Сёння дызайнеры ўсё часцей выкарыстоўваюць для натхнення б/в рэчы, што прыйшлі ў нягоднасць. Матэрыялам для творчасці можа служыць усё, што раней выкідвалася ў смецце: пакеты, лямпачкі, рулоны ад папяровых ручнікоў, старыя джынсы… У сярэдняй школе № 20 Брэста імя Героя Савецкага Саюза Д.М.Карбышава ўзялі гэтую тактыку на ўзбраенне. У рамках аб’яднання па інтарэсах “Майстрыхі” тут актыўна выкарыстоўваецца методыка пераробкі старых рэчаў — кастамайзінг. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».
Кіраўнік аб’яднання настаўніца абслуговай працы Надзея Генадзьеўна Шчэбет расказвае:
— Нейкія прадметы адзення з часам выходзяць з моды, нейкія надакучваюць, а іншыя зношваюцца, рвуцца і, на думку многіх, больш не прыдатныя для нашэння. Але ў чуйных руках майстрыхі яны могуць ператварыцца ў нешта сапраўды цікавае. У нашай калекцыі “пераробак” ужо ёсць цацкі, вокладкі для штодзённіка, стыльныя прыхопкі, трымальнікі для сталовых прыбораў, святочныя гірлянды, утульныя пледы, упрыгажэнні, аксесуары: калье, завушніцы, шоперы, рукзакі, панамы, зробленыя з другаснага дэніму.
Што будзеце заказваць?
Кастамайзінг (ад англійскага слова customize — заказ) — гэта метад дэкарыравання і пераробкі ўжо гатовых рэчаў, у адпаведнасці з пажаданнямі і патрэбамі іх уладальніка. Па сутнасці, гэта зусім не новы кірунак, усе мы памятаем эфектную зялёную сукенку Скарлет О’Хара, дзеля якой ёй прыйшлося развітацца з выдатнымі “фамільнымі” шторамі. Але кастамайзінг — гэта не толькі пра перашыванне старых рэчаў. Да яго адносіцца і ўнясенне новых эфектаў і дапаўненняў у толькі што набытую рэч (аплікацыя, вышыўка, роспіс), і ліквідацыя дэфектаў, пашкоджанняў адзення, і пэчворк — тэхніка злучэння невялічкіх шматкоў тканіны ў новы паўнавартасны выраб.
— Умець многае рабіць сваімі рукамі — залог упэўненасці ў сабе. Гэта я бачу па сваіх вучаніцах. Створаная ўласным розумам і вырабленая сваімі рукамі рэч робіць чалавека больш гуманным і беражлівым, дазваляе значна скараціць уласныя расходы. Але актыўнае выкарыстанне другаснай сыравіны выгаднае не толькі па прычыне зніжэння асабістых выдаткаў, але і з пункту погляду экалагічнага падыходу да перапрацоўкі адзення. Звычайныя спажыўцы не маюць дакладнага ўяўлення пра ўмовы і этапы вытворчасці. Напрыклад, для таго, каб стварыць джынсы, трэба амаль сем тысяч літраў вады, тры кілаграмы хімікатаў, каля 13 квадратных метраў зямлі, на якой расце бавоўна… Сёння вытворчасць адзення займае другое месца ў спісе самых шкодных і разбуральных для навакольнага асяроддзя відаў прамысловасці, адразу пасля нафтавай. Таму кастамайзінг — гэта не проста трэнд, які дазваляе ствараць унікальныя рэчы ў адзінкавым экзэмпляры. Гэта спосаб беражлівага і адказнага стаўлення да навакольнага асяроддзя, — падкрэслівае Надзея Генадзьеўна.
Колер настрою — сіні
Для юных майстрых кастамайзінг пачаўся зусім не з жадання ісці ў нагу з модай.
— Уся справа ў джынсах, — расказвае Надзея Генадзьеўна. — Нам тэрмінова спатрэбілася джынсавая тканіна, але сродкаў на яе набыццё катастрафічна не хапала. І мы арганізавалі ўнутрышкольную акцыю — павесілі аб’яву з прапановай абмяняць старыя джынсавыя рэчы на падарунак. Кожны, хто прыносіў нам непатрэбнае адзенне з дэніму, праз некаторы час атрымліваў маленькі сувенір з рэшткаў свайго ахвяравання (напрыклад, прыгожую бірульку ці цацку, створаную рукамі нашых майстрых). У выніку нам прынеслі столькі джынсавых рэчаў, што прайшло два гады, а матэрыял у нас не скончыўся і цяпер, хаця мы ўжо выпусцілі вялікую калекцыю другаснага джынсавага адзення. А ў гэтым годзе заняліся вырабам аксесуараў: сумачак, рукзакоў, упрыгажэнняў, рукавічак, капелюшоў і шапак-вушанак з джынсавай тканіны.
