Працяглы летні водпуск дазваляе педагогам адпачыць ад працоўнага рытму і атрымаць асалоду ад любімых захапленняў. Алеся Зыблюк, настаўніца гісторыі ўздзенскай сярэдняй школы № 2 імя К.К.Крапівы, летам кожную вольную хвіліну праводзіць з вудай. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Зрэшты, рыбачыць Алеся Цімер’янаўна не толькі летам. З вясны да позняй восені яна любіць патрашчаць катушкай на фідары, падсякаючы буйную рыбіну, а зімой выпрабоўвае ўдачу каля палонкі.
— Я вырасла ля возера, што ў Возеры. У гэтую вёску (цяпер аграгарадок) мая сям’я пераехала з Казахстана, калі мне было 2 гады. З дзяцінства вудзіла рыбу на мясцовым возеры са старэйшым братам. Часта бралі мяне з сабой і бацькі — таксама заўзятыя рыбакі. Сёння мой брат часцей рыбачыць з дачкой, а я вось ужо чвэрць стагоддзя — са сваёй сям’ёй: муж таксама аматар рыбалкі, да нашага агульнага захаплення далучыліся і сыны. Старэйшы Уладзіслаў служыць у арміі, сумуе па возеры, а 11-гадовы Лёва не прапускае ніводнага выпадку пасядзець з вудай разам з намі. І кожны раз нас усіх вабіць Возера. Вось і гэты адпачынак я праводжу тут, у бацькоў і на возеры, — расказвае Алеся Зыблюк.
Па Беларусі з вудай
Настаўніца, даследуючы з сям’ёй вадаёмы ў розных рэгіёнах краіны, аб’ехала ўздоўж і ўпоперак усю Беларусь. Згодна з відавым складам рыб у іх яна і склала свае любімыя маршруты.

— На карпа ездзім звычайна ў Брэсцкі раён, на возера Вольнае. Часта бываем і на Прыпяці. Тут добра ловяцца лешч, падлешчык, судак. У нашым возеры, што ў Возеры, таксама шмат рыбы — і карась, і шчупак, і падлешчык, і плотка, і акунь, і краснапёркі, і інш.
Мы едзем звычайна на дні тры, максімум чатыры, бо даўжэй рыбу не захаваеш. Хоць і бяром з сабой аўтахаладзільнікі, але месца ў іх абмежаванае. Але і ўлоў для мяне — не галоўнае. Я атрымліваю задавальненне ад прыроды: прыгожых краявідаў, птушыных спеваў, стракатання конікаў… Гэта асалода — сустракаць усход і заход сонца, купацца, гатаваць на вогнішчы… Калі побач ёсць лес, абавязкова абходзім усе яго сцежкі. Ягады не надта любім збіраць, а вось грыбы — з ахвотай. Калі ж пара не грыбная, стараемся хаця б проста наталіцца лясным паветрам. Няма нічога больш каштоўнага і прыемнага, чым час, праведзены разам з сям’ёй. Мы гэта вельмі цэнім. І наогул, мы ўсё прывыклі рабіць разам.
Напрыклад, разам вывучаем архітэктурныя славутасці нашай краіны. Накіроўваючыся на Прыпяць, мы часта заязджаем у Тураў. Акрамя таго, вывучаем беларускія палацы, бываем на экскурсіях. Брэст, Мір, Нясвіж, Ліда і інш. — толькі частка нашых любімых маршрутаў. Здзіўляе, што мы столькі славутасцей аб’ехалі, а ўсё роўна кожны раз адкрываем для сябе нешта новае. Нядаўна, калі старэйшы сын прыязджаў на пабыўку, мы таксама адправіліся ў падарожжа па Беларусі. Такім чынам далучаемся да нашай культуры і гісторыі, — дзеліцца Алеся Цімер’янаўна.
Падчас летняга адпачынку Алеся Зыблюк з задавальненнем пераключаецца з тлумачэння гістарычных падзей на падбор самых дзейсных прынад і эксперыменты з праводкамі для шчупака ці сома.
