Больш за 15 гадоў настаўніца англійскай мовы гімназіі № 30 Мінска Людміла Васільеўна Брацун выкарыстоўвае ў практыцы работы інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Яны дазваляюць педагогу скараціць часавыя выдаткі на падрыхтоўку да заняткаў, павысіць шчыльнасць урока, павялічыць уздзеянне на розныя каналы ўспрымання і апрацоўкі інфармацыі, узбагаціць нагляднасць, якая забяспечвае ўсвядомленасць і асэнсаванасць вучэбнага матэрыялу, што ўспрымаецца дзецьмі. У метадычнай скарбонцы педагога больш за 20 уласных электронных сродкаў навучання. У гэтым навучальным годзе за распрацоўку праекта па стварэнні электроннага дадатку да факультатыўнага курса “Асновы перакладу” настаўніца ўдастоена гранта Мінгарвыканкама. Педагог ахвотна дзеліцца сваім вопытам з калегамі, са студэнтамі 4—5 курсаў МДЛУ.
— Быць настаўніцай мне, мабыць, было наканавана лёсам,— гаворыць Людміла Васільеўна. — Не я выбірала прафесію, а яна выбрала мяне. У школе я была выдатніцай і мне вельмі пашчасціла на высокакваліфікаваных настаўнікаў, цікавых і мудрых, на якіх хацелася быць падобнай. Я скончыла спачатку замежнае аддзяленне Рэчыцкага педагагічнага каледжа, потым — Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А.Куляшова па спецыяльнасці “Педагог-псіхолаг” (псіхалогія — маё хобі, якое вельмі дапамагае ў рабоце) і Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Мне вельмі падабаецца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, падабаецца, што ў школе ні адзін дзень не падобны на іншы і што нельга прадугледзець, што будзе літаральна праз некалькі хвілін. На творчую дзейнасць натхняе і ўсведамленне таго, што, каб быць цікавым дзецям, педагог павінен не спыняцца на дасягнутым, пастаянна рухацца наперад, спазнаваць сябе, вучняў, навакольную рэчаіснасць. За гады работы ў школе было ўсё: і радасці, і перамогі, і расчараванні. І калі Л.В.Брацун аднойчы паспрабавала змяніць прафесію, адзін мудры калега-настаўнік задаў ёй пытанне: “А што б ты рабіла, калі б у цябе было ўсё і не трэба было б хвалявацца аб матэрыяльным баку свайго жыцця?” І яна, не задумваючыся, адказала, што вучыла б дзяцей. Так у Людмілы Васільеўны пачаўся новы віток прафесійнага жыцця.
У цяперашні час у школьнікаў значна павысілася матывацыя да вывучэння замежнай мовы: многія збіраюцца паступаць у лепшыя УВА краіны, каб атрымаць прэстыжныя спецыяльнасці, разумеюць, што, каб накіравацца ў падарожжа за мяжу, таксама трэба свабодна размаўляць на замежнай мове. Таму прымушаць вучыцца нікога не трэба. Задача настаўніка — накіраваць, параіць і зрабіць усё магчымае, каб цікавасць да прадмета не згубілася. У гэтым Л.В.Брацун дапамагаюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
— Ідэя стварэння камп’ютарнай падтрымкі ўрокаў англійскай мовы ўзнікла невыпадкова, — расказвае Людміла Васільеўна. — Па-першае, немагчыма жыць у адрыве ад змяненняў, што адбываюцца ў сучасным свеце, а тым больш настаўніку. Мабыць, упершыню ў гісторыі вучні могуць выкарыстоўваць інструменты, неабходныя для авалодання і перадачы ведаў, значна лепш, чым педагогі. Навучэнцы ўступаюць і ствараюць уласныя віртуальныя суполкі з дапамогай новых тэхналогій. Яны праводзяць час у чатах, актыўна карыстаюцца электроннай поштай, сацыяльнымі сеткамі, значна хутчэй і лепш за нас асвойваюць новую апаратуру і рознае праграмнае забеспячэнне і з вялікай павагай адносяцца да магчымасцей ІТ-сферы. Улічваючы ўсё вышэйпералічанае і тое, што вырасла новае “лічбавае” пакаленне дзяцей, якія не разумеюць, каму іх бацькі задавалі пытанні, калі раней не было Google, настаўнік павінен валодаць усім тым, у чым адчувае патрэбу вучань. А сучасны вучань лічыць свой камп’ютар, iPad, планшэт працягам сябе. Забараніць іх немагчыма, бо тое, што забараняеш, прыцягвае. Неабходна гэта ўлічваць і прадэманстраваць, што ўсе гэтыя гаджэты могуць служыць не толькі для забавы, але і для адукацыйных мэт.
