Як казкі звязаны з псіхалогіяй, архетыпамі і калектыўным несвядомым? Што яднае Гары Потэра і славянскую міфалогію, сучасныя меладрамы і казачныя сюжэты? Якія перспектывы развіцця айчыннай казкі?.. Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні прагучалі на II Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі, які адбыўся 27—28 мая ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Слоўная адметнасць беларусаў
У Міжнародным форуме, які праходзіў як афлайн, так і анлайн, прынялі ўдзел вядучыя даследчыкі казачнага эпасу з Беларусі, Расіі, Украіны, Эстоніі, Балгарыі, Літвы, Польшчы, Францыі. На мерапрыемстве адбылася міжнародная навуковая канферэнцыя “Народная казкавая проза ў еўрапейскай прасторы: архаічная традыцыя vs сучасная інтэрпрэтацыя” і круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”, прэзентавалі ўнікальныя архіўныя зборнікі казак з калекцыі фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі, фонду фальклорных матэрыялаў БДУ, збору Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, прагучалі выступленні майстроў казачнага жанру старэйшага пакалення з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама прайшоў майстар-клас па выцінанцы “Казкі з паперы” народнага майстра Наталлі Сухой, былі падведзены вынікі дзіцячага конкурсу апавядальнікаў беларускай казкі. Але давайце пра ўсё па парадку.
Вітаючы ўдзельнікаў і гасцей форуму ад імя Прэзідыума НАН Беларусі, галоўны вучоны сакратар намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Андрэй Іванец нагадаў, што ў традыцыйнай беларускай культуры казкі — гэта ўнікальны духоўны, мастацка-эстэтычны і слоўны феномен. “Казкі — адзін з найважнейшых элементаў нацыянальнай адметнасці беларусаў, своеасаблівы пазнавальны знак, наша ўнікальнасць сярод культур свету. Яны належаць да таго радавога кораня, які глыбока і трывала яднае ўсіх нас з беларускай зямлёй. Казкі з’яўляюцца багатай крыніцай вывучэння духоўнай гісторыі нацыі, а таксама кагнітыўнай структуры беларускай мовы. Яны служаць асновай папаўнення і ўдакладнення моўнага слоўнікавага складу”.
Беларускія казкі маюць моцную міфілагічную аснову, захоўваюць веды пра архаічныя ўяўленні аб навакольным свеце. Глыбокая народная мудрасць, паэтычнасць вобразаў, нязломная вера ў чалавека, маральная цнатлівасць і чысціня, гумар і вострая сатыра, прастата і даступнасць зместу, займальнасць апавядання — рысы, уласцівыя беларускай народнай казцы. Можна смела сцвярджаць, што ў нашых казках у сканцэнтраваным выглядзе знайшлі адбітак нацыянальная ментальнасць, мараль, культура і народны светапогляд.
“Беларускі казачны эпас вылучаецца сваёй сюжэтнай і ідэйна-тэматычнай разнастайнасцю, прыгожай і сакавітай мовай. Ён па праву ўваходзіць у сусветную скарбніцу казак і стаіць побач з такімі ўнікальнымі з’явамі, як арабская “Тысяча і адна ноч”, нямецкімі казкамі ў апрацоўцы братоў Грым, цыклам індыйскіх казак. Навукоўцы падлічылі, што каля 50 сюжэтных тыпаў беларускіх казак не маюць аналагаў у міжнародным паказальніку казачных сюжэтаў, — паведаміў А.Іванец. — Асобныя жанры казак нават значна багацейшыя, чым у суседзяў. Так, у беларусаў налічваецца каля 500 сюжэтаў легендарных казак, тады як ва ўкраінцаў — 196, а ў рускіх — 56. У беларускім казачным эпасе колькасна пераважаюць чарадзейныя казкі, якія адносяцца да найбольш старажытных. У іх дзейнічаюць героі, здольныя на незвычайныя ўчынкі. Чарадзейныя казкі выявілі мары і спадзяванні людзей на лепшае жыццё, імкненне ўтаймаваць сілы прыроды і жаданне перамагчы зло. Беларускія народныя казкі захаваліся дзякуючы жывым носьбітам і вучоным, збіральнікам казак і фалькларыстам, якія запісалі іх і апрацавалі”.
