Кацярына Раманоўская: «Настаўніцтва — гэта не пра імгненны вынік. Мы ў школе працуем на доўгай дыстанцыі»

- 10:50Учитель года

Пра нечаканыя павароты лёсу, прафесійнае станаўленне і перавагі доўгіх дыстанцый — у інтэрв’ю карэспандэнта “Настаўніцкай газеты” з настаўніцай фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 47 Віцебска імя Я.П.Іваноўскага Кацярынай Раманоўскай.

— Педагагічная спецыяльнасць для многіх паспяховых настаўнікаў з’яў­ляецца марай з дзяцінства, мэтай з юнац­тва. Для вас таксама?

— У мяне было крыху інакш, хаця ў маёй старэйшай сястры менавіта так. Яшчэ ў раннія школьныя гады яна захацела стаць настаўніцай пачатковых класаў і іншых прафесій для сябе не разглядала, мэтанакіравана рухалася да мэты. Мы цяпер абедзве працуем у родным Віцебску ў адной установе адукацыі — сярэдняй школе № 47 імя Я.П.Іваноўскага. Між тым я з дзяцінства захаплялася спортам, без якога не бачыла сваёй будучыні. Думкі пра педагагічную дзейнасць былі, асабліва ў старшых класах, аднак я рыхтавалася да паступлення ў медыцынскі ўніверсітэт, бо на гэтым настойвалі бацькі. Далейшае развіццё падзей нагадвае кінасюжэт. Сяброў­ка, з якой мы разам трэніраваліся, паехала ў Мінск паступаць у БДУФК і пазвала мяне з сабой. Туды абітурыенты ішлі першым патокам, а ў медуніверсітэт — другім, таму я спакойна паспявала з’ез­дзіць ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Стала цікава праверыць, ці ёсць у мяне шансы на залічэнне і наколькі моцныя. У выніку сяб­роўка не паступіла, а мяне прынялі. І я вырашыла… не забіраць дакументы. Бацькоў паставіла перад фактам. Не адразу, але яны прынялі мой выбар. Потым я лепш разабралася ў сабе, супаставіла варыянты на перспектыву — і трэнерскія планы трансфармаваліся ў настаўніцкія. Шчыра прызнацца, пры ўсёй маёй пашане да ўрачоў не сумняваюся: гэта не мая сфера. Лёс літаральна за руку прывёў мяне на правільны шлях. Люблю працаваць з дзецьмі, мне камфортна развівацца ў сваёй прафесіі, прыносіць радасць вучыць і вучыцца.

— Ці склаўся сямейны педагагічны дуэт з сястрой? Хто задае тон?

— Безумоўна, склаўся. Мы пастаянна раімся, дзелімся планамі і развагамі, спрачаемся, штосьці падказваем адна адной. Праўду кажуць: калі разам збіраюцца настаўнікі, педсавет непазбежны. (Усміхаецца.) Што да другога пытання, то па сітуацыі. Напрыклад, на конкурс “Настаўнік года — 2023” мяне натхніла сястра: некалі яна таксама ў ім удзельнічала і пераканала, што мне гэта трэба. Адміністрацыя школы, калегі падтрымалі — у нас выдатная каманда, якой я ганаруся. Хаця, мабыць, да другога этапу я ўспрымала конкурс больш як прафесійнае спаборніцтва паміж педагогамі, дзе мая мэта — заняць 1-е месца ў раёне як мінімум сярод настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя. Аднак паступова прыярытэты змяніліся. Адчула, наколькі многа дае мне конкурс у плане самаўдасканалення. Я зразумела, што таксама здольна прыўнесці нешта карыснае — і гэта акрыліла! Пры ўсіх нагрузках, адказнасці конкурс уяўляе сабой надзвычай цікавы працэс: гэта актывізацыя ўсіх магчымасцей на 1000 працэнтаў і ўзрыўны прафесійны рост, знаёмства і асалода ад зносін з вопытнымі, таленавітымі, адданымі настаўніцкай справе калегамі, з чыёй практыкі шмат можна ўзяць для сваёй работы. Неацэнны вопыт! Вяртаючыся да другога пытання: у дачыненні да спорту, актыўнага адпачынку ў сям’і, як правіла, я рухавік. Сама на прабежку — сястру клічу, і бяжым. Або на веласіпедзе пакатацца ўгаворваю: “Ну давай, мы зусім крыху з табой пра­едзем!” А праз паўтары гадзіны ў нас 20 кіламетраў за плячыма…

— Якімі відамі спорту займаліся?

