Касцюкоўскія палацы

- 12:27"Настаўніцкай газеце" — 70

Сярод чыстага поля ўзводзіцца вёска на 150 цагляных дамоў, з палісаднікамі, новымі вуліцамі, сельсаветам, школай, бальніцай, клубам — факт, які і сёння заслугоўвае ўвагі рэспубліканскіх СМІ. А што ўжо гаварыць пра першы пасляваенны год, калі навокал былі руіны? Наша выданне проста не магло абысці ўвагай адраджэнне часткова спаленай немцамі вёскі Касцюкі Барысаўскага раёна. Як сёння жывецца касцюкоўцам? Што памятаюць яны пра вайну? Ці стаяць цагляныя дамы, панарамны здымак будаўніцтва якіх змешчаны ў нумары “Настаўніцкай газеты” за 6 лістапада 1946 года?

Жаданне тагачаснай улады пабудаваць першы ў краіне калгасны гарадок, безумоўна, заслугоўвае добрых слоў. Аднак для рэалізацыі гэтага праекта быў выбраны не самы ўдалы час. Толькі што адгрымела вайна, і да стабільнай сітуацыі ў эканоміцы трэба было пераадолець яшчэ не адну пяцігодку. І ўсё ж тое, што са 150 запланаваных дамоў узведзена каля 20, — таксама дасягненне. Гэта значыць, не менш за 20 сем’яў перабраліся ў… не, не проста дамы, а ў сапраўдныя палацы. Менавіта гэтае слова найбольш дакладна характарызуе жылую плошчу, выдзеленую дзяржавай для людзей, якія жылі на папялішчы родных сядзіб, у зямлянках. Утульныя, прасторныя, цагляныя — яны здаваліся на той час сапраўднымі палацамі.
Хіба не заслужылі такой узнагароды мясцовыя жыхары? Хіба тыя пакуты, якія яны вынеслі падчас нямецкай акупацыі, не былі вартыя такога падарунка? Адзінае, што недагаворана ў лістападаўскім нумары за 1946 год: будавалі дамы не толькі (нават не столькі) калгаснікі сельскагаспадарчай арцелі “Другая пяцігодка”, колькі палонныя немцы. Ці былі сярод будаўнікоў тыя, хто расстраляў 31 ліпеня 1941 года 18 касцюкоўцаў, у тым ліку бацьку былога дырэктара Касцюкоўскай базавай школы Мікалая Сцяпанавіча Супрановіча, не вядома. Ды гэта ўжо і не так важна. Галоўнае, што памяць пра землякоў касцюкоўцы па-ранейшаму захоўваюць. А вось з палоннымі, дарэчы, звязаны адзін цікавы факт.
— Ніхто асабліва іх не ахоўваў. Неяк адзін немец злачынна накапаў у сялян бульбу, дык яго злавілі і павялі да начальства. А мы, хлапчукі, беглі і намагаліся чым-небудзь у яго кінуць. Старэйшыя нам не забаранялі, бо надта ж многа гора немцы нарабілі нам. Так, у пачатку вайны яны правялі расстрэл з простай прычыны: каб запалохаць людзей. А зачэпка была такая. Немцы ехалі на матацыкле. Матацыкл сапсаваўся, яны кінулі яго на дарозе і пайшлі па дапамогу. А ў гэты час адзін наш вясковец скраў запасное кола. Пачаліся пошукі, допыты. Склалі спіс даваенных партыйных актывістаў. Іх выклікалі на допыты ў першую чаргу. Спачатку расстралялі 8 чалавек. Потым немцы пайшлі на поплаў Бярэзіны, дзе людзі сена нарыхтоўвалі. Значыць, ідзе немец і ўважліва разглядвае ўсіх. Хто коса на яго паглядзеў, хто пастрыжаны, як салдат, — на расстрэл. Майго бацьку там расстралялі. Мне тады было 3 гады і 3 месяцы. Дзень расстрэлу помню падрабязна. Асабліва часта ўзгадваю той момант, калі маці несла на поплаў у чайніку ваду. Калі даведалася, што бацьку расстралялі, закрычала, схапілася за галаву рукамі. Чайнік выпаў, зляцела на зямлю і накрыўка, якая доўга звінела. Гэты звон як цяпер стаіць у вушах. А расстрэльвалі ж як — разрыўнымі кулямі! Аднаго нашага вяскоўца Саўку Мініна спецыяльна не дабілі. Яму выстралілі ў грудзі. Суседзі расказвалі, што спераду, як алоўкам, праткнулі, такая была маленькая дзірачка, а на спіне ўжо, як прыгаршчай вырвала. Ён ляжаў, і было бачна, як лёгкія дыхаюць. Да раніцы прамучыўся і памёр. Пахавалі расстраляных на вясковых могілках, — паведаміў Мікалай Сцяпанавіч.