Крыніца народнай педагогікі
У першы дзень форуму даследчыкамі казачнага эпасу розных краін былі ўзняты разнастайныя тэмы. Так, прафесар французскага ўніверсітэта Сарбона Галіна Кабакова звярнула ўвагу на тэму “Этыялагічныя казкі: іх публікацыі, пераклад, каталагізацыя”, прафесар польскага Універсітэта Мікалая Каперніка Віялета Врублеўска прэзентавала “Слоўнік польскіх казак”, а загадчык аддзела нематэрыяльнай культурнай спадчыны Дзяржаўнага Расійскага Дома народнай творчасці Варвара Дабравольская зрабіла акцэнт на тэме “Руская казачная спадчына: яе публікацыі, даследаванні і актуалізацыя”. І гэта, безумоўна, не ўвесь пералік тэм, прэзентаваных на палях форуму.
Акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя падкрэсліў, што казка з’яўляецца падмуркам нацыянальнай культуры, зафіксавана ў фальклоры, вуснай народнай творчасці. Менавіта ў казках яскрава праяўляецца менталітэт беларускага народа, яго мудрасць, дабрыня, мары і спадзяванні. Казкі як важны элемент народнай педагогікі ўваходзяць у дзіцячае жыццё з самага маленства.
“Безумоўна, народная казка аказвала і аказвае істотны ўплыў на фарміраванне духоўна-культурнага светапогляду падрастаючага пакалення і на станаўленне грамадзянскіх якасцей асобы. Многім з дзяцінства вядома павучальная народная мудрасць. Кожнаму пакаленню казка адкрывала свет дабрыні і прыгажосці, дзе дабро заўсёды перамагае зло, а любоў да Радзімы і праўда цэняцца вышэй за ўсё. Гэта сведчыць пра тое, што нашы продкі не толькі валодалі бязмежнай фантазіяй і гумарам, але перш за ўсё клапаціліся пра выхаванне дзяцей і моладзі, — дадаў Аляксандр Аляксандравіч. — Сёння беларуская казка займае трывалае месца і ў інтэрнэт-прасторы, не так даўно з’явіўся асобны сайт http://kazki.by. Хацелася б, каб нашы майстры і знаўцы фальклору больш актыўна дзяліліся сваімі напрацоўкамі на гэтым сайце. На нашу думку, духоўны свет казкі — гэта жыватворная крыніца народнай педагогікі, якая мае вялікае значэнне ў фарміраванні любові да Радзімы, роднай мовы і нацыянальнай культуры”.
Казка — адзін з унікальных фальклорных жанраў, які не застаўся нязменным і застылым, а атрымаў развіццё і ў сучаснасці, паколькі казачныя вобразы і сюжэты запатрабаваны і выкарыстоўваюцца нават у ХХІ ст. У сваім аўтэнтычным выглядзе казка ўключана ў шматлікія зборнікі, прызначаныя для малодшага пакалення. Па-ранейшаму дзіця знаёміцца з гэтым светам, яго законамі і правіламі паводзін менавіта праз казачныя сюжэты, а заадно вучыцца суперажываць за іх герояў.
“Па меры таго, як расце дзіця, адбываецца яго знаёмства з больш развітымі і захапляльнымі сюжэтамі чарадзейных казак, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца пісьменнікамі ў падлеткавай і дарослай літаратуры. Напрыклад, цыкл кніг “Гары Потэр” сведчыць пра добрае веданне Джаан Роўлінг сусветных сюжэтаў і персанажаў, у тым ліку і славянскай міфалагічнай сістэмы. Увогуле, цікавасць пісьменнікаў да народных казак не знікае, сведчанне гэтага — літаратура ў жанры фэнтэзі, — паведаміў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Аляксандр Іванавіч Лакотка. — Асабліва актыўна выкарыстоўваюцца казачныя клішэ і формы ў творах так званай маскультуры. У прыватнасці, бульварныя любоўныя раманы і бясконцыя серыялы, дзе самая хадавая лінія — выпрабаванне няшчаснай дзяўчыны, якая ў рэшце знаходзіць свайго чароўнага прынца, няхай ужо не на кані, а на аўтамабілі, і ўсё заканчваецца вяселлем і пераездам у шыкоўны катэдж. Як ні дзіўна, казачныя сюжэты перайшлі і ў віртуальную рэальнасць. Так, у камп’ютарных гульнях узнікае старажытны свет з прынцамі і прынцэсамі, рыцарамі і ваярамі, чароўнымі конямі, эльфамі і гномамі, цмокамі, ведзьмамі і чараўнікамі. Здаецца, што спрадвечная казачная тэма будзе запатрабавана заўсёды. Тым больш без казкі, яе вобразаў і сюжэтаў не можа паўнавартасна існаваць ні адзін з відаў сучаснага мастацтва. Казачныя вобразы і іх метафарыстыка нават выкарыстоўваюцца ў рэкламных роліках, закранаючы глыбінныя ментальныя структуры чалавечай псіхікі”.
