У нейкай іншай прафесіі настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Асіповіч Юльяна Вараўко сябе нават не ўяўляе. І гэта нядзіўна, бо любоў да настаўніцкай працы ў яе сям’і перадаецца з пакалення ў пакаленне.
—Пытанне аб тым, з якой прафесіяй звязаць свой жыццёвы шлях, у мяне нават не ўзнікала. Неяк само сабой было зразумела, што буду настаўнікам. Ды а як інакш? Перада мной пастаянна быў наглядны прыклад паспяховай педагагічнай дзейнасці. Наша настаўніцкая дынастыя пачалася з прадзеда — Сяргея Мікалаевіча Чугунова. Ветэран Вялікай Айчыннай, ён прысвяціў плённай працы ў сферы адукацыі не адно дзесяцігоддзе. Услед за ім прафесійную эстафету падхапіла мая матуля, — паведаміла Юльяна Андрэеўна.
Маючы перад вачамі выдатны прыклад для пераймання, пасля заканчэння школы Ю.А.Вараўко вырашыла не здраджваць сямейнай традыцыі. Адукацыю яна працягнула ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка.
— У якасці профілю выбрала пачатковую адукацыю. Дакладна вызначыцца з прафесійным напрамкам мне дапамаглі дні самакіравання ў гімназіі Асіповіч, дзе я вучылася. У асноўным атрымлівалася так, што ўрокі мне даводзілася праводзіць менавіта ў пачатковых класах. Гледзячы ў шчырыя вочы дзяцей, якія з цікавасцю лавілі кожнае маё слова, зразумела: гэта маё, — расказала Юльяна Андрэеўна.
Атрымаўшы настаўніцкі дыплом, яна адправілася на малую радзіму, дзе маладым спецыялістам пачала працаваць у трэцяй гарадской школе. Настаўнічае Ю.А.Вараўко вось ужо трэці год. Але і зараз дакладна памятае свой самы першы ўрок.
— Напярэдадні Дня ведаў неверагодна хвалявалася. Перажывала, ці змагу рабіць усё як трэба? Але як толькі ўвайшла ў клас і ўбачыла вучняў, зразумела: разам у нас усё атрымаецца. Так і выйшла, — падзялілася ўспамінамі Юльяна Андрэеўна.
Па яе словах, адразу далёка не ўсё давалася лёгка, не ўсё было так, як у марах. Але, дзякуючы ўсебаковай падтрымцы кіраўніцтва і калектыву школы, яе педагагічнае станаўленне прайшло без складанасцей. Тэрмін размеркавання ў Ю.А.Вараўко ўжо скончыўся, але ў яе планах — працягваць працу і заставацца ў прафесіі.
У аснове ўрокаў Юльяны Андрэеўны — тэхналогіі праблемнага, развіццёвага і гульнявога навучання, метад праектаў. Заняткі яна праводзіць з ужываннем займальных дыдактычных матэрыялаў, якія сама распрацоўвае і пастаянна ўдасканальвае. Маладая настаўніца шырока прымяняе ІКТ і мультымедыйныя прэзентацыі. У рамках дадатковай адукацыі праводзіць заняткі па курсе “Робататэхніка WeDo”, у гульнявой форме далучае дзяцей да праграмавання, фізікі, матэматыкі і робататэхнікі.
Па меркаванні Ю.А.Вараўко, сучаснаму педагогу трэба ўмець ствараць роўныя ўмовы для паспяховасці ўсіх навучэнцаў. Але неабходна памятаць пра тое, што кожнае дзіця — асоба і ў кожнага свой індывідуальны тэмп развіцця.
— Імкнуся знайсці свой ключык да сэрца і ўнутранага свету кожнага вучня, разгледзець моцныя і слабыя бакі дзіцяці, каб максімальна рэалізаваць яго патэнцыял. А яшчэ — стараюся знаходзіць паразуменне з класам, будаваць узаемаадносіны з навучэнцамі на павазе і поўным даверы, — адзначыла Ю.А.Вараўко.
Як вынік, на занятках у Юльяны Андрэеўны заўсёды пануе ажыўленая атмасфера. Дзеці адчуваюць сябе спакойна і ўпэўнена. Пры рашэнні задач, не баючыся зрабіць памылку, выказваюць свае думкі і прапановы. У сваю чаргу настаўніца адзначае нават самы маленькі поспех навучэнцаў.
Адметна, што Юльяна Андрэеўна пастаянна знаходзіцца ў творчым пошуку, знаходзіць новыя магчымасці для паляпшэння якасці навучання. Яна рэгулярна наведвае пасяджэнні раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў, праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, удзельнічае ў разнастайных навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах прафесійнага майстэрства.
— Асаблівым для мяне сталі ўдзел і перамога ў сваёй намінацыі ў абласным фестывалі “Прызванне — педагог”. Гэты конкурс надаў упэўненасць у тым, што мой прафесійны выбар быў правільны і што я сапраўды знаходжуся на сваім месцы, — расказала Ю.А.Вараўко.
…Сёння Юльяна Андрэеўна лічыць сябе шчаслівым чалавекам: штораніцы яна ідзе на любімую працу, якая прыносіць ёй радасць і задавальненне.
— Разумею, што ад мяне ў нейкай ступені залежыць, якімі мае вучні стануць у будучыні. Па гэтай прычыне імкнуся даць ім не толькі пэўны набор ведаў. Канечне, сістэма ведаў — першачарговае, але не менш важнае — выхаванне. Прывіць навучэнцам правільныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, выхаваць іх дастойнымі людзьмі — у тым ліку і ў гэтым бачу сваю мэту, — падкрэсліла настаўніца.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Ю.А.Вараўко.





