Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Горбач асабістым прыкладам вядзе за сабой дзяцей

- 13:03Уроки мужества

Педагог з больш як 40-­гадовым стажам, настаўнік фізічнай культуры і здароўя, кіраўнік па ваенна­-патрыятычным выхаванні гімназіі № 6 імя Ф.Э.Дзяржынскага Гродна Юрый Юр’евіч Горбач асабістым прыкладам вядзе за сабой дзяцей. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Разам яны на спартыўнай пляцоўцы, у паходзе, адстойваюць гонар установы адукацыі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і конкурсах. Хаця педагогам, як прызнаецца Юрый Юр’евіч, ён стаў выпадкова. Спецыяліста з тэхнічнай адука­цыяй дырэктар яго роднай Іўеўскай школы Ю.І.Пракопчык запрасіў выкладаць урокі працы. Не абмежаваўшыся толькі гэтым, стаў весці футбольную секцыю, а таксама перадаваць дзецям свае веды ў галіне турызму.

У 1984 годзе з пераездам у Гродна Ю.Ю.Горбач трапіў у сярэднюю школу № 25 (сёння гімназія № 6), дзе і працуе да гэтага часу. Спачатку быў настаўнікам працоўнага навучання. Не пакінуў сваю любімую справу і гродзенскіх школьнікаў стаў прыцяг­ваць да турызму. Прычым займаўся гэтым грунтоўна, у спартыўнай зале з’явілася сценка для скалалажання. Яго выхаванцы станавіліся прызёрамі вобласці, чэмпіёнамі рэспублікі, занялі 2-е месца на саюзных спаборніцтвах. Педагог выхаваў шмат кандыдатаў у майстры спорту, разраднікаў.

Да 2010 года займаўся турызмам, але, калі дзеці сталі трап­ляць у зборную рэспублікі па спартыўным арыентаванні, вырашыў весці таксама і ўрокі фізкультуры. Атрымаў адукацыю і, як заўсёды, з душой падышоў да новай справы. Выхаваў 4 кандыдаты ў майстры спорту, майстра спорту, двое школьнікаў прымалі ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па спартыўным арыентаванні. 10 гадоў запар гімназісты лідзіру­юць у гарадской спартакіядзе. Дзеці з задавальненнем гуляюць у баскетбол, валейбол, займаюцца лыжным спортам, плаваннем, стральбой.

— Юрый Юр’е­віч — чалавек з вя­лікім сэрцам, шырокай душой, шчыра любіць Радзіму, дзяцей і гэтак жа шчыра і адказна ставіцца да сваёй справы, — падкрэсліла дырэктар гімназіі Таццяна Ула­дзіміраўна Махнач. — Ён нераўнадушны да таго, чым займаецца, і калі хоча дасяг­нуць выніку, абавязкова дасягае. Яшчэ настаўнікам працоўнага навучання ён рыхтаваў навучэнцаў для ўдзелу ў заключным этапе алімпіяды. Атрымаўшы другую вышэйшую адукацыю, стаў настаўнікам фізічнай культуры і здароўя, і зноў яго выхаванцы паказваюць выдатныя вынікі на рэспубліканскім этапе прадметнай алімпіяды. Калі ён бярэцца за справу, я ўпэўнена, будуць перамогі. Юрый Юр’евіч умее рабіць дзяцей лепшымі, унутрана багацейшымі, выхоўвае сапраўдных патрыётаў нашай Беларусі. І гэта не пафасныя словы. У яго ўсё атрымліваецца, бо ён сваімі паводзінамі, ладам жыцця паказвае годны прыклад пад­растаючаму пакаленню. І дзеці давяра­юць яму, баяцца яго падвесці.

У гімназіі створана высокаэфектыўная сістэма пад­рыхтоўкі да конкурсаў і спаборніцтваў патрыятычнай накіраванасці, аснова якой — цеснае ўзаемадзеянне ўсіх удзель­нікаў адукацыйнага працэсу: навучэнцаў і іх бацькоў, настаўнікаў-прадметнікаў, кіраўніка клуба “Зубр 6.0”, педагогаў-арганізатараў і кіраўніцтва ўстановы адукацыі. Ёсць чым ганарыцца. Толькі па выніках мінулага навучальнага года дыпломамі рознай ступені адзначаны каманды гімназістаў за ўдзел у гарадскіх конкурсе “Зброя мінулых гадоў” і ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Тры дыпломы I ступені і два III ступені заваявалі гімназісты на абласным этапе гульні “Арляня” і дыпломы I і II ступені ў розных намінацыях на рэспубліканскім этапе гульні. У скарбонцы дасягненняў — узнагароды за ўдзел у абласным марафоне “Кубак патрыётаў”.

Заснаваны больш як дзесяць гадоў назад Ю.Ю.Горбачам турыстычны клуб “Зубр” набыў статус патрыятычнага “Зубр 6.0” і стаў візітоўкай гімназіі. Заняткі ў клубе спрыяюць патрыятычнаму, інтэлектуальнаму і духоўнаму развіццю асобы юнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, яго лідарскіх якасцей. “Зубр 6.0” прызнаваўся лепшым патрыятычным клубам Гродзенскай вобласці.

У мінулым навучальным го­дзе, стаўшы пераможцамі гарадскога і абласнога этапаў, члены клуба прадстаўлялі Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе дзіцячага палявога лагера “Ратавальнік”. У выніку атрымалі 2-е агульнакаманднае месца і яшчэ 4 дыпломы за асобныя конкурсы. За ўсе 17 гадоў правядзення лагера Гродзенская вобласць упершыню была прадстаўлена так годна.

