Клімавічы экскурсійныя

Клімавіцкі раён не можа пахваліцца старадаўнімі замкамі, велічнымі палацамі, унікальнымі сярэдневяковымі храмамі. Магчымасці для прыцягнення ў гэты край турыстаў куды больш сціплыя, чым у сталіцы, абласных цэнтраў або Нясвіжа. Аднак тая актыўнасць, з якой мясцовыя педагогі і навучэнцы працуюць на карысць папулярызацыі адметнасцей роднага краю, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. Нездарма пра клімавіцкіх педагогаў як пра экскурсаводаў-прафесіяналаў ведаюць у многіх куточках краіны.

Працавітыя пчолы

Край пчаляроў… Менавіта такія асацыяцыі ўзнікаюць пасля першых хвілін знаходжання ў Клімавічах. Драўляныя, металічныя фігуры пчалы, а таксама яе выявы сустракаюцца літаральна на кожным кроку: у гарадскім парку, каля аўтастанцыі, на білбордах. Залатая пчала з’яўляецца і галоўным геральдычным сімвалам краю, яшчэ з 1781 года. Як сведчаць гістарычныя дакументы, гэты герб быў прысвоены Клімавічам “…в знак изобилия мёдом”. З таго часу многае змянілася, аднак выява пчалы па-ранейшаму справядліва ўпрыгожвае герб горада. “У знак працавітасці мясцовых жыхароў, у знак іх любові да роднага краю”, — сведчыць сучаснае жыццё. Гэтыя словы ў першую чагу адносяцца да педагогаў. Пра іх працавітасць, творчасць і крэатыўнасць сведчаць шматлікія дыпломы абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. За гэтымі ўзнагародамі стаіць штодзённая карпатлівая праца. Узяць для прыкладу супрацоўнікаў Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Амаль кожны дзень (падчас канікул і па некалькі разоў на дзень) ад будынка цэнтра адпраўляюцца экскурсійныя аўтобусы, якія вязуць настаўнікаў і вучняў, прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна ў розныя куточкі Магілёўшчыны, Беларусі і, безумоўна, Клімаўшчыны. Здаецца, Клімавічы невялікія, помнікі архітэктуры, якія б зацікавілі турыстаў, тут можна пералічыць па пальцах, аднак экскурсійная дзейнасць у раёне развіта настолькі моцна, што ёй пазайздросцяць некаторыя сталічныя турфірмы. Адзін толькі факт: за год цэнтрам у сярэднім праводзіцца каля 100 экскурсій, а сукупны грашовы даход ад гэтай дзейнасці дасягае 1 млрд рублёў. Праводзяцца экскурсіі не толькі для прадстаўнікоў Клімавіцкага, але і суседніх раёнаў. Экскурсійнай дзейнасцю ўстанова займаецца з 2005 года, пасля таго як атрымала статус юрыдычнай асобы. За гэтыя гады супрацоўнікам цэнтра пад кіраўніцтвам яго дырэктара Рэгіны Яўгенаўны Аляксеенка давялося прайсці, як кажуць, праз агонь, ваду і медныя трубы. Гэта цяпер экскурсаводы кіруюцца Законам аб турызме, Правіламі аказання турыстычных паслуг. А на той час нарматыўна-прававое поле ў сферы турызму было яшчэ недасканалым, ды і турфірмы неахвотна дзяліліся сакрэтамі сваёй дзейнасці. У супрацоўніцтве з абласнымі і сталічнымі турфірмамі нярэдка здараліся і непрыемныя моманты, калі тыя за некалькі дзён да пачатку заказанага аўтобуснага тура маглі адмовіць у аказанні паслугі або прадастаўлялі транспарт, які ламаўся праз некалькі гадзін паездкі. Пасля такіх няўдалых паездак і было вырашана заняцца арганізацыяй экскурсійнай дзейнасці самастойна.