Але самы любімы від творчай перапрацоўкі ў дзяўчат — стварэнне шопераў.
— Не ведаю чаму. Магчыма, гэта даніна модзе, а можа, прычына ў тым, што шоперы вельмі лёгка робяцца. У любым выпадку гэты від пераробак самы папулярны. Яшчэ навучэнкі з задавальненнем майструюць цацкі з дэніму. Карацей кажучы, мы замахваемся на многае, — працягвае Надзея Генадзьеўна.
Каб вы маглі ўявіць маштабы джынсавай дзейнасці аб’яднання — у іх ёсць нават рэпрадукцыя карціны Ван Гога “Зорная ноч”.
— Гэтую работу мы стваралі з дзяўчатамі калектыўна, для абласной экалагічнай акцыі “Хто, калі не мы”. Па ўмовах конкурсу, неабходна было зрабіць рэпрадукцыю вядомай карціны з другаснай сыравіны. Мы пачалі думаць, успомнілі, што ў нас засталося шмат розных адценняў джынсавай тканіны, і паспрабавалі з маленькіх квадрацікаў вылажыць карціну, прыклеілі яе на клеявую павуціну, замацавалі метадам мастацкага цыравання… Па выніках конкурсу атрымалі дыплом ІІ ступені, — з усмешкай расказвае Надзея Генадзьеўна.
Круэла супраць далмацінцаў
Сёння джынсавыя рэчы часова адкладзены ўбок — дзяўчаты кінулі ўсе сілы на новы праект. Цяпер яны ўсюды шукаюць вырабы з анімалістычным прынтам.
— Наша новая калекцыя называецца “Круэла”. А натхніў на яе стварэнне персанаж аднайменнага фільма. У інтэрпрэтацыі папулярнай кінастужкі (у адрозненне ад мультфільма “101 далмацінец”) гэта вельмі цікавая, неадназначная гераіня — таленавітая дзяўчына, якая спрабуе рэалізаваць свае ідэі ў галіне дызайну адзення. Яна імкнецца ўвесці новы погляд на модныя тэндэнцыі, прапануе смелыя, часам эксцэнтрычныя дызайнерскія рашэнні, што мы і паспрабавалі перадаць у сваёй калекцыі. У кожнай мадэлі выкарыстоўваецца элемент з экаскуры і роспіс літарамі, каб падкрэсліць адметныя асаблівасці персанажа, яго экстравагантнасць. Самым праблемным для нас аказаўся пошук тканіны з прынтам “далмацінец”: яго выкарыстанне было прынцыповым, бо ў Круэлы вельмі неадназначныя адносіны з гэтай пародай, касцюм з натуральнай плямістай шкуркі яна рабіла дзеля помсты. Мы з дзяўчатамі, вядома, не такія крыважэрныя, аднак дзеля анімалістычнага прынту і нам прыйшлося пайсці на ахвяры. Мы нідзе не маглі яго раздабыць, у мясцовых магазінах не знайшлі такога матэрыялу. Крыху падобнае да таго, што нам трэба, адшукалі толькі ў міжнародным інтэрнэт-маркеце, але па такім ашаламляльным кошце, што толькі рукамі развялі. Нарэшце адна з навучэнак адкапала дома старую падушку ў характэрныя чорныя плямкі. Яе мы і пусцілі на “шкурку далмацінца”, — прыгадвае педагог.
Умець многае рабіць сваімі рукамі — залог упэўненасці ў сабе.
Яна спадзяецца на поспех калекцыі, якая хутка будзе прадстаўлена на гарадскім конкурсе дызайн-праектаў у галіне мадэлявання і дызайну адзення Junior Style.
— Кожная з дзяўчат з задавальненнем прымерала на сябе экстравагантны вобраз, — заўважае Надзея Генадзьеўна. — Гэта бачна па тым, як майстрыхі паводзяць сябе на дэфіле, — упэўнена, выразна, атрымліваючы сапраўдную асалоду ад пераўвасаблення ў каралеву подыума. Не ведаю, як наконт перамогі, але задавальненне ад удзелу ў конкурсе мы дакладна атрымаем.
У рэшце рэшт, кожны дызайнер адзення ў душы крыху Круэла.
Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ
Фота з архіва школы