З гэтага года дзіцячы тэхнапарк пачаў працаваць як Цэнтр дадатковай адукацыі для матываваных і адораных дзяцей. У цяперашні час адукацыйная праграма для адораных дзяцей рэалізуецца з удзелам розных устаноў адукацыі і арганізацый з дапамогай сеткавай формы ўзаемадзеяння. Гэта дазваляе выкарыстоўваць у адукацыйным працэсе рэсурсы вядучых устаноў вышэйшай адукацыі: Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.
Вучэбныя праграмы па напрамках навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці складзены так, каб навучэнцы маглі авалодаць комплексам ведаў па рэалізацыі даследчага праекта, набыць навыкі збору і апрацоўкі фактычнага матэрыялу для даследавання.
Адбор навучэнцаў для навучання ў дзіцячым тэхнапарку ажыццяўляецца з ліку вучняў 9—11 класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, і праводзіцца экспертным саветам дзіцячага тэхнапарка ў тры этапы.
Першы этап — падача заяўкі ў анлайн-рэжыме на сайце Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка з прымацаваным праектам даследчага характару. Па выніках разгляду заявак да ўдзелу ў другім этапе дапускаюцца навучэнцы, якія прадставілі лепшыя праекты (работы) даследчага характару, а таксама пераможцы, прызёры міжнародных, рэспубліканскіх адукацыйных мерапрыемстваў.
Правядзенне другога (вочнага) этапу адбору навучэнцаў ажыццяўляецца ў рэгіёнах пры арганізацыйнай падтрымцы органаў кіравання адукацыяй абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў. На гэтым этапе навучэнцы выконваюць тэставыя заданні на вызначэнне ўзроўню тэхнічнага, аналітычнага і прасторавага мыслення.
У 2022 годзе інфраструктура Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка будзе ўключаць сучасны вучэбна-лабараторны корпус з высокатэхналагічным абсталяваннем, камфортны інтэрнат на 300 месцаў і побач — новую школу, якая пабудавана і ўжо функцыянуе. Штогод навучанне ў дзіцячым тэхнапарку будуць праходзіць звыш 1500 навучэнцаў па 15 напрамках.
У трэцім (вочным) этапе адбору навучэнцы праходзяць субяседаванне, па выніках якога экспертны савет дзіцячага тэхнапарка фарміруе групы навучэнцаў, якія будуць асвойваць адукацыйную праграму для адораных навучэнцаў. Вучэбная праграма па кожным адукацыйным кірунку разлічана на 72 гадзіны. Заняткі праводзяцца 6 разоў на тыдзень па 4 гадзіны ў групах па 7—10 чалавек.
Дарэчы, 12 выпускнікоў школ і гімназій, якія прайшлі навучанне ў дзіцячым тэхнапарку, паступілі ў беларускія ўніверсітэты на тыя кірункі, па якіх займаліся падчас змены. А 8 творчых праектаў былі прадстаўлены навучэнцамі дзіцячага тэхнапарка на міжнароднай спецыялізаванай выставе ТІВО-2021.
Цяпер у дзіцячым тэхнапарку рэалізуецца адукацыйная праграма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі па тэхнічным, спартыўна-тэхнічным, прыродазнаўча-матэматычным, сацыяльна-эканамічным профілях.
Падрыхтавала Вольга БАРЫСЕВІЧ.