— Мы супрацоўнікі ўстановы дадатковай адукацыі, і як сумясціць нашу традыцыйную педагагічную дзейнасць з камерцыйнай, у нас не было разумення. Аднак дзякуючы падтрымцы райвыканкама пачатак нашай дзейнасці быў паспяховым. Вялікую ролю адыгрывае пазіцыя начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму, які на савеце дырэктараў рэкамендуе пры арганізацыі экскурсій працаваць з нашым цэнтрам. Ён дакладна ведае алгарытм і парадак аказання такіх паслуг і разам з намі адказвае за іх якасць. Калектыў цэнтра ў 2005 годзе быў невялікі, таму акрамя сваёй асноўнай дзейнасці на экскурсіёнку працавалі ўсе: і метадысты, і педагогі дадатковай адукацыі. Спачатку мы арганізоўвалі экскурсію для школ, потым да нас падключыліся і прадпрыемствы раёна. За кансультацыяй звярталіся ў цэнтры з розных рэгіёнаў Беларусі, у першую чаргу з Жодзіна Смалявіцкага раёна. Наогул,адзін з сакрэтаў паспяховай дзейнасці Цэнтра дадатковай адукацыі — гэта супрацоўніцтва з калегамі, напрыклад, у плане пражывання. На балансе многіх цэнтраў турызму і краязнаўства, як вядома, знаходзяцца турбазы, пражыванне ў якіх больш таннае, чым у гасцініцах. Цеснае супрацоўніцтва было наладжана і з расійскімі калегамі: з Федэральным цэнтрам дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства (Масква), Цэнтрам дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій Бранска. У перспектыве — наладжванне адносін з калегамі з Санкт-Пецярбурга, — паведаміла Рэгіна Яўгенаўна.Колькасць экскурсій павялічвалася, таму ў штат цэнтра давялося ўвесці адзінку (спачатку адну, а потым і другую) спецыяліста па турызме, які б займаўся выключна экскурсійнай дзейнасцю. Паслугі пачалі больш шырока прадастаўляць не толькі школам, але і арганізацыям, прадпрыемствам раёна. Экскурсіі сталі яшчэ больш запатрабаванымі. Экскурсійнае жыццё Клімавіч пачало бурліць. Усё дзякуючы таму, што супрацоўнікі цэнтра вырашылі рызыкнуць, узялі на сябе экскурсійную адказнасць. Сакрэт паспяховай дзейнасці заключаўся і ў адказных адносінах супрацоўнікаў цэнтра да сваёй справы. Арганізацыя экскурсій не ставіцца на паток, праца не вядзецца па шаблонах. “Мы ніколі не адыходзілі ад праграмы экскурсіі, ніколі не падводзілі нашых сяброў. Бывала, што ў прадпрыемства на пэўны момант не было грошай, каб заплаціць за экскурсію. Тады мы праводзілі экскурсію за кошт нашых сродкаў, а грошы нам вярталі потым. Мы разумеем, што педагогам складана арганізоўваць вучнёўскія экскурсійныя групы ў малакамплектных школах, таму мы матывуем калег, набываем для ўстаноў адукацыі канцылярскія тавары. Наогул, каб зацікавіць людзей экскурсіямі, трэба быць псіхолагам. А вось прэзентацыі экскурсійных маршрутаў мы абавязкова праводзім з элементамі анімацыі”, — адзначыла Рэгіна Яўгенаўна.

