Класы для будучых следчых

- 11:46Навіны рэгіёнаў

У некалькіх гомельскіх школах плануецца адкрыць спецыялізаваныя класы, дзе вучні на працягу двух гадоў змогуць вывучаць прадметы, якія здаюцца пры паступленнi на юрыдычныя факультэты вышэйшых навучальных устаноў краіны.

Рыхтаваць сабе годную змену такім чынам вырашылі супрацоўнікі ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці. Напрыканцы мінулага года яны сустрэліся з бацькамі васьмікласнікаў у сценах гомельскай школы № 44 імя М.А.Лебедзева, выказалі ім сваю прапанову, правялі прафарыентацыйную работу па прыцягненні будучых выпускнікоў на службу ў падраздзяленні Следчага камітэта Гомельскай вобласці, а таксама расказалі аб асноўных аспектах падрыхтоўкі кандыдатаў на следча-экспертным факультэце Акадэміі МУС. Прадэманстравалі дарослым і практычны бок службы ў следчых органах на прыкладзе магчымасцей перасовачнай крыміналістычнай лабараторыі, якая размясцілася на школьным двары.

А ў час зімовых канікул самі дзеці мелі магчымасць падрабязна даведацца пра работу следчых. Для іх на базе Гомельскага гарадскога аддзела Следчага камітэта прайшоў дзень адкрытых дзвярэй. Для навучэнцаў афіцэры правялі пазнавальную экскурсію, расказвалі пра сутнасць следчай работы, прадэманстравалі сучасную крыміналістычную лабараторыю. Зацікаўленасць хлопцаў і дзяўчат прафесіяй следчага была відавочная: яны ўважліва слухалі супрацоўнікаў Следчага камітэта, задавалі шмат пытанняў. Самі школьнікі гавораць, што гатовы вучыцца ў спецыялізаваных класах, разумеюць іх карысць. Хтосьці з навучэнцаў ужо вызначыўся з будучай прафесіяй і стаў невыпадковым удзельнікам прафарыентацыйнага мерапрыемства, у іншых цікавасць з’явілася дзякуючы магчымасці бліжэй пазнаёміцца з дзейнасцю следчых. Такім чынам, можна з упэўненасцю назваць паспяховай ідэю адкрыцця спецыялізаваных класаў. Па-першае, гэта дапаможа падлеткам зрабіць свядомы выбар прафесійнага шляху, падрыхтавацца да паступлення ва УВА, па-другое, стане добрай выхаваўчай пляцоўкай.

Наталля ЛУТЧАНКА.