Здаўна кірмашы былі для людзей значнай падзеяй. Сюды на продаж ці для абмену везлі ўсё самае лепшае. Гэтак жа і на кірмашы, які прайшоў на Дзяржыншчыне, яго ўдзельнікам было што паказаць. Праўда, таварам тут былі праекты, ідэі, прэзентацыі, а ў ролі гандляроў выступалі супрацоўнікі сістэмы адукацыі. На базе сярэдняй школы № 1 Фаніпаля адбыўся адкрыты адукацыйны кірмаш сацыяльна-кіраўніцкіх інавацый.
У Дзяржынскім раёне адукацыйныя кірмашы праходзілі два апошнія гады і былі прымеркаваны да жнівеньскай педагагічнай канферэнцыі. Ідэя вельмі спадабалася педагогам раёна, карыснасць мерапрыемства была відавочнай, таму было вырашана пашырыць геаграфію мерапрыемства і запрасіць на яго шырокае кола калег. Таму сёлета кірмаш быў адкрыты, яго ўдзельнікамі сталі прадстаўнікі сталіцы, Брэсцкай, Гомельскай, Магілёўскай абласцей, усіх раёнаў Міншчыны. На адкрыцці мерапрыемства гасцей віталі старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Іванавіч Арцюшкевіч і начальнік упраўлення адукацыі Мінскага аблвыканкама Галіна Мікалаеўна Казак.
— Мы жывём у краіне, якая абрала інавацыйны шлях развіцця. Мы цэнім інтэлект, а яго крыніца — у сістэме адукацыі, — адзначыла Г.М.Казак. — Галоўная мэта адукацыйнага кірмашу — вылучэнне, экспертыза і тыражаванне інавацый. Кірмаш стане пляцоўкай, дзе ўзнікае партнёрства, і цудоўна, што сёння гэтае партнёрства будзе не толькі ўнутры нашай вобласці, але і паміж рознымі рэгіёнамі.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама на працягу многіх гадоў утрымлівае лідарскія пазіцыі на Міншчыне. Тут шукаюць і знаходзяць найбольш эфектыўныя формы работы. Паспрабаваўшы розныя формы абмену вопытам, прыйшлі да высновы, што менавіта кірмашы даюць найбольшы плён.
— Кірмаш — такая дзея, дзякуючы якой кожны, хто мае ідэі, назапашаны вопыт, атрымлівае імпульс асэнсаваць сваю работу, абагульніць і стварыць пэўны прадукт, які будзе карысны і іншым. Гэта імпульс зрабіць першы крок. Магчыма, атрыманы прадукт потым вырасце ў нешта большае. Акрамя таго, сам па сабе кірмаш — спрыяльнае асяроддзе для набыцця вопыту, ідэй, — расказвае Вацлаў Іванавіч Матусевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама.
“Кіраваць, ствараючы сэнсы” — гэта назва для кірмашу была выбрана невыпадкова. Менавіта дасведчанае кіраванне — падмурак поспеху ў любой дзейнасці, праблемы кіравання на рэгіянальным узроўні вартыя ўвагі. На кірмашы быў прадстаўлены шырокі выбар кіраўніцкіх і сацыяльна-педагагічных ідэй і інавацый.
Адметнасць кірмашу — яго практычная арыентаванасць. Кожны ўдзельнік прэзентаваў пэўны гатовы прадукт, які калегі маглі набыць і выкарыстоўваць. Больш за 50 аўтарскіх праектаў былі прадстаўлены падчас стэндавых дакладаў і публічных прэзентацый.
Шмат такіх прадуктаў дэманстравалі гаспадары мерапрыемства — прадстаўнікі Дзяржынскага раёна. Напрыклад, вопыт арганізацыі міжшкольнага педагагічнага класа: навучэнцы з розных устаноў раёна па суботах прыязджаюць у гімназію Дзяржынска, дзе праходзяць неабходны курс факультатываў. Цікавы і вопыт арганізацыі работы ў шосты школьны дзень: удзельнікам кірмашу прапанавалі распрацаваны ў раёне алгарытм, які значна спрашчае работу. Прэзентавалі спецыялісты раёна ініцыятыву па прыцягненні дзяцей дашкольнага ўзросту да этнакультурнай спадчыны “Беларускі нацыянальны касцюм: традыцыі і сучаснасць”, раённыя брэндавыя мерапрыемствы. Расказалі на прыкладзе ўстаноў адукацыі раёна, як адкрыць лабараторыю робататэхнікі, стварыць навучэнскую бізнес-кампанію і паспяховы дзіцячы парламент.
Госці з Брэстчыны Т.І.Петруковіч і Г.А.Шугай, загадчык і метадыст Кобрынскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета, дзяліліся вопытам выкарыстання Google-сэрвісаў у стварэнні сістэмы інфармацыйнага абмену аддзела адукацыі і падведамасных устаноў. Так, напрыклад, Google-формы і табліцы значна спрашчаюць збор інфармацыі. Выкарыстоўваюць у Кобрыне і магчымасці сумеснай работы над дакументамі, ствараюць сеткавыя суполкі.
Г.Р.Бінько, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Брэсцкай вобласці, знаёміла калег з сістэмай рэйтынгавай ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці ўстановы адукацыі, якая распрацавана і выкарыстоўваецца ў раёне. Сістэма ўлічвае 6 крытэрыяў і 44 паказчыкі, а распрацоўвала яе творчая група дырэктараў устаноў. Так што ацэнка даецца аб’ектыўная і празрыстая. Сістэма выкарыстоўваецца як рэсурс павышэння якасці адукацыі ў раёне і можа быць карыснай у любым рэгіёне.
Прадстаўнікі гімназіі № 1 Любані С.У.Красюк і Н.В.Філеня расказалі аб укараненні мадэлі дыстанцыйнага навучання для пабудавання індывідуальнай траекторыі навучання і рэалізацыі дапрофільнай падрыхтоўкі навучэнцаў. Педагогі гімназіі стварылі цыкл курсаў па розных прадметах у віртуальным асяроддзі Moodle. Навучэнцы гімназіі ўжо з 8 класа дыстанцыйна ў зручны для сябе час спрабуюць сябе ў розных дысцыплінах, што дапамагае ім выбраць профіль навучання ўсвядомлена.
Метадычныя матэрыялы для развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу малодшых школьнікаў праз арганізацыю работы раённага клуба “УнікУм” прапанавалі супрацоўнікі сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Т.К.Арцёменка і Т.А.Арлова. Матэрыялы разнастайныя і змястоўныя: палажэнне, комплексы практычных матэрыялаў па розных кірунках навучання, распрацоўкі для заняткаў, сцэнарыі мерапрыемстваў.
Таксама падчас работы кірмашу працавалі чатыры кансультацыйныя цэнтры: “Электронная школа”,“Практыка работы школьных бізнес-кампаній”, “Сацыяльна-эканамічныя пытанні работы сістэмы адукацыі”, “Шосты школьны дзень. Эфектыўная практыка”.
Праекты, прадстаўленыя на кірмашы, ацэньваў экспертны савет, які вызначыў лепшых у намінацыях “Унікальнасць у кіраванні сістэмай адукацыі”, “Стабільнасць і поспех”, “Мары становяцца рэальнасцю” і “Школа будучыні”.
Кірмаш — цудоўная, урадлівая глеба, на якой выспяваюць годныя ідэі і праекты. І кірмаш гэты ўнікальны, бо ніхто тут не шукае фінансавай выгады, а заклапочаны толькі далейшым развіццём устаноў і сістэмы адукацыі.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.