“Хуткую харчовую дапамогу” птушкам аказваюць школьнікі Крупшчыны. У раёне праводзіцца тэматычная акцыя “Кожнай птушачцы — наша кармушка”.
Раённы эколага-патрыятычны клуб “Спадчына” з’яўляецца арганізатарам і ініцыятарам мноства добрых і карысных спраў. Другую зіму запар члены клуба накіроўваюць сілы школьнікаў раёна на дапамогу птушкам. Каб матываваць навучэнцаў, быў аб’яўлены конкурс на лепшую кармушку. У школах і гімназіях заўзята ўзяліся за працу, і на раённы конкурс было прадстаўлена каля 50 вырабаў. У іх творцы праявілі не толькі клопат пра птушак, але і сваю бязмежную крэатыўнасць. Былі кармушкі ў выглядзе домікаў, альтанак, кошыкаў, драўляныя, пластыкавыя, саламяныя, шматпавярховыя і прыгожа аздобленыя. Сярод вырабаў сустракаліся і надзвычай прыгожыя, якія могуць выконваць толькі дэкаратыўную функцыю. З іх плануецца зрабіць выставу. Астатнія ж будуць радаваць птушак.
Лепшыя кармушкі ўдзельнікі клуба “Спадчына” перадалі выхаванцам дзіцячых садоў і дашкольных цэнтраў развіцця дзіцяці і разам з імі развесілі домікі для птушак на тэрыторыі ўстаноў, а таксама расказалі маленькім таварышам, чым лепш частаваць крылатых сяброў і чаму ім патрэбна такая дапамога.
Крупскія школьнікі і надалей будуць дапамагаць птушкам — наперадзе акцыя па стварэнні шпакоўняў.
Дар’я РЭВА.
Фота Аляксандра БУДЗЬКО.