У госці да педагога мы завіталі разам з настаўнікамі Зембінскай сярэдняй школы, у тым ліку ўраджэнкай Касцюкоў настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Аляксееўнай Дуброўскай, якая актыўна далучалася да гутаркі. Па яе словах, доўгі час пасля вайны 31 ліпеня на магілу расстраляных касцюкоўцаў збіраліся іх родзічы, рассцілалі на пратаптаных сцяжынках абрусы і сядалі, паміналі. Такая традыцыя захоўвалася на працягу многіх гадоў. Цяпер каля помніка штогод праходзіць урачысты мітынг.
— З таго дня помню, як мой дзядзька Уладзімір запрагаў каня, каб паехаць забраць цела брата і адвезці на могілкі. Ён быў дужы мужчына, а ў той момант, калі запрагаў, яго рукі аж калаціліся ад перажыванняў. Быў і такі выпадак. У 1944 годзе перад адступленнем немцы ехалі на танку і нешта ў іх “Тыгра” сапсавалася. Ад злосці яны проста ўзялі і спалілі бліжэйшую хату, потым яшчэ адну. У гэтых дамах ніхто і не жыў, яны ім не заміналі. Проста так вырашылі спаліць — і спалілі. Вось такія былі часы, — узгадаў Мікалай Сцяпанавіч.
Незайздросны лёс напаткаў падчас вайны і драўляны будынак школы, з доўгім калідорам, настаўніцкай, 7 класнымі пакоямі — ён быў спалены. Пасля вайны заняткі праходзілі ў дамах вяскоўцаў. У 1954 годзе ўзвялі новы драўляны будынак сямігодкі. Тут былі 3 класныя пакоі, невялічкая настаўніцкая. Па словах Мікалая Сцяпанавіча, у цагляным будынку школы пачалі займацца толькі 20 студзеня 1970 года. Былы дырэктар добра памятае той дзень. А як жа! Цагляны будынак Касцюкоўскай школы, пра будаўніцтва якога газеты пісалі яшчэ ў 1946 годзе, нарэшце быў узведзены. Яшчэ адна памятная дата ў жыцці Касцюкоўскай школы — 5 снежня 1969 года, калі ў Дзень Канстытуцыі насупраць школы быў адкрыты помнік на брацкай магіле загінуўшых падчас вайны вяскоўцаў.
На 9 Мая настаўнікі і вучні бралі школьны піянерскі сцяг, плялі вянкі з кветак і ішлі да помніка. Побач з імі абавязкова былі ветэраны, для якіх яны давалі канцэрты, сем’ям якіх аказвалі шэфскую дапамогу. Выступаў у школе і камандзір партызанскага атрада “Буравеснік” Міхаіл Глебавіч Мармулёў. Дзякуючы яго ініцыятыве, школа пэўны час займалася гадаваннем трусоў. Ці ведаў Герой Савецкага Саюза, што праз дзясяткі гадоў у школе зноў будуць разводзіць трусоў, праўда, ужо не настаўнікі і вучні, а прадпрымальнік, які выкупіў закінуты будынак закрытай некалькі гадоў назад Касцюкоўскай базавай школы? Вось такая іронія лёсу…
Неаднаразова з настаўнікамі і вучнямі Касцюкоўскай базавай школы сустракаўся і Герой Савецкага Саюза Пётр Рыгоравіч Лапацін, той самы знакаміты дзядзя Коля, камандзір партызанскай брыгады (дарэчы, згодна з асабістай просьбай, яго пахавалі побач з баявымі таварышамі ў 1974 годзе ў вёсцы Будзенічы Барысаўскага раёна), баявы шлях якой вывучае ўжо многія гады разам з вучнямі, у тым ліку і касцюкоўскімі, настаўнік гісторыі Зембінскай сярэдняй школы Валерый Фёдаравіч Ігнатовіч. А пачалася даследчая работа яшчэ ў той час, калі настаўнік працаваў у Іканаўскай сярэдняй школе, дзе дзейнічаў музей народнай славы.
— Музей адкрыты ў 1964 годзе і быў вядомы далёка за межамі Беларусі. У кнізе запісаў ганаровых гасцей стаяць подпісы жыхароў Чэхаславакіі, Германіі, розных куточкаў былога Саюза. Каля музея быў пасаджаны парк, кожнае дрэўца — у гонар асобнага партызана. А прывезлі дрэўцы з Палікоўскай пушчы, з таго самага вострава Багун. На жаль, музей згарэў, але ў агні згінулі не ўсе экспанаты. У мяне застаўся ліст з Масквы, які даслаў ураджэнец вёскі Ганцавічы Лагойскага раёна Сяргей Пятровіч Жэсцік. Хлопчыку ўдалося выжыць падчас карнай аперацыі “Коттбус” у маі 1943 года. Акрамя ўспамінаў на аркушы паперы ён намаляваў нават схему будынкаў вёскі Усохі і стрэлкамі ўказаў, як ён з роднымі ўцякаў ад карнікаў. Пасля вайны рэшткі забітых у блакаду мясцовых жыхароў перавезлі ў вёску Ганцавічы. На магіле цяпер стаіць помнік у вобразе маці, якая схілілася над сваім забітым дзіцем. Дарэчы, гэты помнік першапачаткова стаяў у Хатыні да таго часу, пакуль там не быў створаны мемарыяльны комплекс. На аснове музейных матэрыялаў разам з вучнямі мы стварылі даследчую работу “Лісты з мінулага”, — паведаміў настаўнік гісторыі.
Па мясцінах баявой славы партызанскай брыгады дзядзі Колі настаўнікі і вучні Зембінскай сярэдняй школы часта адпраўляюцца ў паходы. Распрацаваны нават спецыяльны маршрут, які так і называецца “Партызанскімі сцежкамі брыгады дзядзі Колі”. Абавязковым пунктам наведвання з’яўляецца месца дыслакацыі штаба партызанскай брыгады на востраве Багун. Сярод яшчэ аднаго з пунктаў наведвання — Ясеў валун. Гэтую прыгожую назву валуну Валерый Фёдаравіч даў разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ларысай Мікалаеўнай Махранковай і вучнямі не проста так. Каля каменя знаходзіцца магіла невядомага партызана, каля якой настаўнікі і вучні абавязкова падчас паходаў наводзяць чысціню. “Чаму б не даць імя гэтаму партызану?” — узнікла аднойчы думка. Так партызан быў названы Ясем, а валун, адпаведна, Ясевым. Унікальны гэты валун яшчэ і тым, што на ім выраслі тры невялікія клёны, якія кожны год у чэрвені шумяць маладой лістотай, нібыта чытаюць малітву над магілай героя. Догляд шматлікіх помнікаў часоў Вялікай Айчыннай вайны ў ваколіцах Зембіна, у тым ліку і каля Касцюкоў, вядзецца калектывам Зембінскай сярэдняй школы ў рамках праекта “У адказе за пераможныя мясціны”.
Хоць цалкам рэалізаваць унікальны для 1946 года праект па будаўніцтве калгаснага гарадка так і не ўдалося, аднак гэта была першая спроба зрабіць вясковае жыццё больш якасным і камфортным. На жаль, і праз сем дзесяцігоддзяў калгасны гарадок не ператварыўся ў аграгарадок, аднак жыхары вёскі Касцюкі, што прытулілася да поймы звілістай Бярэзіны, асабліва не расчараваны, яны імкнуцца сваімі сіламі рабіць сваё жыццё больш утульным і сучасным. А яшчэ яны ганарацца ўнікальнымі дамамі, пабудаванымі ў далёкія пасляваенныя гады.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.