— Канькабежным — прафесійна ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, да паступлення ва ўніверсітэт здала нарматыў кандыдата ў майстры спорту. На каньках пастаянна ўдзельнічала ў спаборніцтвах. На рэспубліцы не раз займала прызавыя месцы, на гарадскіх і абласных этапах — практычна заўсёды. У спорце мне падабаліся доўгія дыстанцыі: там больш месца для стратэгіі, дакладнага разліку — і тым цікавей. Іншыя спартыўныя напрамкі асвойвала на аматарскім узроўні: лёгкую атлетыку, гульнявыя, зімовыя віды. Яшчэ займалася ў музычнай школе па класе фартэпіяна і ў звычайнай школе паспяховасць мела дастаткова высокую. Ва ўніверсітэце пераключылася на веласпорт. Ні хвіліны свабоднай, затое навучылася правільна размяркоўваць час, каб паўсюль паспяваць. Спорт значна гэтаму спрыяе, дысцыплінуе, загартоўвае характар. Дарэчы, на выпускных школьных і ўступных іспытах, падчас уні­версітэцкіх сесій было намнога лягчэй, чым падчас здачы экзаменаў па музыцы, бо там прынцып катэгарычны: няма права на памылку. Калі сфальшывіла дзесьці, то ўжо не здала выпрабаванне. Гэта вельмі блізка да педагагічнай работы, як я лічу. Аднак у нас, вобразна кажучы, права і ўвогуле шансы на пераздачу пад вялікім пытаннем, таму што на настаўніка, якому давяраюць, дзеці настройваюцца, нібы на камертон. Ты падаеш прыклад, тваё меркаванне мае аўтарытэт. Я не прыхільнік залішняга пафасу, але гэта насамрэч галоўны педагагічны імператыў: нельга памыліцца ні словам, ні ўчынкам — ад цябе залежаць лёсы вучняў.

— Не было спакусы пасля атрымання ўніверсітэцкага дыплома застацца ў сталіцы?

— Нават у думках падобнага не трымала. На той момант у мяне ўжо была свая сям’я, маленькі сын у Віцебску. Пасля яго нараджэння я нават збіралася перавесціся на завочную форму навучання, аднак загадчык маёй кафедры адгаварыў. Ён бачыў маю паспяховасць, стараннасць і пераканаў застацца на дзённым. Першае маё рабочае месца ўвогуле было не ў горадзе, а ў Ноўкінскай сярэдняй школе Віцебскага раёна. Не без цяжкасцей уключалася ў работу: патрабаванні да настаўнікаў там ставілі высокія. Аднак і падтрымка маладых спецыялістаў была арганізавана на належным узроўні. Мне прызначылі настаўніка-куратара, калегі і адміністрацыя дапамагалі пры неабходнасці, калектыў дружны, таму адаптацыя прайшла дастаткова хутка. Між тым у маім жыцці з’явілася новае спартыўнае захапленне. Дзеці паспрыялі.  

— Даволі нечакана. Якім чынам?

— Мне трэба было суправаджаць вучняў на спаборніцтвах. І некаторыя з іх, як высветлілася, баяліся вышыні! Прычым я разумела: супакоіць, падбадзёрыць іх магу, але, каб як след ім дапамагчы, патлумачыць, паказаць, не валодаю на належным узроўні скалалажаннем, пешаходным турызмам і спартыўным арыентаваннем. Давялося асвоіць. Захапіла мяне гэта да такой ступені, што ў школе неўзабаве з’явілася аб’яднанне па інтарэсах “Ту­рызм і спартыўнае арыентаванне” пад маім кіраўніцтвам. Далей я асабіста пачала ўдзельнічаць у турыстычных спаборніцтвах, а школа ўвайшла ў тройку прызёраў раённай турыяды, некалькі гадоў запар нязменна ўтрымлівала 1-е месца. А тры гады назад мяне запрасілі працаваць у Віцебск, у школу, пабудаваную ў маладым мікрараёне Білева.