— Наш патрыятычны клуб унікальны, адзіны ў Беларусі, які мае вынікі ва ўсіх конкурсах, ваенна-патрыятычных гульнях, такіх як “Зарніца”, “Арляня”, “Ратавальнік”, “Дазор”, “Развед-атлон” і іншых, калі прымае ў іх удзел, — расказала Т.У.Махнач. — Не было б гэтых перамог, калі б не асабістая зацікаўленасць кіраўніка клуба. На Юрыя Юр’евіча кла­дзецца вялікая нагрузка, ён так рыхтуе каманды да спаборніц­тваў, што яны дабіваюцца высокіх вынікаў і перамог, але лепш за яго з гэтым ніхто не справіцца. Перапаўняе гордасць, што такія людзі ёсць у адукацыі. Іх трэба ва ўсім падтрымліваць, стымуля­ваць.

Кіраўніцтва гімназіі стварае ўсе ўмовы для эфектыўнай працы педагога, пачынаючы з матэрыяльна-тэхнічнай базы, стапрацэнтнай забяспечанасці вучэбна-спартыўным абсталяваннем, а таксама матэрыяльнага стымулявання і маральнай падтрымкі. Як адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 6 імя Ф.Э.Дзяржынскага Гродна А.В.Салімава, Юрый Юр’евіч паказвае дзецям асабісты прыклад. Школьнікі ідуць за ім, бо бачаць, як педагог да іх шчыра ставіцца, любіць, як сваіх дзяцей, перажывае, адстойвае іх інтарэсы, умее прывіць ім правільныя якасці, таму што сам сапраўдны патрыёт.

У рамках патрыятычнага клуба працуе інфармацыйна-прапагандысцкая група. Члены “Зубра 6.0” далучаюць іншых гімназістаў да патрыятычных акцый, бываюць на класных гадзінах у малодшых школьнікаў, право­дзяць тэматычныя гутаркі на самыя розныя тэмы. І дзеці іх сапраўды слухаюць.

— Выхаваннем патрыятызму я займаюся ўсё жыццё, аднак ніколі не задумваўся, што патрыятызм трэба выхоўваць, усё гэта адбываецца само сабой, — разважае Юрый Юр’евіч. — Я вадзіў дзяцей у паходы, яны бачылі прыгажосць нашай прыроды, знаёміліся са славутасцямі Беларусі. На спаборніц­твах хлопчыкі і дзяўчынкі заўсёды горда ўздымаюць сцяг Рэспублікі Беларусь. А дзе каманда — там і патрыятызм, таварыства, кожны стаіць адзін за аднаго гарой. Для мяне патрыятызм — гэта ўнутраны дух. Праяўляецца ён праз справы, учынкі. І я бачу жаданне дзяцей рабіць усё магчымае на карысць Радзімы. Працую над тым, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі сваёй краіны, прывіваю правільныя звычкі. Сам прытрымліваюся здаровага ладу жыцця і патрабую гэтага ад дзяцей.

Гімназія імя Ф.Э.Дзяржынскага актыўна супрацоўнічае з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Асабліва цесныя сувязі склаліся з абласной ветэранскай арганізацыяй “Гонар”. Рэалізуецца сумесны праект “Гарачыя сэрцы на абароне Радзімы”, у рамках якога праводзяцца розныя сумесныя мерапрыемствы. Летась прайшоў конкурс малюнкаў “КДБ вачыма дзяцей”. Сёлета адміністрацыя ўстановы адукацыі плануе пашырыць геаграфію конкурсаў і прапанаваць паўдзельні­чаць у іх установам, якія носяць імя Ф.Э.Дзяржынскага, не толькі з Беларусі, але і з Расіі.

Важны складнік такога супрацоўніцтва — прафарыентацыйная работа. Прадстаўнікі органаў дзяржбяспекі праводзяць гутаркі са школьнікамі, арганізуюцца сумесныя паездкі. Традыцыйна ў дзень нараджэння Ф.Э.Дзяржынскага прадстаўнікі абласнога ўпраўлення КДБ узнагароджваюць актыўных гімназістаў, у тым ліку і членаў клуба “Зубр 6.0”. Дзеці, у сваю чаргу, прымаюць удзел у канцэртах, арганізаваных КДБ. Брэндавым мерапрыемствам для гімназіі стаў урачысты прыём у піянеры, прымеркаваны да Дня Перамогі. Сумеснымі намаганнямі дарослых і школьнікаў высаджаны сад надзеі, разам яны прымаюць удзел у тыдні лесу. Летась дзеці пабывалі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у гэтым годзе — у музеі-сядзібе “Дзяржынава” на радзіме Фелікса Эдмундавіча.

Як прызнаецца Юрый Юр’евіч, ён атрымлівае задавальненне ад сваёй працы, стараецца выхоўваць у дзецях не толькі волю да перамогі, сілу духу, уменне працаваць у камандзе, але самае галоўнае — гадуе іх годнымі грамадзянамі і сапраўднымі пат­рыётамі Радзімы.

— Прыемна бачыць вынік сваёй працы і атрымліваць падзякі ад выхаванцаў. Проста я веру ў іх, усе дзеці таленавітыя, — адзна­чыў педагог.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ўстановай адукацыі