Кіраўніцтва да дзейнасці — экастатут

- 11:29Навіны рэгіёнаў

“Балотны фэст” — традыцыйнае мерапрыемства, якое праводзіцца ў Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школе-інтэрнаце і прымеркавана да Сусветнага дня водна-балотных угоддзяў.

У гэты дзень у школе-інтэрнаце праводзілася шмат мерапрыемстваў: у фае разгарнулася выстава “Дары азёрскай зямлі”, дзе гасцей частавалі гарбатай з мясцовых лекавых зёлак, ягад, а пра іх карысць расказвалі Кікімара і Балотнік. Каб паспрабаваць напіткі з рамонку, малін, мяты, паспрабаваць журавіны і брусніцы, трэба было адказаць на пытанні пра балоты. Каб знайсці скарбы балотнага царства, дзеці ўдзельнічалі ў спартыўнай эстафеце: скакалі па купінах, збіраючы балотныя расліны і журавіны. Збіралі навучэнцы таксама ветраны і вадзяны млыны, засялялі балоты жабамі, якіх самі зрабілі з салёнага цеста.

Населены пункт Азёры — унікальнае месца на тэрыторыі Гродзенскага раёна. Тут знаходзіцца ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння, на тэрыторыі якога знаходзіцца 66 катэгорый асабліва каштоўных участкаў: месцы пражывання рэдкіх відаў раслін і жывёл, масівы балот, лясныя азёры з іх прыбярэжнымі комплексамі. Таму экалагічнае выхаванне вядзецца ў школе-інтэрнаце ў цесным кантакце з супрацоўнікамі заказніка. Так, падчас апошняга “Балотнага фэсту” навучэнцы разам з работнікамі заказніка выйшлі на вуліцы Азёр, пабывалі ў мясцовых арганізацыях і расказалі жыхарам аграгарадка пра значэнне балот і неабходнасць аховы балотных экасістэм, раздалі буклеты і памятныя календары.

Гасцямі школы падчас мерапрыемства сталі выкладчыкі факультэта біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: намеснік дэкана па навуковай рабоце Вольга Янчурэвіч, загадчык кафедры біялогіі Алег Созінаў, кандыдыт біялагічных навук Аляксандра Рыжая, аспірант Яніна Камароўская. З вялікай цікавасцю навучэнцы 8—9 класаў слухалі навукова-папулярныя даклады на тэму “Што мы ведаем аб балотах”. Вучоныя расказвалі аб відах птушак і жывёл, якія жывуць на водна-балотных угоддзях заказніка “Азёры”, аб распаўсюджаных і рэдкіх відах, якія да гэтага часу тут адшукваюць, аб важнасці захавання багаццяў прыроды і адказнага стаўлення да іх.

— Прадметныя дэкады, пазакласная работа па прадметах, дыспуты, энергетычныя практыкумы, медыяклубы, экалагічныя студыі “Атамная электрастанцыя або энергія ветру?”, “Планета толькі для нас?”, “Што мы ведаем аб балотах?”, “Вада — аснова жыцця”, “Чым карысная і небяспечная хімія?”, “Што такое зялёная энергія?” і іншыя з’яўляюцца неад’емнай часткай жыцця нашых навучэнцаў, — расказала дырэктар Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната Іна Бірэта.

У рамках Міжнароднага адукацыйнага праекта “Захавальнікі вады” ў школе-інтэрнаце ўжо традыцыйным стала правядзенне ўрока-падарожжа з Капай. Дзеці не толькі атрымліваюць новыя звесткі аб вадзе, але і самі становяцца яе захавальнікамі. Традыцыйнымі сталі таксама экалагічныя акцыі “Зробім!”, “Крыніца”, “Дзень лесу”, “Зробім наш свет чысцейшым”, “Захаваем нашы вадаёмы”, мерапрыемствы, якія праводзяцца ў адпаведнасці з экалагічным календаром: “Дзень сонца”, “Дзень птушак”, “Дзень водна-балотных угоддзяў”, “Дзень вады”, “Дзень Зямлі”, “Дзень хімічнай бяспекі”, “Дзень запаведнікаў і нацыянальных паркаў”. Акрамя таго, школа-інтэрнат выступіла ініцыятарам аднаўлення прысад сядзібы “Задуб’е”, каб захаваць унікальную біялагічную і ландшафтную разнастайнасць гэтага месца.

— Школа-інтэрнат цесна супрацоўнічае з грамадскімі і мясцовымі арганізацыямі: сельскім саветам, Азёрскай сярэдняй школай і дзіцячым садам, Цэнтрам культуры і вольнага часу, СВК “Азёры”, рэспубліканскімі ландшафтнымі заказнікамі “Азёры” і “Котра”, абласным камітэтам аховы прыроды і навакольнага асяроддзя, школай-інтэрнатам Парэчча, Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, актывістамі “Зялёнай сеткі”, — расказвае каардынатар савета па экалагічнай і энергазберагальнай рабоце настаўніца пачатковых класаў Алена Марозік. — У красавіку мінулага года наша ўстанова сумесна з заказнікам “Азёры” выступіла арганізатарам мясцовай уборкі “Зробім!”, да якой мы падключылі Азёрскую сярэднюю школу, лясніцтва, студэнтаў ГрДУ і мясцовых жыхароў. У акцыі прынялі ўдзел 120 чалавек, было сабрана прыкладна 25 кубаметраў смецця. Пасля правядзення ўборкі ўсе ўдзельнікі атрымалі падзячныя лісты. Напрыканцы быў арганізаваны пікнік, дзе прысутныя частаваліся пірагамі, прыгатаванымі супрацоўнікамі санаторнай школы.
У мінулым навучальным годзе ў школе-інтэрнаце быў распрацаваны экастатут, мэтай якога стала выхаваўчая работа, накіраваная на паважлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў і іх захаванне. Экастатут уключае 11 відаў дзеянняў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу.

— Асновы ведаў у галіне экалогіі і эканоміі рэсурсаў нашы дзеці атрымліваюць ужо на занятках. На ўроках матэматыкі, фізікі, геаграфіі яны шукаюць шляхі практычнай эканоміі: аналізуюць праблемы экалогіі, выконваюць разлікі спажывання вады, цяпла і электраэнергіі. Таксама яны вучацца працаваць з літаратурай і інтэрнэтам па пошуку карыснай інфармацыі, — гаворыць дырэктар школы-інтэрната.

У Азёрскую санаторную школу-інтэрнат прыязджаюць дзеці з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, каб паправіць сваё здароўе, але адначасова яны атрымліваюць і новыя практычныя веды па экалогіі і энергазберажэнні, якімі могуць потым падзяліцца з бацькамі, аднакласнікамі. У канцы навучальнага года найбольш актыўныя навучэнцы атрымліваюць экасертыфікат лідара зялёнага руху.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.