Гімназія № 30 удзельнічае ў праекце “Адзін навучэнец — адзін камп’ютар”, і ў распараджэнні педагогаў ёсць мабільны камп’ютарны клас, якім, дарэчы, і карыстаецца Людміла Васільеўна. А паколькі па англійскай мове НІА рэкамендавана толькі некалькі электронных сродкаў навучання — Magic Box для 3 класа і “Лексіка-граматычны практыкум” для 10—11 класаў, то настаўніца пачала ствараць уласныя электронныя сродкі навучання. Перад гэтым педагогу давялося вывучыць шмат спецыялізаванай літаратуры, наведаць шматлікія курсы павышэння кваліфікацыі, сярод якіх — “Распрацоўка электронных адукацыйных рэсурсаў”, “Тэхналогія стварэння мультымедыйных вучэбных курсаў” і інш.
Пры стварэнні ЭСН значную дапамогу аказала і атрыманая спецыяльнасць “Педагог-псіхолаг”, бо пры вывучэнні замежных моў важна ўлічваць асаблівасці ўспрымання чалавека, вызначаць дамінуючую сістэму і па магчымасці задзейнічаць яе ў большым аб’ёме ў параўнанні з астатнімі сенсорнымі сістэмамі. Гэта дазволіла Л.В.Брацун падабраць патрэбныя метады і прыёмы выкладання вучэбнага матэрыялу і больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці кожнага вучня.
У выніку ЭСН, распрацаваныя настаўніцай, уяўляюць сабой своеасаблівыя скарбонкі для педагогаў, у якіх увесь вучэбны матэрыял сістэматызаваны, падабраны шматлікія заданні з анімацыяй, прэзентацыямі. У ЭСН былі ўключаны матэрыялы як нацыянальных падручнікаў, зборнікаў тэстаў, так і расійскіх, брытанскіх крыніц. Пры іх складанні педагог выкарыстоўвала прынцып нагляднасці, які забяспечвае ўсвядомленасць і асэнсаванасць інфармацыі, якая ўспрымаецца вучнямі, інфарматыўнасць, кампенсаторнасць, якая аблягчае працэс навучання і садзейнічае дасягненню мэты з найменшымі выдаткамі сіл і часу, адаптыўнасць.
Праграмныя прадукты створаны пры дапамозе праграм Auto Play MediaStudio, Front Page, Hot Potatoes і прызначаны для выкарыстання ў старшых класах гімназіі. Сярод ЭСН, распрацаваных настаўніцай, — “Listening”, “LingvoQuiz”, “E-Bookshelf for senior students” і інш. Так, ЭСН “Listening” уяўляе сабой дадатак, складзены з матэрыялаў, выкарыстанне якіх садзейнічае развіццю навыкаў успрымання замежнай мовы на слых. Матэрыялы прадстаўлены па размоўных тэмах за курс сярэдняй школы. Гэты дадатак можа выкарыстоўвацца на ўроках, дадатковых занятках, факультатывах, пры падрыхтоўцы да здачы экзамену. ЭСН “LingvoQuiz” складаецца з 32 віктарын-прэзентацый, створаных на матэрыялах Міжнароднага конкурсу “Лінгвісцяня” і выкарыстоўваецца пры правядзенні ўрокаў, адкрытых мерапрыемстваў, на тыднях замежнай мовы, у рабоце лінгвістычнага лагера, пры правядзенні заключных урокаў чвэрці.
“E-Bookshelf for senior students” — электронная кніжная паліца для старшакласнікаў, якая створана з дапамогай праграмы Frontpage і ўключае ў сябе кнігі найбольш папулярных амерыканскіх і англійскіх пісьменнікаў ад Артура Конана Дойла да Вільяма Шэкспіра.
Для вывучэння фразавых дзеясловаў настаўніца распрацавала аднайменны мультымедыйны прадукт. Для ўвядзення дзеяслова як новай лексічнай адзінкі яна прапаноўвае відэа з носьбітамі мовы, для замацавання матэрыялу — яркую прэзентацыю дзеяслова з яго рознымі значэннямі, прыкладамі, табліцамі, карцінкамі, жартамі. Для адпрацоўкі і выкарыстання таго ці іншага дзеяслова прапаноўваюцца гульні і камунікатыўныя заданні. Шэраг трэніровачных практыкаванняў, створаных у праграме Hot Potatoes, дапамагае праверыць і ацаніць атрыманыя веды.
Для ўвядзення лексічных адзінак з выкарыстаннем ЭСН Людміла Васільеўна прымяняе такія метадычныя прыёмы, як семантызацыя назоўнікаў шляхам дэманстрацыі прадметаў, што абазначаюцца (прэзентацыі з ілюстрацыямі), семантызацыя прыметнікаў шляхам паказу выяў розных прадметаў, якія маюць ярка выяўленую якасць. Для замацавання і актывізацыі лексічных адзінак у маўленні педагог прапаноўвае шэраг трэніровачных практыкаванняў, выкананых у праграмах Hot Potatoes і Power Point: падбярыце са спіса падыходзячыя да азначэнняў словы, згрупуйце словы па ўказанай прымеце, устаўце ў сказы словы, якіх не хапае, складзіце як можна больш сказаў з набору слоў і інш. Для азнаямлення, замацавання, трэніроўкі і кантролю засваення граматычнага матэрыялу ў ЭСН уключаны наступныя практыкаванні: параўнайце ўжыванне ў наступных сітуацыях, утварыце граматычную форму па ўзоры, знайдзіце і выпраўце памылкі ў сказах, растлумачце ўжыванне ўказанай граматычнай з’явы. Для навучання ўспрыманню замежнай мовы на слых у ЭСН уключаны відэа- і аўдыяфайлы па розных тэмах праграмы. Настаўніца прапаноўвае вучням: пракаменціраваць дзеянні героя фільма, эпізода, роліка, прагледзець ці праслухаць эпізод і інсцэніраваць гутарку персанажаў, выказаць сваё меркаванне пра …, прывесці прыклады з жыцця, якія даказваюць, што персанаж гісторыі …, абмеркаваць факты, выкладзеныя ў …, і г.д.
Асаблівасць профільнага навучання, уведзенага ў сёлетнім навучальным годзе, — прафесійная арыентаванасць, таму ў межах факультатыўных заняткаў актуальным становіцца правядзенне курсаў, якія арыентуюць вучняў на выбар канкрэтнай спецыяльнасці. Выхаванцам Людмілы Васільеўны, якія пажадалі вывучаць англійскую мову на павышаным узроўні, былі прапанаваны на выбар тры факультатыўныя курсы — “Лексіка-граматычны практыкум”, “Краіназнаўства Вялікабрытаніі і ЗША” і “Асновы перакладу”. Дзесяцікласнікі аддалі перавагу факультатыву “Асновы перакладу”, бо сёння яны добра ўсведамляюць, што навыкі перакладу ім спатрэбяцца незалежна ад таго, будуць яны здаваць ЦТ ці не. Дарэчы, праграма факультатыўнага курса разлічана на навучэнцаў Х класаў гімназій і ліцэяў і распрацавана Т.Паповай. Паколькі ў межах гэтага факультатыўнага курса навучэнцы павінны азнаёміцца з асновамі тэорыі перакладу і спецыяльнай тэрміналогіяй, з відамі, спосабамі, метадамі і прыёмамі перакладу, то ў працэсе навучання настаўніца спалучае элементы лекцыйнага курса і практычных заняткаў. Так, напрыклад, факультатыўныя заняткі “Пераклад як дзейнасць” прадстаўлены ў выглядзе лекцыі, а “Сінтаксічны разбор сказа” — у выглядзе практычных заняткаў.
