Канцэнтрацыя сучаснага мастацтва

- 12:06Культура

Днямі Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь адзначыў свой першы юбілей. Прычым зрабіў гэта адкрыццём незвычайнай, вельмі вялікай і цікавай выставы, якая адлюстравала ў 8 залах усю 5-гадовую дзейнасць цэнтра. А за гэты час было рэалізавана ні многа ні мала амаль 300 праектаў. Калі ж гаварыць пра наведвальнікаў, то толькі ў 2019 годзе ў цэнтры пабывала каля 19 тысяч гледачоў, сярод якіх былі госці з розных краін свету.

А.Іназемцава.

Юбілейны выставачны праект Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў — гэта своеасаблівая рэтраспектыва дзейнасці цэнтра праз фатаграфіі былых экспазіцый, перададзеныя мастакамі ў фонды цэнтра творы, плакаты, каталогі, тэксты. Гэта канцэнтрацыя мастацкіх выказванняў, ідэй і сэнсаў, якія яны трансліравалі ў залах цэнтра. Гэта гісторыя ўзаема-дзеяння гледача і мастацтва.

“Сярод самых значных праектаў апошніх гадоў хочацца згадаць правядзенне Нацыянальнай кінапрэміі, удзел у Венецыянскім біенале, стварэнне выстаў “Спорт — гэта высокае мастацтва” і “Казімір Малевіч і ХХІ стагоддзе”, прымеркаваных да ІІ Еўрапейскіх гульняў, і сёлетні праект “Алфавіт вайны”, прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, — адзначыў дырэктар цэнтра Сяргей Крыштаповіч. — 5 гадоў — гэта вельмі мала, але ўсё роўна вялікі тэрмін, напоўнены энергіяй і творчасцю. Увесь гэты час мы сумленна працавалі і працягваем працаваць на культуру, стараючыся зрабіць свята для нашага гледача. Таму ўсе мары мае і маіх калег звязаны з цэнтрам, бо мы вельмі спадзяёмся, што хутка зможам пашырыць яго плошчу, каб маглі прэзентаваць любы твор мастацтва любога памеру”.

У экспазіцыі юбілейнай выставы таксама рэпрэзентаваны буйныя міжнародныя праекты НЦСМ. “Тут прадстаўлена больш за 57 выставачных праектаў з 8 краін: Латвіі, Літвы, Польшчы, Германіі, Японіі, Швецыі, Фінляндыі і Чэхіі, — патлумачыла намеснік дырэктара па творчай рабоце Алеся Іназемцава. — Дэманструецца каля 500 фатаграфій, да таго ж тут размешчаны вокладкі часопіса “Мастацтва”, у якім былі добрыя рэцэнзіі на нашы праекты, каталогі і г.д.”.

Сёння Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, які быў заснаваны 1 кастрычніка 2015 года на базе Цэнтра сучасных мастацтваў і Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, — адна са значных устаноў культуры, якая вядзе актыўную работу па вывучэнні, экспанаванні і папулярызацыі менавіта сучаснага беларускага мастацтва. Але ж гісторыя цэнтра налічвае значна больш гадоў. У свой час тут, на сталічнай вуліцы Някрасава, 3, працавалі творчыя акадэмічныя майстэрні жывапісу, графікі і скульптуры пад кіраўніцтвам легендарнага мастака Міхаіла Савіцкага. А таму ў экспазіцыі ў тым ліку прадстаўлены малавядомыя карціны знакамітага жывапісца і фотаздымкі часоў творчых майстэрань.

С.Крыштаповіч.

НЦСМ, як і іншыя ўстановы культуры, усё больш актыўна ўзаемадзейнічае са сваімі віртуальнымі наведвальнікамі. “Гэта ўжо не даніна модзе, а патрабаванні рэальнасці,  таму мы ўсё больш кантактуем з нашымі гледачамі ў анлайн-фармаце, — сказала намеснік ды-рэктара цэнтра. — Плануем увесці форму музейных дыялогаў, каб нашы наведвальнікі маглі з экспертамі абмяркоўваць пэўныя тэмы і праблемы мастацтва. Працягваюць карыстацца папулярнасцю нашы афлайн-сустрэчы з мастакамі і адкрытыя экскурсіі. Акрамя таго, мы ганарымся, што ў мінулым го-дзе цэнтр пачаў мэтанакіраванае ўзаемадзеянне з сямейнай і дзіцячай аўдыторыяй. Так, для малодшых школьнікаў у нас праводзіцца “Арт-азбука”, для бацькоў з дзецьмі — “Азбука пачуццяў”, а для дзяцей усіх узростаў — курс “Білінгвальная азбука”, накіраваны на трансфармаванне сваіх пачуццяў і эмоцый праз творчасць”.

У цэнтры заўсёды рады наведвальнікам усіх узростаў, але яго супрацоўнікаў асабліва радуе, калі прыходзяць настаўнікі са сваімі вучнямі. “Мы заўсёды знойдзем спосаб, як цікава расказаць пра сучаснае мастацтва і як прэзентаваць беларускіх сучасных творцаў, якіх, на жаль, яшчэ зусім мала ведаюць. А іх варта ведаць для фарміравання гордасці за свой народ, — падкрэсліла А.Іназемцава. — У кожнай экспазіцыі можна знайсці тэму для дыялогу з любой катэгорыяй наведвальнікаў”.

Выставачны праект, прымеркаваны да юбілею Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, будзе дэманстравацца да 15 лістапада.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.