Хочаш злавіць рыбу — думай як рыба
Гэтая фраза стала дэвізам Алесі Зыблюк. І ў гэтым кірунку мая суразмоўніца стала прафесіяналам, развянчаўшы міф пра тое, што рыбалка — мужчынская справа. Больш за тое, часта мужчыны, назіраючы, як яна бойка, адну за адной, выцягвае ладных рыбін, не знаходзяць сабе месца.
— Задавальненне ад любімай справы пачынаецца ўжо падчас падрыхтоўкі, калі загадзя купляю прыкорм, снасці. А разгараецца, калі прыходжу на бераг і прадчуваю вялікую рыбу. Гэта неверагодны азарт!
Мы ловім з берага. Звычайна на фідар. Закідваем прыкорм і нажыўку з кармушкай метраў на дваццаць у ваду. Тут шмат залежыць ад прыкорму і прынады. Для кожнага віду рыбы яны адметныя. Напрыклад, карп часцей бярэцца на бойлы, пуфкі, жывую нажыўку. Любіць ён нават запараныя ячныя крупы і кукурузу.
Зімой мы часцей ловім на мармышку. У асноўным на яе ідуць акунь, плотка, ёрш. Такую рыбу мы звычайна солім і сушым. Прыемна адчуваць цяжар, калі выцягваеш вялікую рыбу. А бывае, выцягваеш кармушку, а там дуплет — на адным кручку адразу два карасі ці якія іншыя рыбіны. Паставіўшы стаўкі на жыўца, можна і шчупакоў злавіць. Фаршыраваны шчупак ужо шмат гадоў запар наша галоўная святочная страва на навагоднім стале, — дзеліцца Алеся Зыблюк.
А вось выбраць найлепшы час для рыбалкі, адзначае мая суразмоўніца, немагчыма:
— Ніколі не прадугадаеш, калі будзе брацца рыба. Большасць людзей імкнецца выбрацца на рыбалку раніцай, але не абавязкова, што будзе ўлоў. Часам у поўдзень закінеш вуду — і поўнае вядро. Бывае, што лепш рыба ловіцца на досвітку ці нават ноччу, перад дажджом ці ў дождж. Толькі ў спякоту такая ўдача бывае рэдка (але бывае).
Калі малаваты ўлоў ці самая буйная рыба сарвалася, Алеся Цімер’янаўна не перажывае:
— Нават у вопытнага рыбака рыба можа сарвацца з кручка. Асабліва калі няправільная падсечка. Бывае, бачыш, як клюе, дзынкнуў званочак — паднімаеш фідар уверх, падкручваеш катушку, падцягваючы рыбіну да берага… А тая каля самых тваіх ног хвастом крутанула — і ныр у глыбіню, толькі пырскі ад хваста! Асабліва крыўдна, калі хвост вялізны. Але я філасофскі да гэтага стаўлюся: уцякла адна — зловіцца другая.
Трэба адзначыць, што калі ў маёй суразмоўніцы і бываюць такія выпадкі, то рэдка. Пра гэта сведчаць яе ўзнагароды на спаборніцтвах па рыбнай лоўлі.

Напрыклад, гэтай зімой яна з мужам і сынам Лёвам на раённых спаборніцтвах, якія праходзілі ў вёсцы Яршы, заваявалі 3-е каманднае месца. А 1 сакавіка з абласных спаборніцтваў, якія праводзіліся ў Дзяржынскім раёне і былі прымеркаваны да закрыцця сезона, Алеся Цімер’янаўна вярнулася з медалём і абсалютнай перамогай у заліку сярод жанчын, а сын Лёва — з новай вудай і начыннем (за перамогу ў юніёрскім заліку).
Дзіўна, але пры ўсім сваім рыбалоўным спрыце і вопыце Алеся Зыблюк амаль не есць рыбу: не любіць яе смак. Затое рыбай забяспечвае родных, сваякоў і сяброў.
— Гатаваць мне дапамагае муж, у яго гэта выдатна атрымліваецца. Разам з ім мы рыбу гатуем усімі магчымымі спосабамі: і сушым, і варым, і смажым, і тушым, і кансервы робім. Я рэдка калі ем гэтыя прысмакі, затое імі частуюцца мае сваякі.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва Алесі Зыблюк