Лясная казка

Асаблівае месца займаюць экскурсіі па Клімавіцкім раёне. Сярод іх папулярнасцю карыстаюцца “Святыні клімавіцкай зямлі”, праграмай якіх прадугледжана наведванне не толькі праваслаўных храмаў, але і крыніц. “Менавіта крыніцы асабліва прыцягваюць насельніцтва, бо вада ў іх лічыцца цудадзейнай”, — адзначыла Рэгіна Яўгенаўна. Пры распрацоўцы экскурсій, на думку дырэктара Цэнтра дадатковай адукацыі, варта вызначыцца з аўдыторыяй, на якую яны будуць разлічаны. Наведванне цудадзейных крыніц будзе цікавым старэйшаму пакаленню, а вось для навучэнцаў патрэбна нешта больш яркае, арыгінальнае. А што ў Клімавічах можа быць яркім і арыгінальным, прыцягальным у турыстычным плане? Стракаты, з арыгінальнымі разнымі драўлянымі ліштвамі будынак былога асабняка князёў Мяшчэрскіх, дзе цяпер размяшчаецца раённы краязнаўчы музей? Цагляныя будынкі гарадской забудовы канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, пафарбаваныя ў розныя колеры і падобныя на казачныя домікі? Цалкам верагодна. Аднак гэта статычныя аб’екты, а дзецям цікавы рух, дзеянне.
Гэтыя рух і дзеянне, сапраўдную казку можа падарыць наведванне сядзібы Дзеда Мароза. Прыкладна такія думкі з’явіліся ў Рэгіны Яўгенаўны напярэдадні Новага года. Зноў ехаць у Белавежскую пушчу, дзе быў практычна кожны навучэнец Клімавіцкага раёна? А чаму б не стварыць падобную сядзібу ў сваім раёне, тым больш што ў пачатку навучальнага года на баланс Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі быў перададзены комплекс будынкаў былой Гусаркаўскай базавай школы, якая знаходзіцца за 7 км ад Клімавіч сярод лесу — выдатнае месца для сядзібы Дзеда Мароза.
— За аснову афармлення мы ўзялі сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, куды часта наведваемся. Спачатку мы вырашылі добраўпарадкаваць двор, надаць яму казачны выгляд. Былы дырэктар Гусаркаўскай базавай школы, а цяпер метадыст нашага цэнтра Сцяпан Міхайлавіч Вітун зрабіў плеценую агароджу, якой былі адасоблены пэўныя ўчасткі, праклалі сцяжынкі. Паколькі сядзіба знаходзіцца сярод лесу, то павінны быць звяры, і гэтыя звяры павінны жыць у норах. У якасці бярлогі для мядзведзя Сцяпан Міхайлавіч прапанаваў выкарыстаць альтанку, папярэдне накрыўшы яе яловымі галінкамі. У будынку былой спартзалы вырашылі зрабіць скарбніцу Дзеда Мароза з куфрам. Сярод школ правялі конкурс малюнкаў і ўпрыгожылі імі сцены. Упрыгожылі і майстэрню Дзеда Мароза. Потым узнікла ідэя зрабіць чайную, якую дэкарыравалі ручнікамі і прадметамі побыту мінулых эпох. Складана было з афармленнем доміка Дзеда Мароза і Снягуркі. Калі мы знаёміліся ў інтэрнэце з іншымі сядзібамі, то бачылі, што там усё прыгожа, абабіта дрэвам, усё разное, а ў нас гэтага няма. Аднак наша сядзіба “Лясная казка” не павінна была адставаць у плане арыгінальнасці і прыгажосці. Набылі белую тканіну, потым думалі, як абабіць гэтай тканінай сцены, каб супрацоўнікі МНС не выказалі нам заўвагі і каб там была створана атмасфера ледзянога пакоя. З дапамогай сінтэпону стварылі імітацыю снежных гурбаў. Зайцу, лісе, мядзведзю, ваўку неабходна было пашыць касцюмы. У першых паказах былі задзейнічаны супрацоўнікі цэнтра. Напрыклад, намеснік дырэктара па гаспадарчай рабоце Аляксандр Мікалаевіч Волкаў выконваў ролю Дзеда Мароза, спецыяліст па турызме Алена Васільеўна Андрушкова — ролю гнома, кіраўнікі гурткоў — звяроў. Калі ліса выскачыла са сваёй “нары” і пачала ганяцца за зайцамі, а дзеці ў гэты момант кінуліся ўрассыпную, то мы зразумелі, што наша задума атрымалася, іх уразіла тое, што мы прыдумалі, — паведаміла Рэгіна Яўгенаўна.Комплекс будынкаў былой Гусаркаўскай базавай школы ў якасці сядзібы Дзеда Мароза будзе выкарыстоўвацца толькі ў дні навагодніх свят, у астатні ж перыяд года тут будзе своеасаблівы цэнтр адпачынку вандроўнікаў. Зімой у ваколіцах Гусаркі будуць арганізоўвацца лыжныя паходы, у вясенне-летні перыяд — веласіпедныя, змогуць наведвальнікі прайсціся і па экалагічнай сцяжыне.

