Канікулы — лепшы час для экскурсій

- 16:19Навіны рэгіёнаў

Канікулы — самы прыемны час для дзіцяці. Менавіта ў гэты час можна бесклапотна падарожнічаць, спасцігаючы прыгажосць і культуру навакольнага свету. Зусім не абавязкова ехаць далёка. Самае галоўнае — гэта родны дом, родная вуліца, любімы горад.

Вось і ў нашай установе задумаліся пра тое, што ведаюць дзеці аб назве вуліцы, на якой яны жывуць. Аказалася, што не толькі дзеці, але і многія бацькі прамаўляюць назву вуліцы аўтаматычна, не задумваючыся. У назве любой вуліцы тоіцца цэлая гісторыя, па якой можна не толькі пашыраць уяўленні дзіцяці пра навакольны свет, ствараць музейныя пакоі, але фарміраваць любоў да роднага краю. У назве вуліц за імем і прозвішчам стаіць жыццё чалавека, яго гонар, гісторыя яго дасягненняў, дзякуючы якім справа яго жыцця было заўважана і праслаўлена.

Мы вырашылі стварыць стабільную базу, дзе можна знаёміцца з гісторыяй роднай вуліцы. На ёй пабудаваны дзіцячы сад, пражывае абсалютная большасць нашых выхаванцаў. Падрыхтавалі інфармацыйныя стэнды з фотаздымкамі людзей, у гонар якіх названы вуліцы мікрараёна, кароткія паведамленні па назвах вуліц. Стварылі доўгатэрміновы праект, дзякуючы якому дзеці ў канікулярны час вывучаюць назвы вуліц свайго мікрараёна. Выхавальнік дашкольнай адукацыі Юлія Клімава далучыла да праекта іншыя групы ўстановы. Арганізоўваючы экскурсіі для сваёй групы, абавязкова запрашала калег.

Самае дзівоснае — гэта рэакцыя бацькоў. “Мама, хіба ты не ведаеш, мы жывём на вуліцы вялікага рускага паэта Аляксандра Пушкіна!” “А я жыву на вуліцы першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай!” І, паверце, радасці ад пазнання новага ў назве вуліц не менш, чым экскурсія ў музей.

Для паглыблення ведаў аб родным горадзе вырашылі падрыхтаваць стэнды з фотаздымкамі вядомых людзей, якія ўнеслі істотны ўклад у развіццё горада. І хай, разглядаючы іх, дзеці не заўсёды запомняць імя і прозвішча вядомага дзеяча, але прыклад жыццёвай стараннасці, арыенцір на лепшы вынік абудзяць павагу, любоў да роднага краю.

Людміла ПЧАЛІНЦАВА,
загадчык ясляў-сада № 40 Гродна.