Клуб чакае кемлівых

- 11:02Навіны рэгіёнаў

Імя Леаніда Клімовіча добра вядома прыхільнікам папулярнай тэлевізійнай інтэлектуальнай гульні самых розных узростаў. Лаўрэат прэміі Міжнароднай асацыяцыі клубаў “Што? Дзе? Калі?” імя У.Варашылава ў намінацыі “За ўклад у развіццё руху “Што? Дзе? Калі?”, “Чалавек года” па версіі Міжнароднай асацыяцыі клубаў “Што? Дзе? Калі?”, уладальнік “Крышталёвай савы”, Леанід Валянцінавіч працягнуў інтэлектуальны рух на роднай Гомельшчыне.

У 1993 годзе Леанiд Клімовіч узначаліў клуб інтэлектуальных гульняў “Белая рысь” у Гомельскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі. У мінулым годзе гэтая суполка адзначыла 25-годдзе. Уявіце сабе, колькі юных эрудытаў вырасціў настаўнік! Дарэчы, “Белая рысь” — адзіны клуб у нашай краіне, які ўзнагароджаны прэміяй спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Зараз у ім займаецца больш за сто дзяцей і падлеткаў.

Прэстыж дадатковай адукацыі расце. Адбываецца гэта не толькі па прычыне таго, што бацькі хочуць заняць вольны час сваіх дзяцей карыснымі справамі. У большай ступені прыходзіць разуменне, што ва ўстановах дадатковай адукацыі можна сур’ёзна развіваць свае таленты і здольнасці. Больш за тое, ужо тут для старанных і мэтанакіраваных дзяцей пачынаецца шлях у будучыню, які складаецца з маленькіх і вялікіх дасягненняў.

Зразумела, само па сабе дзіця не можа развівацца. Як бацькі дапамагаюць яму разумець і ўспрымаць жыццё, як школьныя настаўнікі даюць веды, так і педагог-дадатковец, заўважыўшы талент, беражліва нясе яго да магчымых вяршынь. Каб на выхадзе мець вынікі, яму па-сапраўднаму патрэбна ўкладаць душу ў сваю справу, у кожнага выхаванца. Так, як робіць гэта педагог вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Л.В.Клімовіч. Сёння клуб “Белая рысь” уключае мноства інтэлектуальных гульняў, якія патрабуюць кемлівасці, рэакцыі, асабістай эрудыцыі і ўмення працаваць у камандзе. Сярод іх “Што? Дзе? Калі?”, “Брэйн-рынг”, “Свая гульня”, “Тройка”, унікальная тэлевіктарына “Эрудыт-пяцёрка”, юнацкі чэмпіянат Еўропы па інтэлектуальных гульнях і інш.

Нехта будзе дзівіцца: як гэта ў яго атрымліваецца? Насамрэч, усё проста: Леанід Валянцінавіч — настаўнік па прызванні і настаўнік па прафесіі. Ён выпускнік гісторыка-філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, а яго педагагічная кар’ера пачалася ў роднай гомельскай школе № 1 у далёкім 1984 годзе. Імя Леаніда Клімовіча занесена ў кнігу рэкордаў устаноў адукацыі Гомельскага аблвыканкама “Абласны педагагічны алімп”, а сёлета настаўнік атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду — медаль “За працоўныя заслугі”. Аднак ёсць яшчэ адзін сакрэт поспеху — клубам кіруе сямейная педагагічная дынастыя: у гэтай высакароднай справе вядомаму знаўцу дапамагаюць жонка Тамара і дачка Вольга, абедзве таксама педагогі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі.

Выхаванцы Клімовічаў — гэта цудоўныя хлопцы і дзяўчаты, якія з лёгкасцю могуць размаўляць на самыя розныя тэмы. “Белая рысь” не толькі ўзбагачае іх веды, але і выхоўвае, вучыць быць разважлівымі. А сутнасць клуба — у трох запаведзях, з якіх і пачынаецца знаёмства дзяцей з яго дзейнасцю. Першая з іх гаворыць: “Нам не патрэбны разумныя. Нам патрэбны кемлівыя”. Другая: “Ніхто сілай у клуб не цягне. Ніхто сілай з клуба не гоніць. Ніхто сілай у клубе не трымае”. І, нарэшце, трэцяя запаведзь вучыць так: “Умей маўчаць, слухаць, гаварыць”.

Наталля ЛУТЧАНКА.