Карысная і цікавая бабуліна навука

- 11:28Культура

У Пагародзенскім цэнтры культуры і народнай творчасці Воранаўскага раёна і дзеці, і дарослыя маюць магчымасць наведаць майстар-клас па ткацтве. Яго з задавальненнем праводзіць народны майстар Беларусі Станіслава Вікенцьеўна Міхно. Майстар-клас Станіславы Вікенцьеўны вельмі запатрабаваны. Ткачыха не толькі вучыць не баяцца кроснаў, але і ведае безліч прымавак і прыказак, песень і прыпевак, якімі з радасцю дзеліцца з людзьмі. Дзякуючы ёй, з’явіўся ткацкі станок, які не проста стаіць, а працуе ў поўную сілу. Рамяство, якое раней уваходзіла ў жаночыя абавязкі, набыло тут характар творчага занятку для душы.

На майстар-клас да слаўнай ткачыхі адправіліся і вучні 4 класа Пагародзенскай сярэдняй школы. Дзеці ведалі пра такое народнае рамяство, але ніколі не бачылі вытканых вырабаў. Саматканыя дываны, посцілкі, ручнікі, абрусы зніклі з ужытку: гаспадыні сёння аддаюць перавагу фабрычным вырабам. А бабуліны рэчы сталі нямоднымі, таму іх выкідваюць ці выкарыстоўваюць у “бруднай” гаспадарцы, не шануючы і не ведаючы іх сапраўднай каштоўнасці.

Станіслава Вікенцьеўна расказала чацвёртакласнікам, што ткаць пачала ў 15 гадоў, а зараз жанчыне — 87. Па яе ініцыятыве адкрыты музейны пакой “Тут Радзімы маёй пачатак”, у якім сабраны старадаўнія рэчы з побыту нашых продкаў. За сваё жыццё майстрыха выткала больш за 40 дываноў і столькі ж ручнікоў. Усе яе дываны адрозніваюцца адзін ад аднаго ўзорамі. Часам гэта раслінна-кветкавыя кампазіцыі ці геаметрычныя выявы жывёл і экзатычных птушак. Сустракаюцца і васьміканцовыя разеткі-зоркі — такі арнамент характэрны для мясцовай тэхнікі падвойнага ткацтва. Дываны, якія ззяюць, нібы вясёлка, асобнымі яркімі радамі, Станіслава Вікенцьеўна называе “перабіранкамі”, а дываны, на якіх размясціліся кампазіцыі, — “выбіранкамі”.

Сёння галоўная задача майстрыхі — зберагчы народную спадчыну, данесці і перадаць яе нашчадкам. Пад кіраўніцтвам ткачыхі з ліпеня 2012 года пачала работу студыя “Школа ткацтва”. Разам са Станіславай Вікенцьеўнай яе выхаванцы складаюць узоры, сеюць кросны, вывучаюць тэхніку ткацтва. Станіслава Міхно — удзельніца і неаднаразовы дыпламант шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх фестываляў.

Многія дзяўчынкі, якія ўдзельнічалі ў майстар-класе, вырашылі асвоіць навуку вырабу дываноў, выказалі жаданне наведваць школу ткацтва. Спадзяюся, што, дзякуючы маленькім пагародзенцам, лепшыя традыцыі беларускага народа не знікнуць, а будуць развівацца і жыць у цудоўных вырабах.

Алена ЛАСТОЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі
Пагародзенскай сярэдняй школы Воранаўскага раёна Гродзенскай вобласці.