Парад ручнікоў

Экскурсійная дзейнасць — гэта не толькі арганізацыя паездак, аўтобусныя туры, падарожжы на цягніках. Экскурсія — гэта і музейныя падарожжы, для здзяйснення якіх не патрэбны вялікія фінансавыя выдаткі. Для паспяховасці такога падарожжа патрэбна толькі вольная гадзінка з боку экскурсанта, а таксама творчасць і крэатыўнасць з боку экскурсавода. У кіраўніка музея Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ірыны Фёдараўны Навагродскай і працавітасці, і крэатыўнасці, і творчасці хопіць на некалькіх педагогаў-музейшчыкаў. — Кожны з нас заўважае, што адбываецца імклівая глабалізацыя, урбанізацыя, мяняецца вясковы лад жыцця. Калі мы не захаваем прадметы традыцыйнага ладу жыцця, то мы страцім вельмі многа каштоўнага і непаўторнага. Дэвізам свайго жыцця я ўзяла словы Уладзіміра Караткевіча: “Не пагарджаць святым сваім мінулым, а заслужыць яшчэ і вартым быць яго”, — сказала Ірына Фёдараўна.
Сваё служэнне мінуламу, сваю музейную дзейнасць настаўніца пачатковых класаў пачала на Віцебшчыне. Многаму яна навучылася ад мэтраў музейнай справы — Людмілы Канстанцінаўны Нікіцінай з Заронава Віцебскага раёна і Вітаўта Антонавіча Ермалёнка з Мёраў. Працуючы з імі, настаўніца таксама вырашыла зрабіць свой уклад у музейную справу, паслужыць на карысць захавання нашай спадчына. Пачала гэтую дзейнасць Ірына Фёдараўна на малой радзіме, на Ушаччынне, у Мосарскай сярэдняй школе. Пра паспяховасць дзейнасці мосарскага музея сведчаць шматлікія ўзнагароды, атрыманыя на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях. Па жыццёвых абставінах настаўніца апынулася на Магілёўшчыне, дзе таксама ёсць дзе разгарнуцца творчай душы педагога-музейшчыка. — Пачынаўся наш музей з 33 экспанатаў музейнага кутка, якія былі сабраны пад кіраўніцтвам былога настаўніка гісторыі ветэрана працы нашай школы Міхаіла Мікалаевіча Чарканава. З 2006 года, па адыходзе яго на заслужаны адпачынак, мы з калегамі пачалі ствараць паўнавартнасны музей. Пры непасрэднай дапамозе калектыву школы, навучэнцаў, якія проста гараць жаданнем зрабіць свой уклад у краязнаўчую дзейнасць, адміністрацыі школы, аддзела адукацыі, спорту і турызму, Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўдалося ажыццявіць гэтую задуму. Прычым стварыць, лічу, ад зін з лепшых музеяў у краіне, пра што сведчыць дыплом ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе этнаграфічных музеяў устаноў адукацыі, атрыманы намі ў 2010 годзе, — паведаміла Ірына Фёдараўна. Нездарма Лабжанская школа прадстаўляла Магілёўшчыну на І Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які прайшоў у Гродне. Каля стэнда Магілёўшчыны заўсёды было шматлюдна. І гэта нядзіўна, бо такія арыгінальныя аповеды-экскурсіі пра звычайныя, на першы погляд, рэчы, праводзяцца далёка не ў кожным музеі. “На парадзе ручнікі, выгляд важны ў іх які, // Бо нідзе нельга без іх, тканых, беленых, льняных. // Тканы ўзоры