трэнерам спаборнітцва WorldSkills па кампетэнцыі “Мехатроніка”. Ён працуе выкладчыкам у філіяле РІПА Мінскім каледжы сучасных тэхналогій, машынабудавання і аўтасэрвісу. Апошні час яго работа была звязана з падрыхтоўкай канкурсантаў да чэмпіянату ў Абу-Дабі. Па ўмове задання, трэба было сабраць з нуля мехатронную механізававую лінію, правесці яе праграмаванне, наладку і ажыццявіць пуск. У выніку такая лінія павінна была выдаваць гатовы прадукт. Адметна, што згаданая кампетэнцыя прадугледжвала камандную работу. З беларускай каманды выступалі два ўдзельнікі — Дзмітрый Леганькоў і Дзмітрый Заброцкі. Абодва скончылі Мінскі каледж сучасных тэхналогій, машынабудавання і аўтасэрвісу і вучацца ў БНТУ. Хлопцы даўно прыладзіліся працаваць разам, і іх работа заўжды зладжаная і эфектыўная. Іх камандны дух перадаўся ўсёй нацыянальнай зборнай, што прынесла добрыя вынікі беларускай камандзе.
Ала КЛЮЙКО, Абу-Дабі.
Фота аўтара.