Каралі і каралевы паўэрліфтынга

- 10:00Спартыўныя падзеі

Абласныя спаборніцтвы па паўэрліфтынгу сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-­тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ўпершыню прайшлі ў Магілёве.

Турнір па сілавым трохбор’і аб’яднаў 17 каманд. Усяго ўдзел у ім прынялі каля 70 юнакоў і дзяўчат.

Як было адзначана падчас адкрыцця спаборніцтваў, у рэгіёне вялікая ўвага ўдзяляецца далучэнню маладых людзей да рэгулярных заняткаў фізкультурай і спортам. Многае робіцца і для папулярызацыі паўэрліфтынга сярод моладзі.

— Напярэдадні спаборніцтваў быў арганізаваны агляд-конкурс трэнажорных залаў сярод устаноў прафесійнай адукацыі і абласных ліцэяў. Вынікі паказалі, што спартыўная база навучальных устаноў розная па сваім аснашчэнні, але забяспечвае ўсе ўмовы для ажыццяўлення якаснага вучэбна-трэніровачнага працэсу. Важна і тое, што сярод прыярытэтаў дзейнасці педагогаў прысутнічае фізкультурна-аздараўленчая работа з вучнямі. Спаборніцтвы па сілавым трохбор’і праводзяцца першы раз, але спадзяюся, што іх арганізацыя стане добрай традыцыяй, — падкрэсліў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ігар Лашкевіч, пасля чаго ўручыў дыпломы кіраўнікам лепшых па выніках агляду ўстаноў адукацыі.

Так, дыпломамі былі адзначаны Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, Магілёўскі дзяржаўны прафесійны агралесатэхнічны каледж імя К.П.Арлоўскага і Магілёўскі дзяржаўны абласны ліцэй № 3. Абсалютным пераможцам стаў Магілёўскі прафесійны электратэхнічны каледж. Менавіта на базе гэтай установы сабраліся юныя паўэрліфтары рэгіёна.

Спаборніцтвы праходзілі ў дзвюх групах: сярод юнакоў і сярод дзяўчат па сямі вагавых катэгорыях. Спартсменам неабходна было выканаць па тры практыкаванні ў праграме трохбор’я — прысяданне, жым лежачы, станавая цяга. Нягледзячы на тое, што ў асноўным удзельнікі займаюцца паўэрліфтынгам на аматарскім узроўні, усе яны паказалі дастаткова добрую фізічную падрыхтоўку.

— У рамках спаборніцтваў у нас былі нават свае рэкорды. Напрыклад, навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага машынабудаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа Яўген Кабазаў паказаў вынік па суме трохбор’я 466 кг. Навучэнец Клічаўскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Кірыл Буракоў прадэманстраваў 200 кг у станавой цязе. Вызначыліся таксама навучэнец Бабруйскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа Аляксандр Нямзораў і навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 Аляксандра Ісачанка, — расказаў галоўны суддзя спаборніцтваў Яўген Кусянкоў. 

Добрыя паказчыкі на турніры прадэманстравалі многія. А ўсё таму, што маладыя лю­дзі сур’ёзна захоплены гэтым відам спорту.

— Сілавым трохбор’ем займаюся з таго часу, як прыйшла вучыцца ў ліцэй. Раней у школе захаплялася цяжкай атлетыкай. Трэніруюся рэгулярна, вельмі падтрымліва­юць у гэтым педагогі Вадзім Генадзьевіч Осіпаў і Уладзімір Міхайлавіч Панцюшын. Я ўжо выступала паспяхова на спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы. У паўэрліфтынгу спрабую сябе ўпершыню, але і тут планую выступіць годна, — падзялілася навучэнка дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 9 Магілёва імя А.П.Старавойтава Настасся Салаўёва.

Дарэчы, у Насці ўсё атрымалася. У сілавым трохбор’і яна прадэманстравала лепшы паказчык у сваёй вагавой катэгорыі (215 кг!) і заваявала пераможны залаты медаль. Што да вынікаў спаборніцтваў, то ўсяго медалямі і дыпломамі былі адзначаны звыш 30 юнакоў і дзяўчат. У агульным медальным заліку вызначыліся каманды Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа і Магілёўскага дзяржаўнага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа імя К.П.Арлоўскага.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.