тут не так — кожны з іх хавае знак. // Хлеб, сонца, абярэг, іх не ведаць — проста грэх. // Трэба ведаць і чытаць іх, сярод іх і сімвал маці”. Або вось яшчэ: “Паглядзі сюды больш пільна. // Дзе ты бачыш тут мабільнік? // Я жартую, не іначай. Ты мабільніка не бачыш. // А гэта што? Тут “С добрым утром” гучыць вітанне шчыра, мудра. // Нібы мабільнік у руках нясе вітанне горды птах. // Да воблакаў узлятае ў неба, і падзарадка тут не трэба. // Не трэба трубка, мікрафон, ручнік усё зробіць, сімвал ён — кахання, вернасці і шчасця… // Не, з ручніком нам не прапасці”. — Гэтымі словамі мы даказалі, што ручнік на працягу стагоддзяў з’яўляўся для беларусаў своеасаблівым мабільнікам. Адпраўляючыся ў салдаты або ў доўгую вандроўку, малады чалавек, муж, бацька ці брат, узяўшы з сабой гэты ручнік, напоўнены энергетыкай дарагога чалавека, мог кожную раніцу атрымліваць з дому вышытае прывітанне. Ручнік суправаджаў людзей ад світання да змяркання, ад нараджэння да смерці. “Нарадзілася дзіцятка, рады бацька, рада матка. // Ну а бабка-павітуха сваю справу знае туга. // На ручнік яго прымае і ў пялюшку захінае. // З лёну тканая пялюшка, будзь шчаслівая дачушка! // Незвычайны ручнічок, будзь здаровенькі сынок!”. З вучнямі пачатковых класаў мы распрацавалі праект “Адкуль да нас прыйшоў ручнік”. Асобная экскурсія прысвечана ручнікам савецкай эпохі. Дарэчы, на музейных занятках мы не толькі вывучаем сімволіку ручніка, але і вышываем гэтыя ўзоры самі, — расказала Ірына Фёдараўна. Такая ж незвычайная, вершаваная экскурсія праводзіцца па раздзелах “Ад часой першабытных”, “Лобжа — старонкі гісторыі”, “Мастацтва беларускай вышыўкі”, “Лаўка ганчароў”, “Бандарскі куток”, “Рэчы з мінулага”, “Пояс у жыцці беларуса”, “Школьнымі сцежкамі”, “Вогненныя вёрсты вайны”, “Народжаны ў СССР”. Цікава расказваецца ў асобным раздзеле і пра кіраўніка паўстання 1740—1744 гадоў Васіля Вашчылу, які нарадзіўся ў Лобжы ў 1690 годзе. Гэтыя звесткі, дарэчы, зрабілі вёску старэйшай на 19 гадоў, бо раней першай узгадкай пра яе ў гістарычных дакументах быў 1709 год, калі тут вяліся баявыя дзеянні Паўночнай вайны.

Край экскурсаводаў

Менавіта такія асацыяцыі ўзнікаюць пасля некалькіх гадзін падарожжаў па ўстановах адукацыі Клімавіцкага раёна. Вершаваныя, імправізаваныя, тэатралізаваныя, з анімацыяй экскурсіі праводзяцца тут у кожнай установе адукацыі. Экскурсіі па музеях, экскурсіі па ваколіцах вёсак, экскурсіі па гарадскіх вуліцах… Нібыта пчолы, працуюць мясцовыя экскурсаводы на карысць папулярызацыі ведаў аб малой радзіме, павышэння турыстычнай прыцягальнасці раёна. “…В знак изобилия мёдом” быў прысвоены Клімавічам у 1781 годзе герб з выявай залатой пчалы. “У знак працавітасці мясцовых жыхароў, у знак іх любові да роднага краю” ўпрыгожвае ён сучасны горад.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара і з архіва Клімавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *