Кітай: вырашана ўвесці абмежаванні для прыватных кампаній у сферы адукацыі

- 13:00Паралелі

У канцы ліпеня Дзяржаўны савет Кітая апублікаваў дакумент, які ўводзіць абмежаванні дзейнасці прыватных адукацыйных кампаній. У ліку іншага новыя правілы прадугледжваюць, што:

арганізацыі, якія выкладаюць прадметы са школьнай праграмы, зараз можна адкрываць толькі ў форме некамерцыйных арганізацый (гэта значыць тых, што не атрымліваюць прыбытак). Ім нельга праводзіць IPO і прыцягваць фінансаванне ад публічных кампаній або замежныя інвестыцыі, у тым ліку ад замежных структур кітайскіх кампаній. Кампаніі, якія не адпавядаюць гэтым правілам, павінны “выправіць сітуацыю”, гаворыцца ў заяве Дзяржсавета; 

мясцовыя ўлады павінны спыніць выдачу дазволаў на стварэнне новых пазашкольных устаноў па навучанні абавязковым прадметам;

кампаніям нельга выкладаць па замежных вучэбных праграмах або наймаць выкладчыкаў за межамі Кітая;

анлайн-урокі абмежаваны 30 мінутамі з абавязковымі перапынкамі не менш за 10 хвілін. Заняткі з рэпетытарам павінны заканчвацца не пазней за 21:00;

рэпетытарам забаронена выкладаць школьныя прадметы ў выхадныя, канікулы і святы;

анлайн-рэпетытарства і выкладанне школьных прадметаў для дзяцей ва ўзросце да 6 гадоў забаронена.

Пераход на новыя правілы будзе паступовым: для пілота Дзяржсавет выбраў дзевяць гарадоў, уключаючы Пекін, Шанхай і Гуанчжоу. Патрабаванні распаўсюджваюцца толькі на асноўныя прадметы, такія як матэматыка, гісторыя і прыродазнаўчыя навукі. Мастацтва або музыка пад іх не трапляюць, адзначае Bloomberg. У той жа час, на думку выдання, правілы сфармуляваны занадта агульна і могуць быць прыменены да розных дысцыплін.

Мэта рэформы — зніжэнне стрэсу для вучняў і абітурыентаў і нагрузкі на бюджэты сем’яў. Як вынік — рост нараджальнасці і ліквідацыя няроўнасці. Справа ў тым, што кітайскія бацькі выдаткоўваюць шмат грошай на адукацыю дзяцей, гэтыя выдаткі стрымліваюць сем’і ад нараджэння дзяцей. Зніжэнне нараджальнасці стала адной з пагроз для эканомікі краіны, таму ў 2016 годзе ўлады дазволілі заводзіць дваіх дзяцей, а ў 2021 годзе — траіх.

У 2021 годзе аб’ём кітайскага рынку камерцыйнай адукацыі дасягне $125 млрд, прагназуюць аналітыкі Frost & Sullivan. І ўрад турбуе, што пазашкольная адукацыя “захоплена капіталам”, цытуе Bloomberg артыкул кітайскага Міністэрства адукацыі. “Гэта падрывае прыроду адукацыі як грамадскага дабрабыту”, — лічаць у міністэрстве.

За апошніх некалькі гадоў кітайскі EdTech стаў папулярным у міжнародных інвестараў, уключаючы Tiger Global, Temasek Holdings, SoftBank і DST. Толькі ў 2020 годзе мясцовыя адукацыйныя анлайн-платформы прыцягнулі $10 млрд. Цяпер для венчурных інвестараў гэты рынак можа закрыцца. А некаторым стартапам, напрыклад Yuanfudao з ацэнкай $15,5 млрд, магчыма, давядзецца адкласці выхад на біржу.

З сярэдзіны лютага публічныя кітайскія EdTech-кампаніі страцілі $126 млрд капіталізацыі, падлічыў Bloomberg, а новыя правілы толькі паскорылі падзенне.

Кошт трох найбуйнейшых кітайскіх EdTech-кампаній, акцыі якіх гандлююцца ў ЗША, рэзка абваліўся:

TAL Education Group — на закрыцці таргоў 22 ліпеня акцыі каштавалі па $20,52, а 26 ліпеня — ужо каля $4. Цалкам уся кампанія “патаннела” з $14,5 да $2,84 млрд.;

New Oriental Education & Technology Group — да 26 ліпеня акцыі ўпалі з $6,40 да $2, а капіталізацыя — з $10,9 да $3,3 млрд;

Gaotu Techedu — за той жа перыяд акцыі абрынуліся з $9,6 да $2,5, а капіталізацыя — з $2,5 млрд да $638,9 млн.

Пры гэтым усе тры кампаніі заявілі, што будуць выконваць новыя патрабаванні і падтрымліваюць рашэнне ўлад.

Падрыхтаваў Уладзімір МАТУСЕВІЧ.