Кіраўнік дзяржавы адзначае, што яго непакоіць будучыня краіны, таму ён спрабуе глядзець далей

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

У час інтэрв’ю МТРК “Мір” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся і па пытаннях, якія тычацца ўспышкі эпідэміі каранавіруса ў свеце.

Аляксандр Лукашэнка лі­чыць, што глабальныя гульцы могуць выкарыстаць сусветны крызіс, выкліканы ўспышкай каранавіруса, у сваіх мэтах.

“Любы палітык, а тым больш маёй пасады (я ж адказваю за мільёны людзей, і не толькі сваіх: у нас жа суседзяў нямала, жыццё якіх так ці інакш ад нас зале­жыць), павінен свае канкрэтныя тактычныя крокі звяраць з той стратэгіяй, якая магчыма”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, сёння ўжо многія задумваюцца над галоўным пытаннем: што будзе пасля пандэміі каранавіруснай інфекцыі. “А ці не здаецца, што ўладныя людзі без вайны (Макрон гэта ўжо вайной назваў) праз гэты так званы каранавірусны псіхоз, інфапандэмію ў тым ліку, хочуць перадзяліць свет?” — спытаў прэзідэнт.

Ён нагадаў аб прапанове ААН надрукаваць грошы ў памеры 10 працэнтаў сусветнага ВУП для барацьбы з каранавірусам. “Гэта ж пустыя грошы. Долар і так паступова абясцэньваецца, а тут проста пойдзе вал, інфляцыя. Дзе апынёмся мы са сваім рублём, зразумела. Больш за тое: хто атрымае гэтыя трыльёны, у каго яны застануцца? Ці не атрымаецца, што багатыя стануць багацейшымі, а бедныя — бяднейшымі? Атрымаецца. Нас падштурхнулі да таго, што мы павінны спыніцца, сядзець і праесці тыя мізэрныя валютныя запасы, якія ў нас ёсць. Нельга сказаць, што нават у Расіі яны вялікія. Гэта для Расіі нішто — седзячы, на год не хопіць. Гэтак жа і ў нас. І тады, надрукаваўшы 10 працэнтаў ВУП, да нас прыйдуць тыя, хто “на нагах”, і ска­жуць: наце вам патрошку, але вы будзеце рабіць тое, што мы скажам. Вось так можа быць пера­дзелены свет”, — выказаў меркаванне прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго непакоіць будучыня краіны, таму ён спрабуе глядзець далей. “Сёння ўсе ўжо адзнача­юць: пасля пандэміі свет будзе іншым. І я з гэтым згодны, — заявіў ён. — Але дзе будзе наша месца ў гэтым свеце? Вось для мяне галоўнае пытанне. Не каронапсіхоз, не інфапандэмія. Гэта ёсць, але месяц-два — і пройдзе. Застанецца пытанне, дзе наша месца. І такое пытанне ўзнікне для ўсіх. І для багатых рэсурсамі Казахстана, Туркменістана, Таджыкістана, яшчэ больш — для Арменіі і Кыргызстана, Украіны і для Наўседы (Прэзідэнт Літвы. — Заўвага БелТА.), які сёння спрабуе паставіць пад сумненне палітыку Прэзідэнта Беларусі. Баюся, каб нас не перадзялілі без вайны”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Чаму я настойваю, каб працавала вытворчасць? Чаму я так перажываю за тое, каб людзі жылі сваім жыццём, у нейкай ступені палітычна рызыкуючы? Таму што я ўяўляю, што будзе з намі пасля гэтай пандэміі, калі мы спынімся, як многія: літоўцы, латышы і інш. Яны выстаяць. У Расіі ёсць нафта і газ, у якіх сёння мае патрэбу ўвесь свет. У Кітая — велізарныя магутнасці ў эканоміцы. У Амерыцы — друкарскі станок: два трыльёны ўкідваюць, яшчэ два на падыходзе”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і на яго асабіста, і на Беларусь у цэлым аказваюць пэўны націск у сувязі з тэмай каранавіруса. “Пачынаюць: вось, яны неяк не так, як усе. Слухайце, калі б было так ва ўсіх, як у Беларусі, па барацьбе з гэтымі віруснымі захворваннямі, і там не забывалі б пра тое, што ёсць і сардэчнікі, і анкалогія, траўматалогія, ёсць проста пнеўманія — сезонная хвароба вельмі моцная… Напэўна, не было б такіх праблем. Я не хвалюся. Можа, у нейкай ступені апраўдваюся, што мы не менш з вірусамі (змагаемся. — Заўвага БелТА.), не толькі з каранавірусам. Вядома, мы на гэта рэагуем. Але мы не забываем, што вірусаў у нас цяпер, як звычайна, шмат”, — заявіў беларускі лідар.