Казка — даволі важкі складнік духоўнай культуры чалавецтва і, як сцвярджаюць вучоныя, самая ўстойлівая форма культурнай трансляцыі. Казка звяртаецца да нас мовай эпітэтаў, метафар, іншасказанняў для таго, каб пераказаць усім нам гісторыю чалавечага роду, выявіць архетыпы і прыадкрыць структуры несвядомага. Да таго ж у казках зафіксаваны лёсы краін і народаў. “Даследчыкі сцвярджаюць, што спецыфіку беларускай казкі складаюць творы пра асілкаў, якія абапіраюцца на тапанімічныя паданні і дадаюць грамадскага аптымізму ў складаныя часы. Апошнія дзесяцігоддзі казку пачынаюць вывучаць і з псіхалагічнага пункту гледжання. Псіхолагі бачаць у казачных тэкстах выяўленне базісных структурных элементаў чалавечай псіхікі (у прыватнасці, калектыўнага несвядомага). Менавіта ў казках архетыпы выяўляюць сябе асабліва канкрэтна і ў даступнай, простай форме, а таму адлюстроўваюць базісныя псіхалагічныя патрэбы. Разам з псіхолагамі казкі актыўна выкарыстоўваюць і педагогі. Менавіта яны прапанавалі звярнуць увагу на так званую галаграфічную функцыю казкі, калі праз малое можна ўбачыць вялікае і нават увесь свет”, — выказала меркаванне загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Таццяна Валодзіна.
Перспектывы чароўнага жанру
У другі дзень форуму адбыўся круглы стол “Сучасная літаратурная казка: паміж выдумкай і праўдай”. Пачаў дыскусію дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Іван Саверчанка, які расказаў, што даследчыкі сёння вывучаюць творчасць сучасных айчынных пісьменнікаў, пішуць дысертацыі па гісторыі беларускай літаратуры і тэорыі, бо ўсе разумеюць, якое важнае значэнне мае літаратура. “За 3 гады мы абнавілі 20 школьных праграм і падручнікаў, у якіх ёсць імёны многіх сучасных аўтараў. Мы стараемся максімальна аб’ектыўна і адкрыта падыходзіць да літаратуры, спрыяць літаратурнаму працэсу і захаванню нашай спадчыны, пашырэнню роднай літаратуры і мастацкага слова, у тым ліку дзякуючы падтрымцы дзяржавы і кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук”, — праінфармаваў Іван Васільевіч.
Літаратар Анатоль Трафімчык прапанаваў абмеркаваць шляхі развіцця жанру аўтарскай казкі. Аўтар Валерый Гапееў лічыць, што “цяпер на аснове таго, што маем, можна стварыць добры аўтарскі фальклор, трэба браць нашы народныя казкі і паданні і класці іх у аснову сваіх новых твораў”. Яго падтрымала і пісьменніца Раіса Баравікова, якая таксама за тое, каб сучасныя аўтары ўпісвалі фальклор у свае творы: “У нашым фальклоры шмат цікавых істот, усе літаратуры свету выкарыстоўваюць такі прыём. Я выдала казачныя аповесці мамурыкаў, гісторыю “Пра кашэчага караля Варгіна і мышку Паднорку”, паказаўшы, як пісьменнік можа выкарыстаць сваю фантазію. Таму што пройдзе 200—300 гадоў, і нашы творы стануць таксама фальклорам”.
А вось пісьменніца Алена Масла пераканана: галоўнае, чаго не хапае сучаснай беларускай казцы і дзіцячай літаратуры, дык гэта падтрымкі выдаўцоў і папулярызацыі аўтарскіх твораў. З ёй пагадзілася і аўтар Наталля Бучынская: “Выдаўцы павінны даваць магчымасць актыўнай сумеснай працы, тады будзе добры вынік”. Да таго ж яна акцэнтавала ўвагу прысутных на тым, што сучасныя дзеці слаба ведаюць міфалогію, а таму аўтар стараецца, каб яе казкі “былі напоўнены і міфічным, і краязнаўчым зместам”.
У сваю чаргу намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Ірына Буторына, якая дае азы методыкі выкладання беларускай літаратуры будучым настаўнікам і праводзіць цудоўныя ўрокі па папулярызацыі айчынных аўтараў, прапанавала “даць магчымасць сучасным школьнікам ствараць мультфільмы паводле беларускіх казак і адкрыць некалькі рэсурсных цэнтраў па аўтарскай казцы”, а яшчэ нагадала, што 7 чэрвеня — Міжнародны дзень казкі, і можна было б раз на год запускаць конкурс, прымеркаваны да гэтага свята.
Акрамя таго, многія выступоўцы падкрэслівалі, што наспеў час выдаць анталогію сучаснай беларускай казкі ў некалькіх тамах, актывізаваць дзейнасць Асацыяцыі дзіцячых пісьменнікаў і пастарацца наладзіць выпуск прадукцыі (лялек, цукерак, школьных сшыткаў і г.д.) з выявамі герояў беларускіх казак. На завяршэнне дыскусіі Іван Саверчанка рэзюмаваў, што “як ніколі ў Год народнага адзінства важныя паразуменне, дыялог і творчая падтрымка адно аднаго”, а таму будуць улічаны ўсе меркаванні і пажаданні ўдзельнікаў круглага стала.
Варта таксама адзначыць, што на палях форуму адбылося ўзнагароджванне ўдзельнікаў дзіцячага конкурсу апавядальнікаў беларускай казкі. Пераможцамі сталі Дабрана Мішурная з Вымна Віцебскага раёна і Кірыл Кудзін з Мётчы Барысаўскага раёна. 2-е месца занялі Арына Шафаровіч з Варапаева Пастаўскага раёна і Глеб Сідараў з Вымна Віцебскага раёна. А бронзавыя прызёры — мінчанін Мірон Клешчык і Кіра Аўтухова з Наваселля Мінскага раёна. Усе яны пацвярджаюць думку, што як бы там ні было, але падрастаючае пакаленне з цікавасцю ставіцца да народнай культуры, а таму пераемнасць традыцый казачнага жанру працягваецца.
Казкі ўваходзяць у жыццё чалавека ў маленстве. Ад самага нараджэння немаўляткам бацькі пачынаюць расказваць і чытаць народныя і аўтарскія казкі, а часам нават свае, уласныя, прыдуманыя на хаду. Таму і нядзіўна, што многія жыццёвыя падзеі ў нас выклікаюць сталыя асацыяцыі з казачнымі гісторыямі. Казкі не толькі захапляюць малых дзетак, а і зачароўваюць сваім хараством дарослых. І як было нагадана на форуме, да казак звярталіся як вядомыя беларускія пісьменнікі, так і шматлікія сучасныя аўтары. Акрамя кніжнай і вуснай форм існавання, казка прысутнічае і ў нашым штодзённым жыцці ў выглядзе анімацыйных, кінематаграфічных і рэкламных стужак, у выяўленчым мастацтве, у аўдыязапісах і тэатральных пастаноўках. “Беларускія казкі — гэта мудрасць, філасофія і светапогляд народа, — падкрэсліў Андрэй Іванец, — таму яны заслугоўваюць большай увагі сучасных навукоўцаў, пісьменнікаў і выдаўцоў. Неабходна рэгулярна праводзіць падобныя форумы, больш глыбока вывучаць народную казку і больш шырока папулярызаваць яе ў нашым грамадстве”. А таму да хуткай сустрэчы ўжо на ІІІ Міжнародным форуме даследчыкаў беларускай казкі!
Вольга АНТОНЕНКАВА.