Педагагічны калектыў Макранскай школы мастацтваў Быхаўскага раёна пастаянна знаходзіцца ў пошуку новых цікавых форм работы з навучэнцамі. На зімовых канікулах ва ўстанове быў арганізаваны кастынг на фабрыку зорак Дзеда Мароза.
Каб праявіць сябе, на кастынг прыехалі розныя казачныя героі. Выхаванцы школы мастацтваў вырашылі паспаборнічаць у талентах з міфічнымі персанажамі. Юныя зоркі спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах. Перад Дзедам Марозам выступіў ансамбль цымбалістаў, які заваражыў неверагоднай віртуознай музыкай. У яго склад уваходзяць Аліна і Ангеліна Парфёнавы, Яна Куляшова. Дзяўчынкі з’яўляюцца дыпламантамі і лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча. Яркасцю, арыгінальнасцю адрозніваліся выступленні братоў Максіма і Дзмітрыя Астапенка, Лізаветы Красніцкай, якія таксама іграюць на цымбалах. А вучыць дзяцей настаўніца па класе цымбал Алена Высачынская.
Спадабалася Дзеду Марозу і выступленне ансамбля народных інструментаў пад кіраўніцтвам настаўніцы па класе баяна Вольгі Марачкоўскай. Даспадобы прыйшліся яму і гледачам вакальныя нумары маленькіх спявачак Маргарыты Кухцікавай, Веранікі Лявіцкай, Дар’і Пыльнікавай, Дар’і Даніленка, якіх падрыхтавалі настаўніцы па класе харэаграфічных дысцыплін Нона Булава і Настасся Румілава. Непаўторным было і танцавальнае выступленне выхаванцаў школы мастацтваў, пастаўленае пад кіраўніцтвам педагога па класе харэаграфіі Дар’і Царыкавай.
Шмат прыемных хвілін падарылі дзеці ўсім прысутным. Гонар і радасць ахопліваюць, калі чуеш і бачыш такія выступленні. У нас, у звычайнай вясковай школе мастацтваў, працуюць таленавітыя настаўнікі і вучацца сапраўды адораныя дзеці. Не толькі вучацца, а яшчэ і заваёўваюць пераможныя дыпломы на творчых конкурсах, фестывалях. Быхаўскаму Дзеду Марозу вельмі пашанцавала.
Алена ЦЫВІЛЬКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Макранскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Быхаўскага раёна.
Фота Дар’і ЦАРЫКАВАЙ.