— Прынялі прапанову?

— Так, хаця пэўны час вагалася з рашэннем. Я ваджу машыну — гэта выручала, але ўсё ж цяжкавата было штодня ездзіць з горада ў Ноўку і вяртацца дадому. Цяпер намнога зручней. Канчаткова з Ноўкінскай школай я не развіталася: працягваю весці аб’яднанне па інтарэсах, прыязджаю некалькі разоў на тыдзень пасля работы. Не змагла пакінуць сваіх вучняў.

— У новай школе свая спецыфіка…

— Навучэнцаў шмат, дзеці зусім не ведалі адно аднаго — знаёміліся ў працэсе. Напаўняльнасць класаў практычна не змянілася. Толькі калі раней у мяне займаліся 2 класы на дзявятай паралелі, то тут у мяне іх 8! Тым не менш удалося дасяг­нуць пэўных вынікаў. Я рыхтавала дзяцей да “Снежнага снайпера”. У пазамінулым навучальным годзе наша школа заняла 1-е месца на раённых спаборніцтвах, сёлета — 2-е. Адзін з вучняў вытрымаў абласны адбор і прыняў удзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах. У прызёры пакуль не выйшаў, але ж гэта толькі пачатак. У гарадскіх спаборніцтвах па стральбе школа заняла 1-е месца, мая вучаніца ўдзельнічала ў абласных спаборніцтвах. Без турызму і спартыўнага арыентавання таксама не абышлося, з мінулага года вяду факультатыў. Прырастаем у выніках, займаемся і паступова павышаем планку. Спартыўныя перамогі вучняў для мяне прыемныя і важныя, аднак гэта другаснае. Галоўнае — выхаваўчы складнік, умацаванне здароўя дзяцей. На ўроках я павінна даць ім базавыя веды па прадмеце, жыццёва неабходныя рухальныя навыкі, таму што гэта аснова здаровага ладу жыцця і далейшага фізічнага, інтэлектуальнага і духоўнага развіцця.

— Вы ўкараняеце ў практыку работы аўтарскія методыкі?

— Пакуль пра гэта рана гаварыць, але планамерна да гэтага набліжаюся. Напрыклад, назапашваю вопыт прымянення каардынацыйнай лесвіцы на ўроках. Звычайна названы трэнажор выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі па гульнявых відах спорту, але ж і для навучання школьнікаў рухальным навыкам, развіцця іх хуткасных і каардынацыйных здольнасцей, манеўранасці, сілы, спрыту, вынослівасці ён вельмі эфектыўны! Што немалаважна, пры гэтым дакладна рэгулюецца ўзровень нагрузкі, а значыць, магчымасць займацца ёсць у кожнага навучэнца, незалежна ад групы здароўя. Лесвіцу проста сабраць і разабраць, перанесці з месца на месца, таму задзейнічаць яе можна практычна ўсюды: на ўроку, у пазаўрочны час, на трэніровачных занятках. На аснове абагульненага тэарэтычнага матэрыялу я працую над зборнікам практыкаванняў для выканання на каардынацыйнай лесвіцы — зараз там каля 70 практыкаванняў.

— Што адчувае настаўнік фізічнай культуры і здароўя, калі вучань перамагае яго ў спартыўным спаборніц­тве?

— Мой жа вучань! Быў бы чужы, напэўна, я перажывала б. А тут, наадварот, прыемна: значыць, я яго добра навучыла! Калі часам бачу, што ў школьніка пасля першых поспехаў закружылася галава, кажу: “Ты малайчына, але ў мяне пакуль не можаш выйграць. Рана хваліцца, трэніруйся далей”. Правераная матывацыя! Прычым найчасцей вучні сапраўды аднойчы выйграюць. Не адразу, праз сумесную працу і трэніроўкі, і гэта дзейсны сродак супраць зорнай хваробы. Мы не спыняемся на дасягнутым, бо ўзаемна зацікаўлены ў далейшым развіцці. Настаўніцтва — гэта не пра імгненны вынік. Мы ў школе працуем на доўгай дыстанцыі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара