Казка, якую расказалі сэрцам

- 10:50Навіны рэгіёнаў

Гісторыю Герды і Кая, сэрца якога Снежная каралева так і не змагла замарозіць, прадставілі навучэнцы Гродзенскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху. Яны запрасілі гасцей і паказалі ім, а таксама навучэнцам і педагогам мюзікл “Снежная каралева”.

Гэта ўжо другі такі сцэнічны вопыт — у мінулым годзе паставілі “Вечары на хутары паблізу Дзіканькі”. У гэтым годзе навучэнцы пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Ірыны Самусевай паказалі казку пра каханне і вернасць. На мове жэстаў, танцаў дзеці расказалі вечную гісторыю так самабытна і шчыра, што не пакінулі абыякавым нікога ў зале.— Хоць непасрэдна на сцэну выйшлі 19 нашых выхаванцаў, амаль уся школа ўдзельнічала ў гэтай пастаноўцы: шылі касцюмы, займаліся афармленнем залы, — расказвае дырэктар школы-інтэрната Таццяна Солтан. — Дарэчы, Ірына Сяргееўна Самусева ў свой час скончыла нашу школу.
Сапраўднымі зорачкамі сталі Лізавета Дзярабіна, якая выконвала ролю Снежнай каралевы, Даніла Панкевіч — ролю Кая, Марта Нілава — Герда, Мікалай Семяновіч — Варажбітка, Дар’я Міхалёнак — Клара. Ды і ўсе астатнія — сапраўдныя артысты!На паказ запрасілі і сяброў школы-інтэрната: прадстаўнікоў філіяла № 400 Гродзенскага абласнога ўпраўлення ААТ “АСБ Беларусбанк”, філіяла “Белдзяржстрах” па Гродзенскай вобласці, Беларускага дзіцячага фонду. Госці прыйшлі з падарункамі: сертыфікат на 30 млн рублёў на рамонт у школе-інтэрнаце і салодкія пачастункі былі перададзены ад Беларусбанка.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.