Кіраўнік дзяржавы адзначыў добрую дынаміку ў развіцці Мінскай вобласці

- 10:07Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіру.

“Для мяне было прыемным здзіўленнем, што, аказваецца, Мінская вобласць заняла першае месца па пяцігодцы. Дынаміка добрая, дай бог, каб так было”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што добрае ўражанне ў яго склалася ў тым ліку ад убачанага ў час аблётаў шэрага раёнаў Мінскай вобласці. “Вы папрацавалі вельмі сур’ёзна. Але не трэба забываць, што ёсць у вас яшчэ і праблемныя раёны. Іх трэба даводзіць да розуму, каб узровень земляробства і іншых пытанняў быў такім жа”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад Мінаблвыканкама вырашэння шэрага праблемных пытанняў з развіццём інфраструктуры ў аграгарадках паблізу Мінска.

“Будаўніцтва ў аграгарадках, перш за ўсё застарэлая праблема Калодзішчаў, — абазначыў кіраўнік дзяржавы адно з праблемных пытанняў. — Калодзішчы трэба прыводзіць у парадак. Перспектыўнае месца, людзі там будуюцца, хочуць там жыць. Ды і ў любой сёння вёсцы ў Мінскім раёне і не толькі ідзе будаўніцтва. Трэба наводзіць парадак, прадастаўляць людзям участкі. Няхай будуюцца, укладваюць свае сродкі”.

Сямён Шапіра далажыў прэзідэнту аб выкананні даручэнняў па навядзенні парадку вакол Мінска. “Калодзішчы чакаюць сур’ёзнага рамонту. Там пражывае больш за 16 тысяч чалавек. Мы завяршаем цяпер Бараўляны, наперадзе яшчэ работа па навядзенні парадку ў Самахвалавічах, Гатаве, Міханавічах”, — сказаў губернатар.

Паводле яго слоў, у выніку хуткага развіцця будаўніцтва ў Мінскім раёне ўзнікла адставанне ў пытанні стварэння неабходнай інфраструктуры для зручнага жыцця людзей, у тым ліку дарог, вадаводаў. “Там ёсць пэўны пералік праблем, якія неабходна вырашыць. Галоўнае — адшукаць фінансавыя сродкі. Варыянты вырашэння гэтага пытання намечаны. Думаю, мы зрушымся тут з месца”, — дадаў Сямён Шапіра.

Прэзідэнт падтрымаў прапанову аб тым, каб замарозіць на год штрафныя санкцыі для шэрага інвестараў, якія па аб’ектыўных прычынах не змаглі ў тэрмін дабудаваць пачатыя аб’екты.

“Я гатовы разгледзець пытанні па парушэнні дагавораў па будаўніцтве інвестарамі. Але хацелася б, каб мы, вызваляючы іх ад санкцый па нявыкананых абавязацельствах, не зрабілі гэта нормай, таму што мы зноў атрымаем шмат недабудаў. Паабяцалі — трэба ўкладвацца ў тэрміны. Але калі ёсць аб’ектыўныя прычыны, то, вядома, інвестараў трэба падтрымліваць, асабліва цяпер”, — заявіў прэзідэнт.

Як растлумачыў па выніках даклада Сямён Шапіра, некалькі гадоў назад улады ў Мінскай вобласці выявілі наяўнасць вялікай колькасці недабудаваных інвестыцыйных аб’ектаў. У такіх выпадках, калі аб’ект своечасова не пабудаваны, належала скасоўваць дагавор, а інвестар павінен быў бы выплаціць усе выкарыстаныя льготы, у тым ліку ў частцы падаткаў, ільгатаваных мытных пошлін. “Для таго каб не губляць інвестараў, мы пайшлі па іншым шляху. Папрасілі дазволу ў кіраўніка дзяржавы ўстанаўліваць ім дадатковы тэрмін для здачы аб’екта, але за гэта налічваліся штрафы. Штрафаў мы налічылі за ўсе гэтыя гады на Br42 млрд, якія пайшлі на аднаўленне абласной клінічнай бальніцы ў Бараўлянах”, — сказаў губернатар.

Паводле яго слоў, такі падыход быў больш выгадны для бізнесу, чым скасаванне дагавора і выплата ўсіх належных няўстоек. “Я папрасіў кіраўніка дзяржавы, з улікам, што няпросты час для бізнесу, дазволіць на год замарозіць штрафы і папрасіць інвестараў, каб гэтыя аб’екты былі на працягу года дабудаваны без штрафаў. Але калі за год не дабудуюць, тады прымяніць да іх штрафныя санкцыі за гэты год уключна”, — дадаў Сямён Шапіра.

“Гэта як мінімум 2—3 дзясяткі інвестараў, — растлумачыў старшыня Мінаблвыканкама. — Людзі хочуць жыць у чыстым, акуратным асяроддзі, а калі вечная будоўля, гэта грамадзянам не падабаецца. Таму размова ідзе аб тым, каб хутчэй падагнаць бізнесменаў завяршаць пачатыя аб’екты”.

Ён дадаў, што адпаведная прапанова прэзідэнтам падтрымана.

У час даклада кіраўніку дзяржавы было ўзнята і яшчэ адно пытанне аб невыкананні інвестарамі сваіх абавязацельстваў. “Мы некалі перадалі інвестарам суб’екты гаспадарання — калгасы, саўгасы, а нешта там не атрымалася, і яны, за бясцэнак атрымаўшы ўласнасць, пачынаюць перапрадаваць ужо ў тры разы даражэй па так званай рыначнай цане. Гэта непарадак. Гэта не проста трэба спыніць цяпер, а зрабіць так, каб усё вярнулі назад. Я вас тут абсалютна падтрымліваю”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Сямёна Шапіры.

Прэзідэнт таксама даручыў прапрацаваць пытанне аб тым, як забяспечыць далейшае развіццё тэрыторый у Мінскай вобласці, на якіх размешчаны пустуючыя піянерскія лагеры і базы адпачынку. “Іх пабудавана шмат, і нават вакол маёй рэзідэнцыі ці то шэсць, ці то дзевяць участкаў, якія знаходзяцца ў дрэнным стане. Іх сапраўды трэба паглядзець персанальна і канкрэтна”, — даручыў прэзідэнт.