Кіраўнік у адукацыі павінен заставацца педагогам

- 11:23Дашкольная адукацыя, Рознае

Яслі-сад № 134 Мінска Ірына Анатольеўна Баскакава ўзначаліла ў 2011 годзе, калі ўстанова толькі адкрылася. Маладому кіраўніку тады было толькі 28 гадоў, але пад яе кіраўніцтвам сад пачаў лідзіраваць у раёне па выніках падрыхтоўкі да навучальнага года, па базавых паказчыках дзейнасці дашкольных устаноў адукацыі. Калектыў сада быў узнагароджаны дыпломам ІІІ ступені ў гарадскім конкурсе “Энергамарафон-2014”. Сама Ірына Анатольеўна — уладальнік гранта і прэміі Мінгарвыканкама, кіраўнік метадычнага аб’яднання Першамайскага раёна Мінска для намеснікаў загадчыкаў па асноўнай дзейнасці.

“Нарадзілася я ў спартыўнай сям’і, — расказала Ірына Анатольеўна. —Тата займаўся барацьбой, зараз ён ужо на трэнерскай пасадзе, мама — гімнастыкай, а брат мой — футбаліст. Мне таксама прадказвалі спартыўную кар’еру. Але я аказалася не такой здольнай спартсменкай, як яны. У дзяцінстве больш гуляла з сяброўкамі ў школу, хацела быць падобнай на сваю настаўніцу пачатковых класаў, таму што яна з вялікай любоўю адносілася да вучняў, якія не маглі гэтага не цаніць”.

Па адукацыі Ірына Анатольеўна сурдапедагог. Пасля 9 класа паступіла ў педагагічны каледж на сурдапедагагічнае аддзяленне, якое скончыла з чырвоным дыпломам. Затым без экзаменаў яе прынялі ў БДПУ імя Максіма Танка на спецыяльнасць “Сурдапедагогіка. Дашкольная адукацыя”. Уладкавацца на работу маладому спецыялісту-сурдапедагогу было складана, таму што ў Мінску толькі дзве спецыялізаваныя школы адпаведнага профілю, і змены ў іх педагагічным складзе адбываліся нячаста. Так Ірына Анатольеўна трапіла ў дашкольную сферу. У 19 гадоў уладкавалася на пасаду выхавальніка ў яслі-сад № 395 Мінска. Але ўжо праз пяць гадоў стала намеснікам загадчыка ясляў-сада № 522. А ў 2011 годзе — кіраўніком сада-новабудоўлі № 134. І аказалася самым маладым загадчыкам дашкольнай установы ў сваім раёне.

“Самае галоўнае на пасадзе загадчыка, на мой погляд, не ператварыцца ў чыстага гаспадарніка”, — адзначыла Ірына Анатольеўна. — Кіраўнік у адукацыі павінен заставацца перш за ўсё педагогам — творчым, крэатыўным, ініцыятыўным, які пастаянна развіваецца ў гэтым кірунку, знаходзіць час для самаўдасканалення. Заўсёды цікаўлюся метадычнай работай, працэсам навучання дашкольнікаў. Кожны дзень хаця б на некалькі хвілін заходжу ў групы, каб пагутарыць з выхавальнікамі, паназіраць за дзецьмі. Мне не хапае іх гарэзлівасці, жыццярадаснасці, аптымізму. І сама дзялюся з выхаванцамі ўсмешкамі і радасцю, мне хочацца дарыць ім любоў.

Вельмі спатрэбіліся ў рабоце веды па дэфекталогіі, якія я атрымала ва ўніверсітэце. Многім дзецям сёння патрабуецца карэкцыйна-педагагічная дапамога, пераважна лагапедычная. Пры залічэнні выхаванцаў ва ўстанову даю бацькам кансультацыі, карысныя парады па развіцці іх дзяцей, тлумачу сэнс таго дыягназу-заключэння, якое далі дзіцяці ў ЦКРНіР, часам супакойваю, таму што многія парушэнні гукавымаўлення мы выпраўляем у садзе на занятках з настаўнікам-дэфектолагам, які працуе ў нас на пункце карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Вялікую дапамогу мне заўсёды аказвае мая каманда — спецыялісты, педагогі, якія побач, і, канечне, бацькі выхаванцаў. Усе дасягненні калектыву — гэта агульны вынік”.

