Каравай за перамогу

- 12:06Навіны рэгіёнаў

Праект “Музейны калейдаскоп”, які ажыццяўляецца ў сярэдняй школе № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы, накіраваны на вывучэнне культурна-гістарычнай спадчыны беларускага народа, выхаванне патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў. Адным з мерапрыемстваў праекта стала вочна-завочная квест-гульня, да ўдзелу ў якой мы запрасілі каманды вучняў 5—10 класаў навучальных устаноў Гродзенскай вобласці.

Удзел у квесце прынялі 26 каманд са Слоніма і Слонімскага раёна, Гудагая Астравецкага раёна, Гродна і Гродзенскага раёна, Астраўца, Карэліч, Смаргонскага раёна.

Першы этап (завочны) прадугледжваў выкананне заданняў інтэлектуальнай гульні “Свая гульня” на тэму “Хлеб — усяму галава”. Другі этап быў арганізаваны ў форме завочнай творчай прэзентацыі музея сваёй установы адукацыі. Пасля яго на сайце віртуальнага музея хлеба сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы было праведзена анлайн-галасаванне, якое і вызначыла пераможцу гэтага этапу. Трэці этап, таксама завочны, праведзены ў форме анлайн-віктарыны па пытаннях, дасланых падчас правядзення другога этапу камандамі-ўдзельніцамі.

Чацвёрты этап быў вочным і прайшоў у форме інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” у сярэдняй школе № 2 Свіслачы. Каманды-ўдзельніцы, якія на працягу месяца спаборнічалі ў завочных этапах (“Свая гульня”, “Прадстаўленне музея ўстановы адукацыі”, “Ты мне — я табе”), праявілі кемлівасць і веды па тэматыцы музеяў устаноў адукацыі Гродзенскай вобласці.

Пераможцам квест-гульні стала каманда “Эўрыка” з сярэдняй школы № 2 Слоніма, якой уручаны кубак і памятныя прызы кожнаму ўдзельніку, а таксама каравай свіслацкіх майстроў.

Правесці квест-гульню нам дапамагалі свіслацкія раённыя арганізацыі РГА “Белая Русь”, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Свіслацкі раённы фізкультурна-спартыўны клуб, Свіслацкі раённы цэнтр турызму і краязнаўства.

Наталля САЛДАЦЕНКАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
сярэдняй школы № 2 імя М.П.Масонава Свіслачы.