— Для правядзення факультатываў па курсах “Лексіка-граматычны практыкум”, “Краіназнаўства” існуе шмат адукацыйных рэсурсаў і краіназнаўчых сайтаў, а вось па курсе “Асновы перакладу” такой падтрымкі няма. Таму ў мяне ўзнікла задума распрацоўкі электроннага дадатку да гэтага курса, якая і ўвасобілася ў праекце “Удасканаленне работы па арганізацыі практыка-арыентаваных заняткаў па англійскай мове ў межах факультатыўнага курса “Асновы перакладу” шляхам стварэння электроннага дадатку (ва ўмовах профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі)”, разлічанага на два гады. Сярод задач праекта — падабраць дыдактычныя матэрыялы для навучання старшакласнікаў элементам перакладчыцкай дзейнасці, стварыць вучэбныя прэзентацыі, падабраць розныя віды практыкаванняў і заданняў і інш.
Настаўніцай створана дэма-версія электроннага дадатку, які ўяўляе сабой скарбонку электронных матэрыялаў. Галоўная яго старонка змяшчае раздзелы: “Нарматыўна-прававое забеспячэнне” — там можна азнаёміцца з асноўнымі дакументамі, неабходнымі для належнай арганізацыі адукацыйнага працэсу па мове; “Тэматычнае планаванне”, “Літаратура”, дзе прадстаўлены электронныя версіі работ аўтараў па методыцы перакладу; “Заняткі”, “Практыкаванні”, “Відэа”, “Вучэбна-даследчая дзейнасць”. У раздзеле “Заняткі” можна будзе адшукаць распрацоўкі планаў факультатыўных заняткаў, мультымедыяпрэзентацыі да кожных заняткаў, відэафільмы і відэаролікі, практыкаванні ў тэкставым фармаце і ў выглядзе электронных тэстаў і заданняў.
Па словах Л.В.Брацун, уключэнне раздзела “Вучэбна-даследчая дзейнасць” тлумачыцца тым, што практыка-арыентаваныя заняткі накіраваны на развіццё ў навучэнцаў навыкаў даследчай работы, уменняў аналізаваць, сістэматызаваць, абагульняць атрыманыя веды, вылучаць галоўнае, рабіць вусныя даклады і паведамленні.
Плануецца, што гатовая версія электроннага дадатку да факультатыўнага курса будзе распрацавана ў праграме Auto Play Media Studio 6.0 з выкарыстаннем офісных праграм Microsoft Word 2010, Microsoft Power Point 2010, праграмы для стварэння тэстаў Hot Potatoes 6. А зараз настаўніца стварае вучэбныя прэзентацыі з трэніровачнымі практыкаваннямі па найбольш складаных тэмах англійскай мовы, распрацоўвае апорныя схемы, тэксты, функцыянальна-сэнсавыя табліцы, назапашвае матэрыял па тэмах “Прыназоўнік”, “Фразавыя дзеясловы”, апрабоўвае практычныя вучэбныя матэрыялы, якія папоўняць электронны дадатак.
***
Выкарыстанне ІКТ на ўроках англійскай мовы і на факультатыўных занятках прыносіць свой плён. У навучэнцаў павысілася матывацыя да вывучэння прадмета, палепшылася паспяховасць. Высокія вынікі дэманструюць выхаванцы Людмілы Васільеўны на алімпіядах і навукова-практычных канферэнцыях. Так, сёлета на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па англійскай мове дзесяцікласніца Тамара Бабіна заваявала дыплом ІІ ступені, а навучэнкі 10 класа Аляксандра Герман і Наталля Рабцэвіч удастоены дыпломаў ІІІ ступені. Летась на гарадскім конкурсе даследчых работ Тамара Бабіна ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені за навуковую работу “Фразавыя дзеясловы”.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.