Кіруе лічба

- 11:31World Skills

Прафесійная кампетэнцыя, якая тычыцца адміністравання сеткавых інфармацыйных сістэм, сёння патрабуе шырокага спектра навыкаў у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Як нам паведаміла эксперт гэтай кампетэнцыі выкладчык БДУІР В.В.Рабцэвіч, названая кампетэнцыя спалучае ў сабе розныя здольнасці і творчыя памкненні, неабходныя пры разгортванні спецыялізаваных інфармацыйных сетак. У склад іх уваходзяць рабочыя станцыі, рознае сеткавае і сервернае абсталяванне, наладка ўліковых запісаў карыстальнікаў, розныя аперацыйныя сістэмы і сервернае праграмнае забеспячэнне. Гэтая кампетэнцыя накіравана таксама на ўменне распрацоўваць розныя рашэнні, прадастаўляючы бяспечны і эфектыўны доступ у інтэрнэт і карпаратыўныя сеткі, усталёўваць і наладжваць прылады бесправадной сеткі, камутатары, маршрутызатары і сродкі абароны інфармацыі, забяспечваць абарону інфармацыі і прадастаўляць доступ для адпаведных карыстальнікаў, прадастаўляць дакументацыю і дыяграмы сістэмнага ўзроўню і інш.

Свае ўменні і прафесійныя навыкі, шырокі аб’ём ведаў прадставіў у гэтай кампетэнцыі Віталь Таболін, студэнт 4 курса кафедры інфакамунікацыйных тэхналогій факультэта інфакамунікацый БДУІР. Сёння гэты факультэт з’яўляецца вядучым у краіне навукова-адукацыйным цэнтрам, дзе прахо­дзяць даследаванні і вядзецца падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Падрыхтоўка ажыццяўляецца па наступных спецыяльнасцях першай ступені вышэйшай адукацыі: “Абарона інфармацыі ў тэлекамунікацыях”, “Інфакамунікацыйныя сістэмы (стандартызацыя, сертыфікацыя і кантроль параметраў)”, “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (сеткі інфакамунікацый)”, “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (сістэмы размеркавання мультымедыйнай інфармацыі)”, “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (сістэмы тэлекамунікацый)”, “Інфакамунікацыйныя тэхналогіі (лічбавае тэле- і радыёвяшчанне)”.

Выкладчык і эксперт прафесійнай кампетэнцыі В.В.Рабцэвіч скончыла БДУІР, магістратуру і аспірантуру. Сфера яе навуковых інтарэсаў —  сеткавыя тэхналогіі і апрацоўка малюнкаў атамна-сілавой мікраскапіі. Віялета Віктараўна выкладае на кафедры такія прадметы, як “Спадарожнікавыя і радыёрэлейныя сістэмы перадачы”, “Функцыянальныя прылады сістэм тэлекамунікацый”, “Метады фарміравання і апрацоўкі тэлекамунікацыйных сігналаў”.

 У склад кафедры ўваходзяць 12 вучэбных лабараторый, аснашчаных сучасным тэлекамунікацыйным, вымяральным абсталяваннем, лічбавым камутацыйным і тэрмінальным абсталяваннем, базавай станцыяй сотавай сувязі, сістэмамі сеткавай бяспекі і відэаназірання вядучых вытворцаў свету (Cisco, D-Link. Alcatel, Siemens і інш.). На базе наяўнага абсталявання арганізаваны і функцыянуюць лакальная і мультысэрвісныя сеткі, якія дазваляюць ажыццяўляць аналіз трафіку і кіраванне сеткай Cisco, сістэмамі сеткавай бяспекі і відэаназірання, лічбавай камутацыяй каналаў, пакетаў і IP-тэлефаніі, падключэнне да сеткі відэаканферэнцсувязі. Таксама на базе кафедры можна прайсці групавое і індывідуальнае навучанне ці павышэнне кваліфікацыі па курсах сеткавых тэхналогій на базе абсталявання D-Link.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.