У інтэрв’ю прэзідэнт расказаў, што распаўсюджванне ў Беларусі каранавіруса першапачаткова звязана з завознымі выпадкамі, у Мінску гэта ці Віцебску. У цэлым ён заклікаў не дапускаць панікі і спакойна дзейнічаць у існуючай абстаноўцы. Сам кіраўнік дзяржавы свой прывычны графік не мяняў. “Не правяраўся я на каранавірус, але сачу за сваім станам здароўя. Не мяняю стыль жыцця. І на трэніроўках, і фізічных нагрузак дабавіў. Але цяпер зразумеў, што не трэба, напэўна, у гэтай сітуацыі, калі мы праходзім пік вірусных захворванняў, фізічна грузіць арганізм”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі на гэты момант толькі адзінкавыя выпадкі смерці ад пнеўманіі, дзе каранавірус даў ускладненне на фоне іншых сур’ёзных праблем са здароўем. “У нас іх усяго чацвёра, памерлых ад пнеўманіі, дзе ўскладненні даў каранавірус. Мы яшчэ ўдакладняем па чацвёртай смерці, ці быў там каранавірус, — паведаміў ён. — Любы вірус ускладніць хранічныя захворванні”.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што ў Беларусі нічога не ўтойваюць, паколькі смерць чалавека ў прынцыпе немагчыма ўтаіць. Больш за тое, у цэлым па смяротнасці ў Беларусі ў бягучым годзе дынаміка лепшая ў параўнанні з аналагічнымі перыядамі мінулых гадоў, у найбліжэйшы час плануецца абнародаваць падрабязную статыстыку, атрыманую з органаў ЗАГС. “У аўторак у нас нарада па шэрагу пытанняў. Я падрыхтую інфармацыю, усю статыстыку поўнасцю. Мы нічога абсалютна не ўтойваем”, — дадаў ён.

“Пачынаюць гвалтам кры­чаць, што ў Беларусі нешта ўтойваюць і не працуюць па вірусе. СААЗ нам рэкамендуе (Качанава па маім даручэнні размаўляла) змагацца ачагова, кропкава, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта зна­чыць, мы, калі бачым ачаг, кідаемся на яго і пачынаем ля­чыць гэтага чалавека і тых, хто быў вакол. Ніхто так у свеце не працуе. Яны і­дуць фронтам. Акружылі горад — ні ўехаць, ні выехаць, і ўсіх у дамах закрылі”.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў Беларусі няма той сітуацыі, каб прымаць такія меры. “І дай бог, каб гэтай сітуацыі ў нас не было”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт яшчэ раз пацвер­дзіў свой тэзіс пра тое, што масавая ізаляцыя ў кватэрах, наадварот, можа садзейнічаць пагаршэнню стану для тых, хто ўжо заразіўся тым ці іншым вірусам. “Гэта не праблема. Мы за суткі нейтралізуем горад (калі гэта спатрэбіцца. — Заўвага БелТА.). Але чаго гэта бу­дзе каштаваць і колькі будзе тады смярцей? Мы потым ужо будзем выхватваць з кватэр людзей, якія будуць цяжкія, і адразу іх на штучную вентыляцыю лёгкіх. І што, мы выратуем гэтых людзей? Таму не трэба дурасцю займацца. Нас жа заўсёды вучылі: трэба, каб праветранае памяшканне было, на свежым паветры і інш.”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

“Калі ўжо настане такі момант, калі нам трэба недзе ту­шыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі прэзідэнт (Гітанас Наўседа. — Заўвага БелТА.). Ён стаў клапаціцца пра беларускі вірус… Сваім вірусам займіся, у цябе там шмат пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не аб усім інфармуюць”, — заў­важыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што з усіх, хто знаходзіцца на лячэнні ад каранавіруса ў бальніцах, толькі нямногія на штучнай вентыляцыі лёгкіх. “У нас каля 3 тысяч апаратаў ШВЛ. Плюс наркозныя можна выкарыстоўваць у крайнім выпадку”, — прывёў ён даныя.

“Дык чаго нам цяпер ізаля­ваць людзей? Іх трэба засцерагчы ад небяспекі, што абавязана зрабіць сістэма аховы здароўя, урачы павінны лячыць людзей (гэта маё строгае патрабаванне), а не ха­дзіць і закрываць установы, нешта адмяняць. Гэта справа ўлады. Ты прыйдзі, дакажы, што гэта патрэбна, а ўлада прыме рашэнне”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры гэтым ён заклікаў урачоў выконваць неабходныя меры засцярогі пры кантакце з патэнцыяльна хворымі і пацыентамі, каб самім не стаць носьбітамі віруса.

Кіраўнік дзяржавы таксама яшчэ раз выказаў удзяч­насць у адрас урачоў за паспяховыя падыходы да лячэння вірусных захворванняў. “Ска­заць, што ў Беларусі ўсё ціха і спакойна — глупства поўнае. Проста мы не панікуем. Займаемся кожны сваёй справай. Не вырашаем праз каранавірус ніякіх палітычных пытанняў, хоць у нас палітычны год”, — заўважыў ён.

“Калі ўжо шчыра, я сёння мог бы ўвесці надзвычайнае становішча — патрулі па вуліцах, усе сядзяць (дома. — Заўвага БелТА.), — і паказаць перад прэзідэнцкімі выбарамі, які я круты, што я магу ўсё ўзяць пад кантроль, — сказаў прэзідэнт. — Не дай бог, каб нам рэальна давялося жыць у такой сітуацыі, калі давядзецца абмяжоўваць чалавеку магчымасць хадзіць па вуліцах, вывесці сваё дзіця куды-небудзь. І я ў гэтыя гульні гуляць не хачу. Мы будзем змагацца з любой хваробай. Я не вылучаю таму каранавірус”.