Кірмаш прафесій

- 13:15Абитуриент

Як не памыліцца, выбіраючы прафесію? Відавочна, самы ідэальны варыянт — паспрабаваць сябе ў ёй. На гэта накіраваны “кірмашы мэтавай падрыхтоўкі”, якія праходзяць у каледжах краіны.

Уздзенскі дзяржаўны каледж таксама далучыўся да такой прафарыентацыйнай работы са школьнікамі.

“На гэтым тыдні ў нашым каледжы праводзіўся “Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі”, на які былі запрошаны навучэнцы 9-х класаў школ Уздзенскага і Стаўбцоўскага раёнаў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Уздзенскага дзяржаўнага каледжа Дзмітрый Антоненка. — Безумоўна, на мерапрыемства прыйшлі заказчыкі кадраў, якія зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў па тых кірунках, якія прапануе наша ўстанова. Сярод іх — многія гаспадаркі Уздзенскага раёна, а таксама некаторыя кампаніі з Мінска. Так, сярод іх была кампанія, якая зай­маецца міжнароднай перавозкай грузаў”.

“Кірмаш мэтавай падрыхтоўкі” пачаўся з майстар-класаў, якія праводзіліся па кожнай спецыяльнасці, што прапануе каледж. Напрыклад, навучэнцы спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” гатавалі розныя прысмакі і прапаноўвалі іх прадэгуставаць удзельнікам мерапрыемства. Больш за ўсё гэтай пляцоўкай зацікавіліся тыя, хто жадае асвоіць кулінарнае майстэрства і плануе паступаць на кухара ці кандытара.

“Навучэнцы спецыяльнасці “Грамадскае харчаванне” не толькі прадэманстравалі школьнікам згатаваныя стравы, але і запрасілі паспрабаваць стварыць нешта сваімі рукамі, — тлумачыць Д.Антоненка. — Тыя, хто цікавіцца швейным майстэрствам, спрабавалі шыць, фастрыгаваць. Таксама дзеці ўбачылі вынік работы тых, хто займаецца цырульніцкім майстэрствам. Для хлопцаў самым цікавым стаў майстар-клас па ваджэнні трактара. Яго школьнікам паказвалі нашы навучэнцы са сваім майстрам. Для гэтага на тэрыторыі каледжа спецыяльна была абсталявана пляцоўка. На ёй таксама знаходзіліся МАЗ, фура, на якой працуюць дальнабойшчыкі”.

Спецыяльнасці і кваліфікацыі, якія прапануе Уздзенскі дзяржаўны каледж

На аснове агульнай базавай адукацыі:

“Тэхналогія зварачных работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” (“электрагазазваршчык”, “вадзіцель катэгорыі С”);

“Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” (“слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання”, “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі “А”, “В”, “С”, “D”);

“Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў. Цырульніцкае майстэрства і дэкаратыўная касметыка” (“швачка”, “цырульнік”, “майстар па манікюры”);

“Грамадскае харчаванне” (“кухар”, “кандытар”).

На аснове агульнай сярэдняй адукацыі:

“Тэхналогія зварачных работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў” (“электрагазазваршчык”, “вадзіцель катэгорыі С”).

Пасля майстар-класаў для ўдзельнікаў кірмашу была праведзена дыялогавая пляцоўка, падчас якой арганізацыі — заказчыкі кадраў расказвалі пра тое, якія перавагі ма­юць спецыялісты, што прыходзяць да іх на работу.

“Работадаўцы расказвалі пра ўмовы працы, пра бонусы, якія могуць атры­маць тыя навучэнцы, якія прыйдуць да іх заклю­чаць дагавор аб мэтавай падрыхтоўцы, — зазначыў Дзмітрый Антоненка. — Безумоўна, сярод дзяцей былі школьнікі, якія зацікавіліся агучанымі прапановамі”.

Правядзенне “кірмашоў мэтавай пад­рыхтоўкі” — гэта цудоўная магчымасць для каледжаў зацікавіць навучэнцаў, паказаць ім перавагі рабочых прафесій. Так, Уздзенскі дзяржаўны каледж штогод выпускае больш за 120 кваліфікаваных спецыялістаў для сельскай гаспадаркі і сферы абслугоўвання. Навучанне тут вядзецца па 8 спецыяльнасцях і 15 кваліфікацыях.

“У нашым каледжы для якаснай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў ёсць усе ўмовы: два вучэбныя корпусы, вучэбна-­вытворчыя майстэрні, лабараторыі, інтэрнат, аўтадром і інш., — пералічвае прадстаўнік установы. — Для дадатковага развіцця навучэнцаў ва ўстанове арганізавана дзейнасць шматлікіх гурткоў і спартыўных секцый. Будзем вельмі рады, калі ў наступным навучальным годзе ўбачым сярод абітурыентаў тых дзяцей, якія сёлета былі на нашым прафарыентацыйным мерапрыемстве”.

Наталля САХНО.