Сумесна з намеснікам загадчыка Ірына Анатольеўна пастаянна працуе над новымі адукацыйнымі праектамі, якія дапамагаюць установе ісці ў нагу з часам. Калі сад толькі адкрыўся, існавала кадравая праблема. Многія выхавальнікі не мелі спецыяльнай дашкольнай адукацыі. Гэта падштурхнула да распрацоўкі праекта, накіраванага на фарміраванне прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, у якіх не было адпаведнай падрыхтоўкі. У выніку яслі-сад № 134 стаў інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі. Сярэдні ўзрост калектыву — 37 гадоў. Усе яго супрацоўнікі творчыя, лёгкія на пад’ём, ініцыятыўныя. Многія падчас рэалізацыі праекта атрымалі неабходныя веды, павысілі сваю кваліфікацыю, асвоілі і пачалі выкарыстоўваць элементы ТРВЗ, педагогікі Марыі Мантэсоры і праектна-даследчай дзейнасці.

Разам са сваім намеснікам Ю.Я.Пшанічнікавай Ірына Анатольеўна ў 2013 годзе атрымала грант Мінгарвыканкама за распрацоўку і ўкараненне інавацыйнага адукацыйнага праекта “Выкананне блочнай мадэлі метадычнай работы як умовы фарміравання прафесійнай кампетэнтнасці пачынаючых выхавальнікаў, якія не маюць дашкольнай адукацыі”. У 2015 годзе кіраўнік сада стала ўладальнікам прэміі Мінгарвыканкама за праект “Выкарыстанне мадэлявання ў кіраўніцкай дзейнасці кіраўніка як умова павышэння якасці дашкольнай адукацыі”.

Яслі-сад № 134 з’яўляецца апорнай пляцоўкай АПА. Штомесяц яе наведваюць слухачы курсаў акадэміі, каб пазнаёміцца з вопытам работы педагогаў сада, з тым, як павышаецца іх прафесійнае майстэрства і вырашаюцца пытанні павышэння якасці дашкольнай адукацыі, з сістэмай кіравання ўстановай, з напрацоўкамі па стварэнні здароўезберагальнага асяроддзя, з арганізацыяй фізкультурна-аздараўленчай работы. Установа пастаянна ўдзельнічае ў конкурсах, арганізаваных Мінскім гарадскім камітэтам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ірына Анатольеўна — член прэзідыума райкама прафсаюза, курыруе работу з маладымі педагогамі. Для іх адзін раз у квартал на базе сада праходзяць цікавыя мерапрыемствы. Адно з іх — прафсаюзны Форт Баярд — арганізуецца сіламі калектыву ясляў-сада № 134 і райкама прафсаюза. Прымаючы ўдзел у ім, маладыя педагогі ў гульнявой форме не толькі дэманструюць свой спрыт, але і веды па пытаннях аховы працы і працоўнага заканадаўства. На належным узроўні арганізавана супрацоўніцтва дашкольнай установы са школамі.

“Сёння мы зноў працуем па інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі развіцця прафесійнай кампетэнтнасці выхавальнікаў праз ІКТ” пад навуковым кіраўніцтвам кандыдата псіхалагічных навук дацэнта АПА Валянціны Мікалаеўны Шашок, — падкрэслівае Ірына Анатольеўна. — У рамках мерапрыемства нашы педагогі распрацоўваюць тэставыя заданні для сваіх калег-выхавальнікаў. Заданні размяшчаюцца ў сістэме МООDLE. У праекце ўдзельнічаюць дашкольныя педагогі як без катэгорыі, так і з вышэйшай катэгорыяй, якія з’яўляюцца своеасаблівымі цьютарамі для сваіх калег. Тэставыя заданні (тэарэтычныя і практычныя), якія будуць выконваць педагогі ў рамках праекта, тычацца адукацыйнага працэсу ў дашкольнай установе, закранаюць усе спектры навучання і развіцця дашкольнікаў, служаць каталізатарам прафесійнай кампетэнтнасці педагога згодна з зададзенай мадэллю. Яны закранаюць, напрыклад, нарматыўна-прававую базу адукацыйнага працэсу, уменні і навыкі педагогаў, псіхалагічныя сітуацыі, якія могуць узнікаць у калектыве. Такім чынам, кожны наш педагог можа праверыць сваю прафесійную кампетэнтнасць, знайсці слабыя звёны, каб пасля самастойна ўдасканаліць свае веды ў пэўным кірунку”.

Сёлета калектыў ясляў-сада № 134 Мінска плануе ўдзельнічаць у чарговым гарадскім конкурсе на прысваенне гранта Мінгарвыканкама. Мы будзем прадстаўляць адукацыйны праект па спартыўным арыентаванні”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.